Прэм’ер-міністр на Лунінеччыне
ЭкономикаПромышленность

Прэм’ер-міністр на Лунінеччыне

кобяков21 жніўня прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Андрэй Кабякоў пабываў у Мікашэвічах, дзе наведаў буйнейшае ў краіне прадпрыемства па вытворчасці будаўнічага каменю — РУВП «Граніт”.

На мяжы Лунінецкага раёна кіраўніка ўрада сустракалі старшыні: аблвыканкама — Анатоль Ліс і райвыканкама — Аляксандр Пачко. Першым прыпынкам на маршруце прэм’ер-міністра стала пляцоўка, адкуль адкрываецца ўражваючы від на кар’ер. Сёння яго даўжыня — амаль 3 кіламетры, шырыня — 1 кіламетр 860 метраў. Здабыча граніту вядзецца на глыбіні 150 метраў.

Адно з важнейшых пытанняў, якое цікавіла высокага госця, — перспектыва развіцця мінеральна-сыравіннай базы рэгіёна і звязаныя з гэтым магчымасці нарошчвання паставак на экспарт. Генеральны дырэктар РУВП “Граніт” Эдуард Гаўрылковіч расказаў, што магутнасці дзейнічаючага прадпрыемства дазваляюць выпускаць 16 мільёнаў тон шчэбеню ў год. Да нядаўняга часу прадукцыя з маркай мікашэвіцкага “Граніта” была вельмі запатрабаванай. Летась на ўнутраны і знешні рынкі было пастаўлена 15 мільёнаў 600 тысяч тон шчэбеню. Аднак апошнім часам назіраецца некаторы спад попыту на будаўнічы камень. У сувязі з гэтым сёлетні прагноз складае прыкладна 12-13,5 мільёна тон. I ўсё ж перспектывы ў прадпрыемства ёсць. Плануецца нарошчванне паставак не толькі ў Расію, якая з’яўляецца асноўным партнёрам, але і ў Польшчу, Літву і некаторыя іншыя краіны. Улічваючы гэта, і было распачата асваенне месцанараджэння “Сітніцкае” з узвядзеннем там горна-абагачальнага камбіната.

“Сітніцкае” знаходзіцца на адлегласці прыкладна 3 кіламетры ад асноўнага кар’ера, дзе сёння вядзецца здабыча будаўнічага каменю. Ад мікашэвіцкага яно адрозніваецца тым, што сярод карысных выкапняў там пераважае дыярыт — каштоўная разнавіднасць граніту. Залягае ён на глыбіні ад 9 да 64 метраў. Па прагнозах геолагаў, запасаў хопіць на 58 год бесперапыннай работы. Акрамя таго, асваенне месцанараджэння дазволіць стварыць 287 новых рабочых месцаў, дадаткова забяспечыўшы працай 1230 чалавек.

Мяркуецца, што новае прадпрыемства ў агульнай складанасці будзе даваць у год не менш як 13 мільёнаў тон нярудных матэрыялаў. Асноўная прадукцыя — шчэбень са шчыльных горных парод. Таксама будзе вырабляцца напаўняльнік для бетону і шчэбень для баластнага слоя чыгункі.

Уражвае і комплекс вытворчых падраздзяленняў, куды ўваходзяць кар’ер з адвалам ускрышных парод, драбільна-сартавальны завод, новая аўтадарога, пандус для выгрузкі горнай пароды, знешнія камунікацыі і збудаванні для яе транспарціроўкі, забеспячэнне водаадводу і іншыя аб’екты і прыстасаванні, якія дапамогуць зрабіць новую вытворчасць эфектыўнай, а прадукцыю — канкурэнтаздольнай і, адпаведна, запатрабаванай.

На сёння агульны кошт інвестыцыйнага праекта — больш як 320 мільёнаў долараў ЗША. Ільвіную долю ў гэтай суме — больш як 250 мільёнаў долараў ЗША — складаюць крэдытныя сродкі “Банка развіцця Рэспублікі Беларусь”. Прыкладна 53 мільёны долараў мяркуецца выдаткаваць з рэспубліканскага бюджэту. Астатняе — уласныя сродкі прадпрыемства.

Зразумела, што ў ходзе сустрэчы абмяркоўвалася магчымасць зрабіць праект больш танным. Меліся на ўвазе як будаўнічыя работы, так і прымальныя варыянты кошту абсталявання. Прычым, гэта аніякім чынам не павінна паўплываць на зніжэнне яго надзейнасці і эфектыўнасці.

На думку генеральнага дырэктара прадпрыемства Эдуарда Гаўрылковіча, гэта магчыма. У дачыненні да абсталявання кропкі над “і” расставяць таргі. Што датычыць будаўнічых работ, то ўлічваючы той факт, што запасы карысных выкапняў на кар’еры ў Мікашэвічах бяднеюць, і памалу вытворчасць тут будзе згортвацца, магутнасці будуць вызваляцца. I ў першую чаргу — рамонтная база, якую можна будзе задзейнічаць на “Сітніцкім” месцанараджэнні. Акрамя гэтага, першапачаткова планавалася ўзвядзенне аб’ектаў і збудаванняў, якія ёсць на дзенічаючай вытворчасці. Іх таксама можна выкарыстоўваць для мэт Сітніцкага кар’ера.

У дзень візіту прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў пабываў на пандусе, куды з мікашэвіцкага кар’ера дастаўляецца горная маса, на драбільна-сартавальным заводзе, а таксама наведаў 5-ую тэхналагічную лінію, якая была ўведзена ў строй 3 гады таму. Убачанае ўразіла маштабамі, пра што Андрэй Уладзіміравіч гаварыў на сустрэчы з калектывам РУВП “Граніт”.

Пачаў размову з аналізу сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне. Прэм’ер-міністр канстатаваў, што сёлета пакуль працуем горш, чым летась. Унутраны валавы прадукт па выніках 7 месяцаў у краіне склаў 96,5 працэнта да мінулагодняга ўзроўню. На сітуацыю ў дзяржаве паўплывалі крызісныя моманты як у свеце, так і ў эканоміцы асобных краін-партнёраў. Калі планавалі бюджэт краіны, зыходзілі з таго, што цана нафты за барэль будзе 100 долараў, а курс расійскага рубля — 35-37 за 1 долар. Абвал кошту нафты і выкліканая гэтым дэвальвацыя плацёжнай адзінкі суседняй Расіі, якая з’яўляецца галоўным эканамічным партнёрам Беларусі, паўплывала на наш дабрабыт. Адчулі гэта і на РУВП “Граніт” — прадпрыемстве, экспарт прадукцыі якога таксама арыентаваны на краіну-суседку.

Становішча спраў, аднак, далёкае ад крытычнага. Беларусь захавала золата-валютныя рэзервы. Атрыманы нядрэнны ўраджай збожжа. Не дапушчана абвальнага росту цэн. Нягледзячы на тое, што працэсы на сусветным рынку выклікалі прыкметнае ўдаражанне долара, цэны на спажывецкія тавары ў нашай краіне выраслі ў сярэднім на 7,5 працэнта. Разам з гэтым, адзначана падзенне намінальнай налічанай заработнай платы. Улічваючы тое, што заробкі не павінны перабольшваць прадукцыйнасць працы, першапрычынай гэтага стала зніжэнне аб’ёмаў выпуску прадукцыі. Зараз народна-гаспадарчы комплекс працуе на аднаўленне аб’ёмаў вытворчасці.

Сітуацыю на “Граніце” прэм’ер-міністр назваў маючай перспектывы. “Вы ўпаўне можаце паспяхова спраўляцца з задачамі, якія перад вамі стаяць, а галоўная з іх — нармальна жыць і развівацца”, — зазначыў Андрэй Уладзіміравіч.

У завяршэнне сустрэчы кіраўнік урада адказаў на пытанні гранітаздабытчыкаў, якіх, перш за ўсё, цікавіла ўражанне ад наведвання прадпрыемства. Не абышлі ўвагай сітуацыю ў суседняй Украіне. Тое, што адбываецца там сёння, самым пераканаўчым чынам заклікае цаніць і берагчы лад і спакой у нашай краіне.

Таццяна Вайцяхоўская



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть