На якіх умовах можна прадаваць мёд і бульбу?
У мяне ёсць пчальнік і вялікі прысядзібны ўчастак, дзе вырошчвую розную садавіну і агародніну. Ці павінен я плаціць падаткі, калі буду рэалізоўваць лішкі на рынку? Якія дакументы могуць патрабаваць правяраючыя?
Адказвае галоўны дзяржаўны падатковы інспектар упраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Наталля Буднік:
– Дзейнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія ажыццяўляюць вядзенне асабістых падсобных гаспадарак па вытворчасці, перапрацоўцы і рэалізацыі вырабленай імі сельскагаспадарчай прадукцыі не адносіцца да прадпрымальніцкай дзейнасці. У адпаведнасці з Падатковым кодэксам вызваляецца ад падаткаабкладання рэалізацыя агародніны і садавіны (у тым ліку ў перапрацаваным выглядзе); малочных і кісламалочных прадуктаў (у тым ліку ў перапрацаваным выглядзе); прадукцыі пчалярства; іншай прадукцыі жывёлагадоўлі (акрамя пушніны), атрыманай ад дамашніх жывёл.
Даходы, атрыманыя ад рэалізацыі ад пералічанага вышэй, вызваляюцца ад падаткаў пры наяўнасці даведкі мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, якая пацвярджае, што прадукцыя выраблена фізічнай асобай на размешчаным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь зямельным участку. Да таго ж патрэбна ветэрынарна-санітарны пашпарт пчальніка, выдадзенага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, або пасведчання, аформленага на падставе гэтага пашпарта (пры рэалізацыі прадукцыі пчалярства).
Адзначу, што вызваляюцца ад падаходнага падатку даходы, атрыманыя фізічнымі асобамі ад рэалізацыі лекавых раслін, ягад, грыбоў, арэхаў і іншых дароў лесу.
Па ўзнікшых пытаннях звяртайцеся ў інспекцыю МПЗ Рэспублікі Беларусь па Лунінецкім раёне або па тэл.: 6-28-41, 6-23-30.