ПромышленностьЭкономика

“НІ ДНЯ БЕЗ ПРЫГАЖОСЦІ!”

Узяўшы гэтыя словы за дэвіз, работнікі Лунінецкага КБА імкнуцца ўнесці “ізюмінку” ў паўсядзённыя клопаты жыхароў раёна. І гэта ў іх атрымліваецца з поспехам, аб чым сведчыць перамога ў раённым спаборніцтве ў галінах вытворчасці і сацыяльнай сферы, а таксама лідзіруючая пазіцыя сярод прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання на Брэстчыне. Аб тым, што дапамагае прадпрыемству захаваць стабільную работу ў няпростых умовах эканамічнага крызісу, расказвае дырэктар Валянціна Іосіфаўна ШУЛЯК:
– За мінулы год аказалі бытавых паслуг на суму 714,8 мільёна рублёў, у тым ліку 22 комплексна-прыёмныя пункты сельскаму насельніцтву – на 446 мільёнаў. Тэмпы росту склалі 120,2 працэнта. Сказаць, што гэтыя лічбы даліся лёгка, будзе няверным. Для дасягнення паказчыкаў давялося развіваць новыя віды паслуг. Зусім нядаўна пачаў функцыянаваць участак па выпуску жалезабетонных вырабаў, але ўжо сёння можам сказаць, што гэта было правільным рашэннем: агароджы карыстаюцца попытам у вяскоўцаў, асабліва ва ўзводзімых аграгарадках. Летась рэалізацыя прадукцыі склала 240 мільёнаў рублёў. Акрамя гэтага, набылі формы па вырабу тратуарнай пліткі. Пакуль яе выкарыстоўваем пры добраўпарадкаванні комплексных прыёмных пунктаў, адначасова вывучаем попыт насельніцтва. Былі складанасці з падвозам прадукцыі да спажыўцоў. Цяпер і гэтая праблема вырашана: абласное кіраўніцтва забяспечыла “ЗІЛам” з прычэпам.
Больш як 10 год у “замарожаным” стане знаходзіліся вязальныя станкі. Іх адрамантавалі і ў трыкатажным цэху наладзілі выпуск сезонных тавараў – жакетаў, рэйтузаў, світэраў і іншых. Гэтыя прадукцыя больш запатрабавана вяскоўцамі. Гараджане ж могуць пазнаёміцца з асартыментам нашай прадукцыі і айчынных вытворцаў, наведаўшы новы магазін “Сілуэт”.
Улічваючы, што жанчыны вялікую ўвагу надаюць сваёй знешнасці, адкрылі манікюрны “салон”. Хаця салонам пакуль цяжка назваць паслугі па нарошчванню і мадэліраванню ногцей, карэкцыі бровей і фарбаванні расніц. Але верым, што прафесіяналізм Таццяны Заіка дазволіць у хуткім часе, зрабіць наш КБА больш папулярным.
Усё часцей наведваюцца лунінчане ў пральню. Гараджанам прадастаўляецца выбар скарыстацца нашымі паслугамі, ці самастойнае мыццё бялізны на нашым абсталяванні. Дзякуючы сушыльнаму барабану значна скарачаецца час на сушку. Прапануем аква-чыстку далікатных вырабаў і верхняга адзення.
Значна ўзрасла доля паслуг па вытворчасці і рэалізацыі швейных вырабаў, якая складае 30 працэнтаў у агульным аб’ёме. Сем высокакваліфікаваных спецыялістаў хутка і якасна выконваюць работы любой складанасці. У іх ліку закройшчыца Ганна Балук, якая з’яўляецца мадэльерам, канструктарам і тэхнолагам у адной асобе, партныя Надзея Кузьміч, Святлана Хаміцэвіч, Зінаіда Бандацкая. 180 ліцэістаў 1 верасня апранулі школьныя формы, вырабленыя майстрыхамі прадпрыемства. Супрацоўніцтва з тэатрам моды “Ілюзія” вучэбна-вытворчага камбіната дазваляе пашыраць асартымент маладзёжных мадэляў, спрыяе развіццю новых ідэй і напрамкаў.
Ва ўсім, чаго здолелі дасягнуць, заслуга зладжанага калектыву. Многія работнікі застаюцца вернымі яму больш за 20 год. Сярод іх галоўны бухгалтар Вера Ярмушэвіч, яе намеснік Кацярына Блых, майстры вытворчасці Галіна Сухініна і Ніна Лукашава, галоўны эканаміст Таццяна Харкевіч, прыёмшчык заказаў Таццяна Яблуноўская. Усю душу і шмат сіл аддае любімай справе сямейны тандэм Захарчукоў: Мікалай працуе вадзіцелем, а Марыя – бухгалтарам. Прыкладам для калег з’яўляюцца прыёмшчыкі заказаў КПП Соф’я Шчатко (Чучавіцкі), Таццяна Сумарэвіч (Дварэцкі), Святлана Косач (Дзятлавіцкі), Лідзія Андруш (Кажан-Гарадоцкі).  
У сённяшніх дасягненнях вялікая заслуга Аляксандры Грамыка, якая на працягу 18 год стварала трывалы падмурак для эфектыўнай дзейнасці. Спыняцца на дасягнутым не збіраемся. Узяўшы за аснову тое, што 2010-ты аб’яўлены годам якасці, звернем асаблівую ўвагу на гэтую акалічнасць, а таксама на культуру абслугоўвання, каб заваяваць давер і забяспечыць ўсе патрэбы кліентаў. Мяркуем адкрыць КПП у раёне Сельгастэхнікі і некаторых вёсках, наладзіць выпуск будаўнічых блокаў, абнавіць пракатны фонд прадпрыемства.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть