ПромышленностьЭкономика

ПРЫНЦЫП УЗАЕМАВЫГАДЫ І ПЕРСПЕКТЫВЫ

пакладзены ў аснову работы калектыву спецыялізаванага будаўнічага прадпрыемства “Лунінецкая СПМК-17”. Вось ужо 15 год з ім непарыўна звязана жыццё Георгія Паўлавіча ШАРЫКАЛЫ. Прычым, 12 з іх ён правёў на пасадзе начальніка. Таму не па чутках ведае, што значыць работа будаўнікоў, тым болей, калі іх працавітымі рукамі вырашаецца адна з важнейшых праблем жыхароў Лунінеччыны – узвядзенне жылля не толькі ў горадзе, але і ў вёсках.

– Мінулы год быў вельмі ўдалым для нашага калектыву, – пачаў гутарку Георгій Паўлавіч. – Летась уласнымі сіламі выканалі будаўніча-мантажных работ на агульную суму 2,474 мільярда рублёў. Гэта склала 161,8 працэнта да ўзроўню 2007 года. Узрасла прадукцыйнасць працы на аднаго чалавека, рэнтабельнасць, сярэднямесячная зарплата. Атрымалі чыстага прыбытку 367 мільёнаў рублёў. Набылі тынкавальную станцыю, два аўтамабілі “ЗІЛ” і “ГАЗ”, аўтобус “ПАЗ”, дрэваапрацоўчы станок і іншыя. Усяго на абнаўленне асноўнай вытворчай базы выдаткавалі каля 230 мільёнаў рублёў.

Асноўныя заказчыкі аб’ектаў уваходзяць у наша аб’яднанне “Аблсельгасбуд”. Так, летась пабудавалі 27 дамоў у населеных пунктах раёна, правялі рэканструкцыю былой сталовай рамонтна-механічнага завода пад цэх хлебабулачных вырабаў райспажыўтаварыства, мадэрнізацыю залы аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у Лунінцы, выканалі аддзелачныя работы ў агароднінасховішчы СВК “Дварэцкі”, 103-кватэрным жылым доме ЖБК-6 у райцэнтры і 60-кватэрнага – ЖБК-18 у Століне. 

Сёлета працаўнікі СПМК-17 задзейнічаны на ўзвядзенні раённай бальніцы, катэджаў у аграгарадках Палескі, Велута і Вулька 1. У перспектыве – рэканструкцыя малочнатаварнай фермы ў Галым Бару, 36-кватэрнага дома ЖБК-9 у Лунінцы.

У калектыве – амаль 80 чалавек. І кожнага адрознівае вялікая адказнасць за даручаны ўчастак работы. Дастаткова толькі сказаць, што больш як 30 год прысвяцілі прадпрыемству шэсць працаўнікоў, ячшэ 18 – адсвяткавалі 20-гадовы юбілей. Параўнаўча нядаўна прыйшлі маладыя спецыялісты: плітачнікі-абліцоўшчыкі, тынкоўшчыкі, маляры.
Вядома, не месца ўпрыгожвае чалавека. Сустрэчы з прадстаўнікамі СПМК-17 яшчэ раз пацвердзілі, што цэняць тут стараннасць, адданасць справе, зацікаўленасць у агульным поспеху. Пакуль людзі будуць працаваць так, дабрабыт калектыву гарантаваны!


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть