ПромышленностьЭкономика

“АРГАНІКА” – НОВЫ ПАРТНЁР ЗАВОДА

Дамовіўшыся аб сустрэчы з дырэктарам РУВП “Палессеэлектрамаш”, пэўны час давялося чакаць кіраўніка ў прыёмнай. Часта тут і ў калідорах адміністрацыйнага будынка даводзілася чуць ад работнікаў аб набалелых праблемах вытворчага працэсу, незадаволенасцю кіраўніцтвам. На гэты раз завадчане абмяркоўвалі сямейныя пытанні, якія датычылі рамонту кватэр, набыцці новай мэблі і правядзення вольнага часу. Мяркуючы па гэтым, можна сказаць, што, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, якія даводзіцца выпрабоўваць прадпрыемству, работнікі разумеюць сітуацыю і не спрабуюць абвінаваціць ва ўсім толькі кіраўніцтва. Аб тым, якія меры прымаюцца для таго, каб прадпрыемства не спыняла дзейнасць, расказвае дырэктар Сяргей КАРПАЎ:

– Як вядома, на заводзе ёсць не толькі не задзейнічаныя памяшканні, але нават і карпусы, будаўніцтва якіх спынілася з развалам Савецкага Саюза. Каб яны не праствойвалі, шукаем партнёраў, якія змаглі б іх задзейнічаць. Аднім з іх стала замежнае прадпрыемства “Арганіка”. На плошчы былога цэха гальванікі тут мяркуюць размясціць абсталяванне для вырабу паралону для мэблі. Большая частка прадукцыі будзе пастаўляцца для ААТ “Пінскдрэў”. Дагавор арэнды падпісаны на 10 год. Такое ўзаемавыгаднае партнёрства выгадна абодвум бакам. “Палессеэлектрамаш” атрымае дадатковыя сродкі ад арэнды, каля 30 чалавек набудуць новыя працоўныя месцы. “Арганіка” зменшыць транспартныя расходы: раней паралон у Пінск завозіўся з Масквы і Польшчы. Новы цэх плануе пачаць сваю дзейнасць з 1 чэрвеня. Ёсць перспектывы і на далейшае супрацоўніцтва.

– Паралон, наколькі вядома матэрыял сінтэтычны. Яго вытворчасць звязана з хімічнымі працэсамі. Не атрымаецца так, што “шкодная” вытворчасць паўплывае на экалагічнае асяроддзе?

– Фірма “Арганіка” вядома ва многіх краінах свету. Іх заводы размешчаны ў цэнтрах буйных гарадоў. Не думаю, што вытворчасць будзе наносіць ўрон асяроддзю. Тым больш, што тут будуць устаноўлены асперацыйныя сістэмы, пылугазаачышчальныя ўстаноўкі. Да таго ж, без экалагічнага сертыфіката ім ніхто працаваць не дазволіць.

– Здача ў арэнду памяшканняў – гэта невялікі, але крок наперад і перспектыва на будучае. Ці існуюць праблемы па выплаце зарплаты, разлікаў за энергаэнергію?

– Няпроста, але гэтыя пытанні вырашаем. Уласных абаротных сродкаў не хапае, таму даводзіцца карыстацца крэдытамі. Штомесяц банк дае нам пад працэнты 500 мільёнаў рублёў. Гэта невялікая сума, улічваючы, што для “выжывання” заводу неабходна як мінімум 4 мільярды.

– Завадчане скардзяцца на адсутнасць цяпла ў цэхах. У чым прычына?

– Мною было дадзена распараджэнне адключыць цяпло. На ацяпленне патрабуецца каля 100 мільёнаў рублёў у месяц. Сёння, на жаль, у прадпрыемства няма на гэта такіх сродкаў. Тым больш выйшла пастанова Міністэрства прамысловасці аб эканоміі рэсурсаў. Вось і эканомім кожную “капейку”. Згодны, што ў такіх умовах працаваць складана, але іншага выйсця няма, калі завадчане хочуць атрымліваць зарплату. Яна хаця і не надта вялікая, сярэдняя складае каля 500 тысяч рублёў.

– Некаторыя прадпрыемствы краіны з-за складанай фінансава-эканамічнай сітуацыі вымушана пераходзяць на скарочаны тыдзень. Як абстаяць справы на “Палессеэлектрамашы”?

– Ліцейная вытворчасць працуе ў кругласутачным рэжыме. Апошні тыдзень лютага работнікі, задзейнічаныя на вытворчасці рухавікоў, працавалі ў дзве змены. Што датычыць заводааўпраўленцаў, то яны працуюць па 4 дні на тыдзень. У саквіку, магчыма, графік будзе іншы.

– Нягледзячы на ўсе складанасці, настрой застаецца аптымістычны. Што дапамагае верыць у лепшае?

– Пачалі мантаж новай ліцейнай машыны. Устаноўка зойме каля месяца. Пуска-наладачныя работы будуць весці італьянцы. Гэта дазволіць павялічыць асартымент і якасць выпускаемай прадукцыі. Кажуць, “взялся за гуж, не говори, что не дюж”. Усё, што залежыць ад мяне дзеля эканамічнай стабільнасці прадпрыемства, буду старацца рабіць. За тое, што завадчане разумеюць і падтрымліваюць, вялікі дзякуй. Разам мы здолеем пераадолець усе цяжкасці.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть