Як стварыць аграсядзібу?
У Беларусі створаны максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця аграэкатурызму як перспектыўнага напрамку падтрымкі эканамічнага росту і развіцця рэгіёнаў. З года ў год павялічваецца колькасць аграсядзіб, становяцца больш разнастайнымі прапаноўваемыя імі паслугі, расце папулярнасць не толькі сярод беларусаў, але і ў замежных турыстаў. На Лунінеччыне на падатковым уліку знаходзіцца 9 аграсядзіб.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2006 №372 «Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь» прадастаўлена права на ажыццяўленне дзейнасці ў сферы аграэкатурызму фізічным асобам, якія пастаянна пражываюць у сельскай мясцовасці, малых гарадскіх паселішчах з колькасцю да 20 тысяч чалавек і вядуць аса-бістую падсобную гаспадарку, а таксама сельскагаспадарчым арганізацыям, па заяўляльнаму прынцыпу, без дзяржаўнай рэгістрацыі (неабходна толькі выплаціць разавы гадавы збор у памеры адной базавай велічыні, што на сённяшні дзень складае 150 тысяч рублёў).
Аднак, суб’екты аграэкатурызму могуць ажыццяўляць названую дзейнасць пры наяўнасці ў сукупнасці наступных умоў:
– жылога дома (часткі), які належыць на праве ўласнасці фізічнай асобе – суб’екту аграэкатурызму або члену яго сям’і, размешчанага ў сель-скай мясцовасці і адпавядаючага ўстаноўленым санітарным і тэхнічным патрабаванням, добраўпарадкаванага ва ўмовах дадзенага населенага пункта;
– свабодных жылых пакояў у жылым доме (не больш як дзесяць). Пры аказанні паслуг у сферы агра-экатурызму з выкарыстаннем больш за дзесяць пакояў, дзейнасць прызнаецца прадпрымальніцкай і падлягае падаткаабкладанню ў агульна-прынятым парадку;
– магчымасці ажыццяўлення суб’ектамі аграэкатурызму дзейнасці па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, заснаванай на асабістым працоўным удзеле і выкарыстанні зямельнага ўчастка, прадастаўленага для гэтых мэт у адпаведнасці з заканадаўствам;
– магчымасці азнаямлення аграэкатурыстаў з прыроднымі і архітэктурнымі аб’ектамі, нацыянальнымі культурнымі традыцыямі мясцовасці, арганізацыі пазнавальных, спартыўных і культурна-забаўляльных экскурсій і праграм;
– дадатковыя паслугі, звязаныя з прыёмам, размяшчэннем, транспартным і іншым абслугоўваннем аграэкатурыстаў.
Да пачатку ажыццяўлення дзейнасці па аказанню паслуг у сферы аграэкатурызму неабходна:
– заплаціць збор за ажыццяўленне дзейнасці па аказанню паслуг у сферы аграэкатурызму;
– пісьмова праінфармаваць адпаведны Савет дэпутатаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню аб намеры ажыццяўляць такую дзейнасць;
– падаць у падатковы орган па месцы жыхарства заяву аб пастаноўцы на ўлік з прадастаўленнем дакумента аб аплаце збору.
Варта звярнуць увагу, што акрамя аплаты названага збору, дадзены від дзейнасці цалкам вызвалены ад выплаты падаткаў, збораў і іншых абавязковых плацяжоў у бюджэт.
Наталля БУДНІК,
старшы падатковы інспектар аддзела падаткаабкладання фізічных асоб.