Наша консультация

Падатак на Тузікаў і Шарыкаў

питомцы

У сусветнай заканадаўчай практыцы падатак на дамашніх гадаванцаў не рэдкасць, схема апрабавана ў многіх краінах. Не з’яўляецца выключэннем і Беларусь, на тэрыторыі якой вось ужо на працягу некалькіх год існуе падатак за валоданне сабакамі. Чарговае рашэнне аб увядзенні яго ў дзеянне і адпаведная інструкцыя зацверджаны раённым Саветам дэпутатаў №90 ад 15.01.2016 г. Пракаменціраваць асобныя пункты папрасілі спецыяліста па рабоце з насельніцтвам КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Дзяніса НІКАЛАЕВІЧА:

– Абавязак выплаты названага падатку ўскладзены на фізічных асоб – уладальнікаў сабак, зарэгістраваных на тэрыторыі раёна. Пры гэтым, варта ад-значыць, што аб’ектам падаткаабкладання прызнаецца валоданне сабакамі ва ўзросце ад трох месяцаў і старэйшых. Калі пашчасціла быць уладальнікам некалькіх асобін сабачага племені, падатак давядзецца плаціць за кожную жывёліну. Плацельшчыкі ўносяць вызначаныя сумы адначасова з аплатай жыллёва-камунальных паслуг.

– Наколькі “цяжэй” будзе жыроўка ў тых, хто мае сабак?

– Гаспадары чатырохногіх, якія жывуць у кватэрах шматпавярховак і блакіраваных жылых дамах, абавязаны плаціць штомесячны падатак ад 0,1 да 0,5 базавай велічыні (на сённяшні дзень ад 21 да 105 тысяч рублёў) – у залежнасці ад росту і ўзроўню небяспекі чатырохногага.

– Згодна з дзеючым законам “Аб абыходжанні з жывёламі” гаспадары сабак абавязаны рэгістраваць сваіх гадаванцаў па месцы жыхарства і толькі потым плаціць падаткі. Што трэба для рэгістрацыі?

– Перш-наперш, звярнуцца ў ЖЭС з адпаведнай заявай. Зрабіць аплату ў памеры 63 тысячы рублёў, атрымаць рэгістрацыйнае пасведчанне і жэтон з вызначаным нумарам. Па жэтоне можна бу-дзе знайсці чатырохногага сябра, калі той раптоўна згубіцца. Ён жа выратуе сабаку, калі будзе весціся барацьба з бадзячымі жывёлінамі.

– Ці многія лунінчане зарэгістравалі сваіх гадаванцаў? 

– На сённяшні дзень у Лунінцы зарэгістравана 286 катоў і сабак. Для пастаноўкі гадаванцаў на ўлік адказныя грамадзяне звяртаюцца ў ЖЭС самастойна. Некаторых несвядомых гаспадароў выяўляюць спецыялісты нашай арганізацыі. Акрамя таго, тайнае становіцца яўным з дапамогай суседзяў, якім не пад сілу жыць побач з несанкцыянаваным звярынцам. На адрас выяўленых “нелегалаў” накіроўваем паведамленне аб неабходнасці зрабіць рэгістрацыю. Калі гаспадары ігнаруюць яго, прыцягваем да адміністрацыйнай адказнасці.

– Ці ўсе павінны плаціць падатак за валоданне сабакамі?

– Ад фінансавай нагрузкі вызваляюцца ўладальнікі сабакі-павадыра, ветэраны вайны, пенсіянеры па ўзросце, інваліды I і II групы. З грамадзян, якія жывуць у індывідуальных жылых дамах, плата не спаганяецца пры ўмове, што сабака не выкарыстоўваецца ў прадпрымальніцкай дзейнасці.

– Зразумела, што падатак будзе ісці ў бюджэт. Але ці могуць сабакаводы разлічваць на тое, што ў Лунінцы, урэшце, паявіцца хаця б адна выгульная пляцоўка?

– Сапраўды, у горадзе пакуль няма пляцовак, але яны павінны быць. Камунальная служба склала каштарыс і накіравала ў райвыканкам. Пры выдзяленні сродкаў, справа за абсталяваннем месца для выгулу сабак не стане.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть