Наша консультация

Права адмовіцца ад спадчыны

Як ні дзіўна, але спадчына не заўсёды прыносіць абагачэнне. Бо ў яе ўваходзяць не толькі матэрыяльныя рэчы і маёмасныя правы, але і пэўныя абавязкі. Напрыклад, вяртанне вялікай сумы, якую ўзяў у доўг спадчынадаўца, выплата крэдыту на набыццё кватэры і г.д. А ў некаторых выпадках чалавек проста не мае патрэбы ў спадчыне, якая абцяжарыла б яго лішнімі клопатамі. Аб гэтым і іншых юрыдычных аспектах расказвае натарыус Ларыса Сцепанюк:

– Прыняцце спадчыны – права, а не абавязак, таму грамадзянін можа адмовіцца ад яе. Згодна з артыкулам 1074 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, адмова дапускаецца на працягу тэрміну, устаноўленага для прыняцця спадчыны. Ён роўны шасці месяцам з дня адкрыцця спадчыны, гэта значыць, са дня смерці спадчынадаўца. Гэта датычыць і выпадкаў, калі чалавек прыняў ужо спадчыну. Каб адмовіцца, неабходна падаць заяву ў натарыяльную кантору па месцы адкрыцця спадчыны. Разам з тым, трэба памятаць, што, па-першае, гэта – беспаваротны акт, а значыць, адмова не можа ў далейшым быць зменена або адклікана назад. Па-другое – недапушчальна адмова з агаворкамі ці пад умовай, па-трэцяе – нельга адмовіцца ад часткі спадчыны.

Калі грамадзянін не звярнуўся ў натарыяльную кантору з заявай аб прыняцці спадчыны на працягу 6 месяцаў з дня смерці спадчынадаўцы і не зарэгістраваны разам з ім або ў спадчынным доме (кватэры), то гэта таксама лічыцца адмовай.

Адмовіцца ад спадчыны можна на карысць іншых асоб з ліку спадчыннікаў па завяшчанні або па законе любой чаргі. На іншых – нельга. Не павінна быць сярод спадчыннікаў тых, каго спадчынадаўца пазбавіў права атрымаць у спадчыну маёмасць, а таксама пазбаўленых па законе.

Калі спадчыннік заклікаецца да спадчыны і па завяшчанні, і па законе, то ён можа адмовіцца па адным з гэтых пунктаў. Напрыклад, сыну завешчаны аўтамабіль, але на дзень смерці спадчынадаўцы ўстаноўлена, што ў яго былі яшчэ грашовыя ўклады, якія нікому не завешчаны. Па законе спадчыннікамі з’яўляюцца сын і дачка. Сын падаў заяву на прыняцце спадчыны па завяшчанні і адмо-віўся ад права спадчыны па законе на карысць дачкі памершага. Такім чынам, сыну застанецца аўтамабіль, яго сястры – грашовыя ўклады.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть