ЭкономикаПромышленность

На воднай гладзі

img_1642Сёлетняя пуціна для філіяла “Доследны рыбгас “Лахва” ААТ “Пінскводбуд” аказалася не вельмі ўдалай. Пры заданні 220 тон працаўнікі вылавілі 155,3 тоны рыбы.

Калі браць па асобных сажалках, то падвёў участак Моршчынавічы. З-за летняй засухі ў вадаёме назіраўся пастаянны недахоп вады. Таму пачалі аблоў крыху раней, чым планавалася. У той жа час  удала ладзіліся справы ў  “Дубраве”. Размешчаны ў Столінскім раёне ўчастак спецыялізуецца на вырошчванні рыбапасадачнага матэрыялу. Яго планавалі атрымаць 60 тон,  выгадавалі 85,5. Гэта дазволіць на наступны год не толькі запоўніць мальком свае сажалкі, але і значную частку рэалізаваць для зарыблення іншых вадаёмаў рэспублікі.

Як расказаў дырэктар прад-прыемства Барыс Грыневіч, у цэлым аблоў завяршылі 9 лістапада, і па стану на 21-ае чысло рэалізавалі амаль 97 тон карпа, белага амура, таўсталобіка і карася. Рынкі збыту на працягу апошніх год застаюцца нязменнымі: тры гандлёвыя кропкі ў Мінску, Лунінцы, Століне і населеных пунктах абодвух раёнаў.

Нерэалізаваная рыба чакае свайго часу ў зімавальных сажалках і патрабуе пастаяннага клопату. Па некалькі разоў на дзень работнікі рыбгаса абыходзяць кожны вадаём, сочаць за цыркуляцыяй вады і, калі трэба, прачышчаюць ад ілу рашоткі, якія злучаюць паміж сабой асобныя вадаёмы.

С завяршэннем пуціны работы ў рыбаводаў не меншае. Неабходна рыхтаваць апусцелыя сажалкі да наступнага сезона –  абкасіць берагі, правапнаваць, унесці арганічныя і мінеральныя ўгнаенні. Час ад часу тут праводзяцца рамонты. Сёлета не зарыблялі вадаём “Горны”, дзе ўжо завяршылі неабходныя работы, і ў наступным сезоне ўвядуць у эксплуатацыю 36 гектараў воднай гладзі. У той жа час пачнецца рэканструкцыя “Чайкі” плошчай 27 гектараў.

Штогод у рыбгасе практыкуецца платная рыбалка. Для аматараў пасядзець на беразе з вудаю ў летні час выдзелены асобны вадаём. Білет коштам 15 рублёў дае права на вылаў 3 кілаграмаў рыбы. Калі ж пашчасціць злавіць больш, давядзецца даплачваць. Сёлета мяркуюць арганізаваць зімовую рыбалку.

Усяго ў “Лахве” працуюць 63 чалавекі. У параўнанні з леташнім калектыў павялічыўся на 8 работнікаў. Абумоўлена гэта ўводам у строй цэха па перапрацоўцы рыбы, які пачалі эксплуатаваць у верасні. Праўда, займаюцца ў ім  пакуль толькі вэнджаннем. У перспектыве будзе  наладжаны выпуск філейкі і набораў для юшкі.

Наведванне тэрыторыі рыбгаса пачалі з садкоў жывой рыбы. Ім аказаўся звычайны роў пад адкрытым небам, перагароджаны ўпоперак вялізнымі сеткамі, у якіх падзеленымі па сартах плаваюць  карпы і таўсталобікі. Рыбавод участка Моршчынавічы Анатоль КАЎТАНЮК з задавальненнем паказаў выгадаваных на продаж таўстало-бікаў.

– Адсюль рыба паступае на сартавальную базу, – кажа майстар сартавальнага ўчастка і зімавальных сажалак Вольга ДЗЕМІДОВІЧ. –  Там загружаем яе ў спецыяльныя аўтамабілі, якія дастаўляюць жывы тавар да пакупніка. У кожным садку зараз можа ўтрымлівацца да 5 тон рыбы. Завозіцца яна ў памяшканне аўтамабілямі, тут вылаўліваецца ўручную ў кантэйнеры, якія аўтаматычна грузяцца на машыны.

Сёлета Вольга Генадзьеўна адзначае свой першы юбілей работы ў рыбгасе:

– Думала, прыйшла часова, але затрымалася. Дзесяцігоддзе праляцела імгненна. Сартавальны ўчастак пабудавалі чатыры гады таму. Але значна аблегчыць работу ўсё ж не ўдалося. Працаваць даводзіцца ў сырасці і холадзе. Сцены будынка засцерагаюць ад ветру, і то добра. Галоўнае – апранацца пацяплей.

У гэтым падтрымаў яе рыбавод участка “Цэнтральны” Павел КАСЦЮКОЎ:

– Я тут працую больш як 20 год. Таксама прывык, хаця работа ў нас цяжкая: летам пад спякотным сонцам, восенню пад пранізлівым ветрам, зімой – у сцюжу. Паўсюдна вада і гразь. Спец-адзеннем нас забяспечваюць, але хацелася б атрымаць новыя прагумаваныя касцюмы. Пастаянна выпрабоўваць на сабе пырскі вады, якая ўсмоктваецца ў ватнікі, непрыемна. У цэлым жа ў нас добры калектыў, працуем зла-джана і стараемся атрымліваць добры вынік.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть