На стымуляванне прадпрымальніцкай дзейнасці
Наша консультация

На стымуляванне прадпрымальніцкай дзейнасці

кавалевич1Стварэнне дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу «Рэестр бытавых паслуг Рэспублікі Беларусь» накіравана на стымуляванне развіцця прадпрымальніцкай актыўнасці ў гэтай сферы. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір КАВАЛЕВІЧ:

– Гэта дазволіць прыцягнуць у бытавую сферу інвестыцыі. Атрымаўшы праз дзяржаўны інфармацыйны рэсурс абгрунтаваныя дадзеныя, інвестар зможа зрабіць вывад аб прывабнасці аказання бытавых паслуг у вызначанай частцы Беларусі. Рэестр будзе спрыяць фарміраванню прававых асноў сферы бытавога абслугоўвання насельніцтва і павышэнню ступені абароненасці правоў спажыўцоў.

Акрамя таго, інфармацыйная пляцоўка мае мэту зменшыць колькасць суб’ектаў і аб’ектаў, якія ажыццяўляюць нелегальную прадпрымальніцкую дзейнасць у гэтай сферы. Асноўная перавага рэестра – агульнадаступнасць у інтэрнэце. Гэта значыць, што любы спажывец бытавых паслуг можа зайсці на сайт Міністэрства гандлю і пераканацца ў легальнасці ажыццяўлення дзейнасці тым ці іншым суб’ектам гаспадарання або індывідуальным прадпрымальнікам, азнаёміцца з відамі паслуг, даведацца пра месца знаходжання аб’екта і рэжым работы. Такім чынам, адпадзе неабходнасць бегаць па горадзе ў пошуку патрэбнай паслугі. Яшчэ адным важным аспектам з’яўляецца абарона правоў спажыўцоў. У выпадку нездавальняючага аказання паслуг без праблем можна вызначыць нядобрасумленнага “гаспадара”.

Ці ўзаемазвязаны дадзены рэестр з іншымі рэспубліканскімі?

– Безумоўна. У іх ліку – Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, Дзяржаўны рэестр плацельшчыкаў (iншых абавязаных асоб), Гандлёвы рэестр. Дзякуючы таму, што інфармацыйная сістэма будзе адзінай, рэгістрацыя суб’ектаў дазволіць выяўляць тых, хто не зарэгістраваны ў якасці падаткаплацельшчыкаў. Акрамя таго, паявіцца магчымасць максімальна аператыўна ажыццяўляць рэарганізацыю суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці, перадачу аб’ектаў бытавога абслугоўвання іншым асобам. Такім чынам, усе суб’екты бытавой сферы будуць паступова прыведзены да адзіных умоў працы. Вынікам стане іх незацікаўленасць ў выкарыстанні шэрых схем уходу ад падаткаў. З увядзеннем рэестра зменіцца сітуацыі, якая склалася са статыстычнымі назіраннямі ў бытавой сферы.

Што ўяўляе сабой рэестр бытавых паслуг?

– Указ №371 “Аб стварэнні дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу “Рэестр бытавых паслуг Рэспублікі Беларусь” уступіў у сілу з 1 снежня 2014 года. Адпаведнае палажэнне зацверджана пастановай Савета Міністраў № 1108 ад 28.11.2014 г.

У рэестр бытавых паслуг ўключаюцца звесткі аб суб’ектах гаспадарання (юрыдычных асобах і індывідуальных прадпрымальніках), якія аказваюць бытавыя паслугі, відах і формах абслугоўвання; звесткі аб аб’ектах; зводныя дадзеныя аб стане бытавога абслугоўвання. Згодна з новым нарматыўным дакументам, суб’екты гаспадарання, якія аказваюць бытавыя паслугі, могуць ажыццяўляць дзейнасць без уключэння ў рэестр бытавых паслуг да 1 чэрвеня 2015 года. Пры намеры ў далейшым ажыццяўляць гэтую дзейнасць яны павінны да гэтай даты звярнуцца з заявай у райвыканкам па месцы рэгістрацыі для ўключэння ў рэестр.

Якім чынам ажыццяўляецца працэдура ўключэння ў рэестр?

– Заявы прадастаўляюцца на папяровым носьбіце асабіста, або па пошце, або ў выглядзе электронных дакументаў праз адзіны партал электронных паслуг агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы ў раённы выканаўчы камітэт па месцы рэгістрацыі юрыдычнай асобы, індывідуальнага прадпрымальніка (у выпадку аказання бытавых паслуг без аб’екта бытавога абслугоўвання) або па месцы знаходжання аб’екта (у выпадку аказання бытавых паслуг у аб’екце бытавога абслугоўвання). Узор заявы знаходзіцца на сайце Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь у раздзеле “Рэестр бытавых паслуг”. З 1 сакавіка 2015 года на партальных рашэннях агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы будуць распрацаваны вэб-інтэрфейсы для падачы заяў у электронным выглядзе.

Мясцовы выканаўчы орган на працягу 3 рабочых дзён разглядае заяву, ажыццяўляе зверку звестак, перадае іх у Міністэрства гандлю для прыняцця рашэння аб уключэнні ў рэестр бытавых паслуг. Факт рэгістрацыі ў ім пацвярджаецца пасведчаннем аб уключэнні ў рэестр бытавых паслуг, якое будзе выдавацца Міністэрствам гандлю праз райвыканкам. Форма пасведчання зацверджана пастановай Міністэрства гандлю № 38 ад 28.11. 2014, якая ўступіла ў сілу з 2 студзеня 2015 года.

І колькі гэта каштуе?

– Плата за ўключэнне звестак у рэестр бытавых паслуг, унясенне змяненняў і дапаўненняў у звесткі, выдачу пасведчання не бярэцца.

– Што параіце тым, хто плануе і надалей канцэнтраваць сваю дзейнасць на аказанні бытавых паслуг?

– Не зацягваць з падачай заявы. Для гэтага звяртайцеся ў рабочыя дні да спецыялістаў аддзела эканомікі райвыканкама на адрас: г. Лунінец, вул Чырвоная,1, каб. 218 з 08.00 да 17.00 (перапынак на абед з 13.00 да 14.00). Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 3-26-66.

Гутарыла Алена ДАНІЛОВІЧ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть