Дынаміка — станоўчая
ЭкономикаПромышленность

Дынаміка — станоўчая

кавалевичКалі за 9 месяцаў мінулага года прамысловыя прадпрыемствы Лунінеччыны спрацавалі са стратамі (мінус 1,1 мільёна рублёў), то сёлета за такі ж перыяд чысты прыбытак склаў 12,8 мільёна. Аб тым, што стаіць за гэтай лічбай, а таксама аб выкананні іншых прагнозных паказчыкаў расказвае намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір КАВАЛЕВІЧ:

Па выніках работы за тры кварталы індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці перавысіў узровень мінулага года і склаў 114 працэнтаў пры прагнозе 100,3. На ўзроўні вобласці лепшы паказчык толькі ў Кобрынскім раёне. Прамыслоўцамі Лунінеччыны за 9 месяцаў выраблена прадукцыі з улікам давальніцкай сыравіны на суму 209,4 мільёна рублёў, што складае 130,5 працэнта ў дзеючых цэнах да мінулагодняга ўзроўню. Аб’ём прамысловай прадукцыі горназдабываючай галіны павялічыўся да 116,8 працэнта, перапрацоўшчыкі спыніліся на адзнацы ў 109,8 працэнта. Зніжэнне адзначана на ААТ “Лунінецлес” (31,7 працэнта). Рашэннем Эканамічнага суда Брэсцкай вобласці зацверджаны план санацыі гэтага прадпрыемства, разлічанай да верасня 2017 года. На працягу двух апошніх кварталаў на “Лунінецлесе” актывізавалі выраб палетнай дошкі, шпал і шклопакетаў. Таксама заключаны дагаворы з ЗАТ “Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў” і ДЛГУ “Ганцавіцкі лясгас” на нарыхтоўку лесу, ПТУП “НаварычЛес” – на пастаўку драўлянай тары, ТАА “Герн Экспарт” – лесапільнай і дрэваапрацоўчай прадукцыі, з польскай фірмай – зрошчанага бруса.

Таксама ёсць складанасці на ААТ “Спецжалезабетон” пры тым, што аб’ём вытворчасці склаў 15,4 мільёна рублёў або 104,2 працэнта да аналагічнага леташняга перыяду. Асноўнай праблемай, якая ўплывае на вытворча-фінансавую дзейнасць, з’яўляецца зрыў графікаў пастаўкі цэменту. Не лепшым чынам на сітуацыі адбіваюцца неплацяжы спажыўцоў за адгружаную прадукцыю, рэзкае зніжэнне попыту на жалезабетонныя трубы. Дэбіторская запазычанасць на 1 верасня тут складала 2,9 мільёна рублёў пры сярэднямесячным абароце прадукцыі менш як 1,7 мільёна.

Стабільнасцю ў рабоце вызначаецца РУВП “Граніт”, дзе аб’ёмы вытворчасці дасягнулі 121,8 мільёна рублёў. Гэта на 30,6 працэнта больш, чым за аналагічны перыяд летась. Аднак, магутнае прадпрыемства ўжо не першы год сутыкаецца з такімі праблемамі, як нестабільнасць попыту на рынку, усувязі са змяншэннем аб’ёмаў інвестыцый у будаўнічую галіну, істотная запазычанасць з боку пакупнікоў, неабходнасць пастаяннага прыцягнення крэдытных рэсурсаў для папаўнення абаротных актываў.

– Ці можна сёння сцвярджаць, што фінансавыя вынікі, як асноўныя паказчыкі, характарызуючыя эфектыўнасць дзейнасці прадпрыемстваў прамысловага комплексу, маюць станоўчую дынаміку?

– Мяркуйце самі. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі вырасла на 21,1 працэнта і склала 197 мільёнаў 500 тысяч рублёў, пры гэтым прыбытак ад яе павялічыўся ў 2,6 раза, што ў грашовым эквіваленце – 31,7 мільёна. Рэнтабельнасць продажу стала больш на 8,7 працэнтнага пункта і ўзрасла да 16,1 працэнта. Разам з тым, застаюцца ў раёне арганізацыі, якія працуюць стратна. Гэта ААТ “Палессеэлектрамаш”, “Лунінецлес” і КУП “Лунінецкі РМЗ”.

– Сумна, што прадпрыемствы, якія калісьці з’яўляліся гонарам Лунінца, аказаліся ў такой незайздроснай сітуацыі…

– На іх спынілася абнаўленне актыўнай часткі асноўных фондаў. Патокі фінансавых рэсурсаў адрываюцца ад рэальнай вытворчасці, а інвестары з-за доўгага цыклу вяртання капіталу і эканамічнай нестабільнасці не зацікаўлены ў высокарызыковым інвеставанні. На фоне старэння абсталявання скарачаюцца вытворчы і тэхналагічны патэнцыялы, наяўныя магутнасці. Так, на тым жа “Палессеэлектрамашы” магутнасці пакуль дазваляюць выходзіць на запланаваныя аб’ёмы прадукцыі, але патрабуецца тэхнічнае перааснашчэнне. Пытанні забеспячэння якасці і зніжэння затрат з’яўляюцца надзвычай актуальнымі. На прадпрыемстве не толькі не хапае абаротных сродкаў, але і кваліфікаваных рабочых. Ды і вялікая канкурэнцыя на беларускім і замежным рынках рэзка зніжае продаж электрарухавікоў ва Украіну і Расію. На ААТ “Лунінецлес” вытворчыя магутнасці таксама ёсць, але з-за адсутнасці грошай узнікаюць складанасці з набыццём паліва, сыравіны, камплектуючых матэрыялаў, аплатай за спажытую электраэнергію…

– Разам з тым, асобныя прадпрыемствы раёна знаходзяць магчымасць інвеставаць праекты, якія прадугледжваюць мадэрнізацыю і пашырэнне вытворчасці. Можна даведацца падрабязней?

– На РУВП “Граніт” працягваюцца будаўніцтва Сітніцкага горнаабагачальнага камбіната і мадэрнізацыя дзеючай вытворчасці. На гэта мяркуецца сёлета выдзеліць больш за 10 мільёнаў рублёў. На хлебазаводзе ўстаноўлена тэхналагічная лінія па вытворчасці кандытарскіх вырабаў, што дазваляе пастаўляць у гандаль торты, пірожныя, казінакі, ірыс, зефір. Летась на РВУП “Уніформ” з выкарыстаннем комплексу аўтаматызаванай падрыхтоўкі вытворчасці швейнага адзення выраблена партыя спецвопраткі. Сёлета гэты праект, які з’яўляецца імпартазамяшчальным і экспартаарыентаваным, стаў акупацца, зніжана працаёмістасць праектавання адзення ў 3-5 разоў, больш эканомна расходуецца тканіна. На ААТ “Спецжалезабетон” на інвестыцыйныя мэты накіраваны 1 мільён 200 тысяч рублёў. Сродкі зрасходаваны на ўстаноўку абсталявання для ўпакоўкі гатовых вырабаў на тэхналагічнай лініі SV-40 па вытворчасці элементаў добраўпарадкавання. У трэцім квартале яно ўведзена ў эксплуатацыю. На ААТ “Лунінецкі малочны завод” з 1 кастрычніка выйшла на праектную магутнасць мадэрнізаваная кацельня. Праект каштаваў 890 тысяч рублёў.

– Якія яшчэ станоўчыя моманты можна адзначыць у эканамічнай дзейнасці?

– Экспарт тавараў склаў амаль 50 мільёнаў долараў ЗША або 148 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Сальда станоўчае – крыху больш за 40 мільёнаў долараў ЗША. Асноўным экспарцёрам застаецца Расія. У сферы малога бізнесу за 9 месяцаў створаны 6 новых мікра- і малых арганізацый, 124 новыя працоўныя месцы пры заданні 110.

Гутарыла Алена ДАНІЛОВІЧ.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть