Балансіроўка «на мяжы»
ЭкономикаПромышленность

Балансіроўка «на мяжы»

рмз 02

Прамысловыя прадпрыемствы маюць пастаянную патрэбу ў абнаўленні і рамонце абсталявання. Без гэтага дасягнуць высокіх эканамічных паказчыкаў і выйсці на рынак з канкурэнтаздольнай прадукцыяй практычна немагчыма. Разам з тым, далёка не ў кожнага знойдзецца дастаткова сродкаў для кардынальнай замены абсталявання. Вось чаму на першы план выходзіць задача якаснага рамонту, што дазволіць без прыцягнення значных фінансавых сродкаў абнавіць вытворчыя фонды. Такую магчымасць для прадпрыемстваў і арганізацый любой формы ўласнасці прадастаўляе КВУП “Лунінецкі РМЗ”.

Кіраўніка засталі ў цэхавым памяшканні, дзе на кожным участку вяліся работы.

– Калісьці 350 чалавек працавалі на заводзе ў тры змены, зараз засталося толькі 35. Калі ўзнікае вытворчая неабходнасць, набіраем патрэбных спецыялістаў, заключаючы працоўныя дагаворы, – расказвае дырэктар Анатоль Волк.

РМЗ перажывае няпростыя часы. Можна сказаць, завод балансіруе “на мяжы”: аб’ёмы вытворчасці скараціліся, колькасць заказаў знізілася, абсталяванне не задзейнічана на поўную магутнасць. Аднак на прадпрыемстве захавалася тэхнічная аснастка, кваліфікаваныя работнікі, што дазваляе канцэнтравацца на выпуску запатрабаванай прадукцыі, а таксама аказанні паслуг па рамонту запчастак.

– Мы распрацавалі бізнес- план, выкананне якога дазволіць выйсці на бясстратную работу, – працягвае размову Анатоль Рыгоравіч. – Спецыялісты аддзела збыту ажыццявілі шэраг мерапрыемстваў, што дазволіла па выніках першага квартала павялічыць аб’ёмы вытворчасці да 136,9 працэнта або на 217 мільёнаў больш, чым у аналагічным перыядзе 2015-га. Амаль у 2 разы знізіліся запасы гатовай прадукцыі. Прадукцыйнасць працы дасягнула 213,9 працэнта, а выручка на аднаго сярэдня-спісачнага працаўніка –  29,2 мільёна рублёў. Заробкі таксама выраслі і ў сакавіку склалі амаль 3,9 мільёна рублёў.

Па словах дырэктара, вялікую дапамогу аказвае прадпрыемству райвыканкам. Да таго ж, атрымліваюць заказы праз удзел у тэндарах. Так, у мінулым квартале для РУП “Магілёўэнерга” вырабілі барану дыскавую меліярацыйную БДМ-2,5. Зараз уключыліся ў конкурс за права вырабу чызельнага культыватара для Ляхавіцкага льнозавода.

рмз 01

Асноўнымі заказчыкамі з’яўляюцца прадпрыемствы Брэстчыны. Але надзейнымі партнёрамі застаюцца лунінецкія вытворцы. У іх ліку  – ПВУП “Вікторыя”, лясгас і, зразумела, сельгаспрадпрыемствы раёна. Зараз для філіяла “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод” вядзецца выраб культыватара чызельна-дыскавага КЧД-6.

рмз 03

– Мы зусім нядаўна сталі супрацоўнічаць з рамонтна-механічным заводам, – расказвае дырэктар КДПУП “Кубграніт” Юрый Жэлянгоўскі (на здымку справа разам з Анатолем Волкам). – Раней нашы заказы выконвалі аналагічныя прадпрыемствы Салігорска, Мінска, Гомеля. Лунінецкія рамонтнікі не адважваліся працаваць з драбільнымі ўстаноўкамі. Цяпер, спадзяюся, справы наладзяцца і будзем часцей звяртацца на РМЗ.

Выдатным сродкам заявіць пра сябе, а таксама прарэкламаваць прадукцыю і паслугі з’яўляюцца выставы. У канцы красавіка прадстаўнікі завода бралі ўдзел у першым міжнародным форуме “Брэст-2016”. Прыемна, што прадукцыя невялікага лунінецкага прадпрыемства была заўважана. Польскі бок выказаў зацікаўленасць у супрацоўніцтве і зараз разглядае магчымыя варыянты ўзаемавыгаднага партнёрства.

Анатоль Волк разумее, што спыняцца зараз нельга, трэба пашыраць рынкі збыту, шукаць новых заказчыкаў. Толькі ў гэтым выпадку можна будзе разлічваць на стабільную работу і правядзенне мадэрнізацыі прадпрыемства.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть