З панядзелка пачаўся адлік гісторыі прадпрыемства “Мілава плюс”
ЭкономикаПромышленность

З панядзелка пачаўся адлік гісторыі прадпрыемства “Мілава плюс”

Прыватнае вытворчае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Мілава плюс” спецыялізуецца на аказанні паслуг па пашыву вырабаў.

Яго дырэктар Мікалай Бабіч – вопытны прадпрымальнік з 10-гадовым стажам. З часу, калі ўпершыню ўзнікла ідэя адкрыць новую вытворчасць, да ажыццяўлення мары прайшло ўсяго тры месяца. Арандаваў памяшканні на ААТ “Палессе-электрамаш”, за што Мікалай Аляксеевіч вельмі ўдзячны кіраўніцтву завода. Адначасова з падрыхтоўкай вытворчых плошчаў пачаўся пошук працаўнікоў. Жадаючых працаўладкавацца аказалася нямала. Сёння ў штаце 33 чалавекі, 25 з іх – швачкі. Перш, чым прыступіць да работы, а спецыялізуецца “Мілава плюс” на пашыве жаночай бялізны, усе яны прайшлі тыднёвае перанавучанне.

Машынкі ў швейным цаху стракочуць амаль бесперапынна. Швачкі ў лічаныя секунды складаюць дэталі, прастрочваюць швы, перагортваюць, загінаюць… Для працаўніц важныя цярпенне, уседлівасць і ўважлівасць. Работа тут, вядома, сур’ёзная, адказная, скрупулёзная.

Дзяўчаты прызнаюцца: цікава і захапляльна, хаця і няпроста.

– Стаж па спецыяльнасці ў мяне ўсяго два гады, але работа падабаецца, – расказвае Яўгенія Рамановіч. – Мне пашанцавала трапіць сюды. Думаю, у мяне ўсё атрымаецца, тым больш, што калектыў падабраўся добры.

– Марыла аб тым, каб уладкавацца па спецыяльнасці, і вось такі шанц падарыла “Мілава плюс”, – дзеліцца ўражаннямі Ала Ангалюк, якая з 2001 года знаходзіцца ў цесным “сяброўстве” са швейнай машынкай.

Мікалай Бабіч выказаў удзячнасць кіраўніцтву райвыканкама за падтрымку і садзеянне ў арганізацыі малога бізнесу. Ён жа паведаміў, што ў бліжэйшы час прадпрыемства плануе перайсці на дзвюхзменны графік работы. Таму набор швачак працягваецца: патрабуецца яшчэ каля 30 чалавек. Жадаючыя працаўладкавацца змогуць прайсці навучанне на месцы. Аплачваецца выпрабавальны тэрмін – два месяцы. Заработная плата – здзельная, да таго ж, прадугледжаны прэміяльныя бонусы.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть