ЭкономикаПромышленность

Лепшая рэклама

lnc-001

ААТ “Спецжалезабетон” з’яўляецца адным з прыкладаў правільнай стратэгіі кіраўніцтва і ўмення з дапамогай комплекснага падыходу забяспечыць эканамічную стабільнасць прадпрыемства. Вядома, сённяшнія складанасці будаўнічага рынку адбіліся і на яго вытворчасці, але дзейсная структура магутнасцяў, сістэма збыту і інвестыцыйная дзейнасць дапамагаюць заставацца на ўстойлівай траекторыі развіцця.

«Спецжалезабетон» спецыялізуецца на выпуску шырокай наменклатуры труб (дарожных, напорных і безнапорных, для мікратунэлявання, з ахоўнай унутранай абалонкай для транспарціроўкі агрэсіўных вадкасцей), чыгуначных шпал і элементаў добраўпарадкавання: тратуарнай пліткі, бардзюрнага каменю і дэкаратыўных агародж.

– На сённяшні момант шпала амаль цалкам страціла попыт, і па збыту труб назіраецца зніжэнне, – расказвае кіраўнік прадпрыемства Васіль Басевіч. – Разам з тым, плітку даводзіцца вырабляць у тры змены, каб паспець выканаць усе заяўкі.

У цэлым, аб’ёмы выпускаемай прадукцыі, якой за 10 месяцаў выраблена на 20 мільёнаў 655 тысяч рублёў, падаюць. У асноўным з-за фінансавых праблем на будаўнічым рынку, у тым ліку расійскім. Калі экспартныя пастаўкі ад агульнай колькасці аб’ёмаў за 10 месяцаў складалі 50 працэнтаў, то ў лістападзе яны знізіліся ўдвая.

Між тым, асноўныя эканамічныя паказчыкі на прадпрыемстве выконваюцца. Васіль Паўлавіч перакананы, што па выніках года яны таксама будуць на ўзроўні, у тым ліку па экспарце. Прадпрыемства працуе прыбыткова і рэнтабельна.

– Але ўзровень затрат на вытворчасць прадукцыі ў фактычных цэнах неабходна зніжаць, – разважае кіраўнік. – Сёння яны складаюць 0,8 працэнта, а трэба выйсці на мінус 0,3. Аднак на тэхналогіях эканоміць нельга. Таму пры рэалізацыі інвестыцыйных праектаў набываем толькі самыя сучасныя вытворчыя лініі. Сёлета такіх купілі 2 – па ўпакоўцы гатовых вырабаў элементаў добраўпарадкавання і па маркіроўцы. У агульным аб’ёме на мадэрнізацыю выдаткавалі 1,1 мільёна рублёў.

Дзякуючы сучаснаму абсталяванню, ААТ “Спецжалезабетон” прапануе пакупнікам прадукцыю высокай якасці па прымальнай цане.

– Асноўныя нашы заказчыкі – кампаніі і арганізацыі, якія рэалізуюць буйныя праекты, дзе патрабуюцца вялікія аб’ёмы прадукцыі, – кажа Васіль Паўлавіч. – І хаця ў Беларусі ёсць і іншыя прадпрыемствы, якія спецыялізуюцца на аналагічнай прадукцыі, перад канкурэнтамі ў нас ёсць перавага – значныя магутнасці. Акрамя таго, забяспечваем пастаўку ў кароткія тэрміны. Такую аператыўнасць могуць прапанаваць не многія. А “кучнасць” пастаўкі зніжае транспартныя выдаткі і дазваляе працаваць пад заказчыка, а не на склад. Зрэшты, складзіраваць жалезабетонныя вырабы – занадта дарагое задавальненне. Да таго ж, працаваць на склад – значыць, замарожваць абаротныя сродкі прадпрыемства, што павышае выдаткі і пагаршае фінансавы вынік.

Гаворачы аб перспектывах, Васіль Паўлавіч спадзяецца на ўдзел у будаўнічых праектах, да якіх плануюць прыступіць у наступным годзе ў Слуцку, Магілёве, Брэсце, а таксама на канструкцыйнае супрацоўніцтва з расійскімі партнёрамі. А яшчэ, па яго словах, якасць прадукцыі – лепшая для яе рэклама. На добрую прадукцыю па прымальнай цане заўсёды будзе попыт на рынку. І дзейнасць ААТ “Спецжалезабетон” пацвярджае гэта.

lnc-002
З першых дзён заснавання на ААТ “Спецжалезабетон” працуе машыніст маставога крана Антон КАНАНОВІЧ. Ён па-сапраўднаму любіць сваю справу, таму ніколі не скардзіцца на цяжкасці, ва ўсім бачыць пазітыў і сваёй станоўчай энергетыкай дзеліцца з тымі, хто побач.
lnc-003
Бездакорна выконвае сваю работу брыгада стропальшчыкаў. Так лічыць выконваючы абавязкі майстра ўчастка Ігар ПАРУБОЧЫ (на здымку трэці злева). У яе склад уваходзяць Мікалай ФУРСЕВІЧ (брыгадзір), Андрэй СУРЫН, Артур ВАКУЛЬЧЫК, Іван БАГАН і Васіль ФУРСЕВІЧ.
Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть