ПромышленностьЭкономика

Прыступка на шляху да новых вяршыняў

С яргей КАРПЕЦ – чалавек на Лунінеччыне вядомы. Чатырнаццаты год ён узначальвае прадпрыемства, прадукцыю якога любяць не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі. Ну, хто, скажыце, паставіць пад сумненне выдатныя смакавыя якасці лунінецкіх кефіра, смятаны, малака? А хіба не самыя смачныя нашы тварог, ёгурты, тварожны крэм з маркай “Малочнай кропелькі”? Больш таго,  ААТ “Лунінецкі малочны завод” трывала замацаваўся ў ліку экспартаарыентаваных прадпрыемстваў, якія зарабляюць для раёна валюту. Замежныя спажыўцы па вартасці ацанілі сухое абястлушчанае малако і сметанковае масла. Хаця, справядлівасці дзеля, варта зазначыць, што далягляды ў лунінецкіх вытворцаў не заўсёды бываюць бязвоблачнымі. Вось і канец года выдаўся дастаткова складаным.

– На жаль, вымушаны канстатаваць, што цэны на малочную прадукцыю на рынку падаюць. У Расіі, якая з’яўляецца нашым галоўным партнёрам, яны практычна зраўняліся з заходнееўрапейскімі. Дадатковыя складанасці тоіць і новая сістэма кантролю якасці “Меркурый”, якая з 1 сту-дзеня 2018 года ўводзіцца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. У нас таксама наладжаны дастаткова строгі кантроль за якасцю сыравіны і гатовай прадукцыі, але пакуль нельга дакладна сказаць, наколькі наша сістэма будзе адпавядаць патрабаванням расійскіх партнёраў.

– Іншымі словамі, прадпрыемства аўтаматычна паўстала перад неабходнасцю дыверсіфікацыі рынкаў збыту прадукцыі?

– Мы ніколі не сядзелі, склаўшы рукі. Акрамя Расіі, пастаўляем прадукцыю ў Сірыю, Кыргызстан, Казахстан, Азербайджан, Украіну…  Прыкладна тры чвэрці агульных аб’ёмаў выпуску ідзе за мяжу. На ўнутраным рынку рэалізоўваем толькі 25 працэнтаў “малочкі”. Прычым, сметанковае масла ў наяўнасці самай рознай фасоўкі – 100, 180, 200, 400 грамаў, 1 або 5 кілаграмаў… Нават у такіх дробязях стараемся адпавядаць запытам спажыўцоў. Пастаянна працуем над пашырэннем асартыменту і мадэрнізацыяй вытворчасці. Штогод укладваем сродкі ў яе развіццё. У 2017-ым інвестыцыі ў асноўную вытворчасць дасягнулі 822 тысяч рублёў. Сёлета завяршылі рэканструкцыю кацельні, якая працуе ў аўтаматычным рэжыме. Адразу адчулі эканомію, перш за ўсё, у спажываемых аб’ёмах прыроднага газу і электрычнай энергіі. Дастаткова плённа ўдалося папрацаваць з “Прамагралізінгам”. Набылі два новыя малакавозы – 16- і 12-тоннікі, істотна абнавіўшы пры гэтым тэхніку для дастаўкі гатовай прадукцыі. Усе аўтамабілі – беларускай вытворчасці.

– Разам з тым, Сяргей Фёдаравіч, ведаю, што сёння прадпрыемства не можа выканаць усе заяўкі гандлю на пастаўку тварагу. З чым гэта звязана?

– З недахопам магутнасцей адпаведнай лініі. Сёння мы фізічна не здолеем выпускаць у месяц больш, чым 70 тон гэтага прадукту. А заяўкі прыкладна ў 3-4 разы большыя. Менавіта таму было прынята рашэнне аб мадэрнізацыі гэтай вытворчасці. Новае абсталяванне, а каштуе яно больш як 2 мільёны еўра, плануем устанавіць у першым квартале 2018 года. Прычым, з уводам яго ў эксплуатацыю прапануем пакупнікам не толькі звычны сённяшні “брыкет”, але і салодкую масу з рознымі напаўняльнікамі, тварог у вакуумнай упакоўцы, у мяшочках, а таксама экспартны варыянт – у скрынях па 15 кілаграмаў… Ды і якасць будзе больш высокай. Хаця б таму, што аўтаматыка поўнасцю выключыць ручную працу. У нас ёсць  пэўны вопыт. Не так даўно на прадпрыемстве такім чынам быў мадэрнізаваны апаратны ўчастак.

– Не сакрэт, што на многіх прамысловых прадпрыемствах найбольш складаны для выканання паказчык – выпуск інавацыйнай прадукцыі. Як з гэтым абстаяць справы на ААТ “Лунінецкі малочны завод”?

– Стараемся трымаць марку. Сёлета распрацавалі дакументацыю і выпусцілі абсалютна новы від прадукцыі з разраду інавацыйных – сухое абястлушчанае малако для дзіцячага харчавання. Да яго асаблівыя патрабаванні па якасці, і мы іх вытрымліваем бездакорна. Першыя 120 тон ужо адгрузілі ў Расію. Думаю, што такая прадукцыя будзе запатрабавана на рынку, таму гэты накірунак будзем развіваць. Дарэчы, вяртаючыся да тэмы кантролю за якасцю прадукцыі, варта сказаць, што бар’ер існуе дастаткова жорсткі. Пабудавалі новую сыравінную лабараторыю, дзе сумясцілі праверку малака, якое паступае з гаспадарак па ўсіх паказчыках, уключаючы радыелагічны. Сёння ніхто не падвяргае сумненню пастулат, што менавіта ад першаснай сыравіны залежыць якасць прадукту на выхадзе. Новае абсталяванне адначасова можа выявіць наяўнасць больш як 20 відаў антыбіётыкаў. З дапамогай імуна-ферментнага метаду ёсць магчымасць ведаць, колькі такіх непажаданых пабочных рэчываў утрымліваецца ў сыравіне.  Ёсць і свая акрэдытаваная лабараторыя, дзе праходзіць кантроль па фізіка-хімічных, мікрабіялагічных паказчыках уся гатовая прадукцыя. І гэта пры тым, што ў Беларусі патрабаванні да якасці сыравіны і гатовай прадукцыі больш строгія, чым нават у Заходняй Еўропе, бо калі там існуюць дапусцімыя ўзроўні па ўтрыманню тых жа антыбіётыкаў, у нас іх у сыравіне і гатовай прадукцыі проста не павінна быць. Мы дасягнулі жаданых вынікаў – сёння выпадкаў вяртання няякаснага малака практычна няма. Для гэтага клапоцімся, каб у гаспадарках былі сучасныя хала-дзільныя ўстаноўкі, у дастатку – мыючыя і дэзінфіцыруючыя сродкі. Апошнім часам пачалі нават набываць спецыяльныя камбікармы для маленькіх цялятак, бо, як ніхто, зацікаўлены ў тым, каб з іх праз пэўны час выраслі высокаўдойныя каровы. Ды і ўвогуле працэс кармлення жывёлы ў гаспадарках не пускаем на самацёк. Не так даўно набылі спецыяльны прыбор для вызначэння якасці кармоў. Любая гаспадарка можа прывезці для праверкі корм, каб вызначыць, колькі ў ім бялку, цукру, пратэінаў… На падставе заключэння заатэхнік можа складаць дакладна збалансаваны рацыён кармлення жывёлы. Чакаем спецыялістаў з Італіі, якія павінны правесці для нашых работнікаў своеасаблівы майстар-клас па карыстанню новым абсталяваннем.

– Ну вось мы і перайшлі да праблем непасрэдна вытворцаў сельгаспрадукцыі. Для вас яны не чужыя яшчэ і таму, што малочны завод мае філіял у выглядзе сельгаспрадпрыемства “Лобчанскае”…

– … якое 13 год таму было на мяжы банкруцтва. Тады вопыт далучэння да перапрацоўчых калектываў пэўных сыравінных баз, часцей за ўсё стратных, толькі праходзіў апрабацыю. Мы аказаліся першымі ў вобласці, дзе падобны эксперымент вырашылі прымяніць на практыцы. Справа была рызыкоўнай, але вартай таго, каб ёй заняцца. Мы толькі пачыналі выходзіць на замежныя рынкі, і нашы партнёры актыўна прыязджалі на завод. Вось толькі цікавіліся не ўласнай вытворчасцю, а гаспадаркамі, адкуль на перапрацоўку паступае малако. Наша задача была стварыць, наколькі гэта магчыма, узорную гаспадарку малочнага накірунку. Менавіта ў “Лобчанскім” паявілася першая ферма з сучаснай даільнай залай, куды вазілі экскурсіі сельгаснікаў. Зрэшты, мадэрнізацыя працягваецца па-сённяшні дзень, бо сродкі ў развіццё гаспадаркі ўкладваюцца яшчэ большыя, чым у перапрацоўку. За сёлетні год інвестыцыі ў сельскагаспадарчую вытворчасць склалі амаль 1 мільён 800 тысяч рублёў. Завяршылі будаўніцтва цэха сухастою з залай для раздою кароў пасля ацёлу. Закончылі мадэрнізацыю  былога будынка сенасховішча пад памяшканне для дарошчвання жывёлы. Што гэта дало? Раней мы бычкоў гадавалі да 100-кілаграмовай вагі і для далейшага дарошчвання вымушаны былі прадаваць на комплексы. Цяпер да патрэбнай вагавай кандыцыі даводзім жывёлу самі. У выніку маем неблагія дадатковыя фінансавыя паступленні.

– Ці значыць гэта,    што малочны накірунак вы паступова ператвараеце ў мяса-малочны?

– Асабіста я цвёрда перакананы, што грошы ёсць у тых, хто займаецца не толькі малаком, але і мясам. Пры нармальным гаспадаранні рэнтабельнасць малака і мяса аднолькава высокая. Зразумела, што развіваць жывёлагадоўлю без клопату пра годную кармавую базу немагчыма. Менавіта таму сёлета закончылі ўзвядзенне новай сянажна-сіласнай траншэі, якіх у агульнай колькасці ўжо больш як дзясятак, і цяпер усе кармы – толькі ў іх. Пажыўная захаванасць сенажу і сіласу вельмі высокая. Адпаведная і аддача. Ад кожнай каровы сёлета абавязкова атрымаем у сярэднім па 5800 кілаграмаў малака (89 працэнтаў яго ідзе “экстра-класам”, 11 – вышэйшым гатункам). Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы – 770 грамаў, што прыкметна больш, чым у сярэднім па раёне.

– І ўсё ж, якой бы дасканалай і сучаснай ні была тэхніка, без чалавечых рук, іх стараннасці, яна ні што іншае, як куча металалому. Калектыў на ААТ “Лунінецкі малочны завод” стабільны?

– Безумоўна. Але сёння нават звычайны рабочы на прадпрыемстве павінен працаваць не столькі рукамі, колькі галавой. Таму асабліва цэнім спецыялістаў з адукацыяй. Гэтага патрабуе і праводзімая мадэрнізацыя вытворчасці: практычна ўсе працэсы ў нас камп’ютарызаваны. Памятаю час, калі папулярным было меркаванне мець у калектывах інжынерна-тэхнічных работнікаў не больш як 15 працэнтаў ад агульнай колькасці працуючых. Ужо сёння такі падыход можна лічыць састарэлым. Не здзіўлюся, калі ў недалёкім будучым суадносіна ІТР і рабочых будзе 50х50. Пэўны кадравы голад адчуваецца ў філіяле. Ня-гледзячы на прадастаўляемыя прэферэнцыі ў выглядзе добраўпарадкаванага жылля і годных заробкаў, ёсць недахоп механізатараў, заатэхнікаў, ветэрынарных урачоў. Вый-сце – трэба вучыць сваіх выпускнікоў школ. У тым ліку – і за сродкі прадпрыемства. Зараз у філіяле “Лобчанскае” працуе малады вет-урач, ён пакуль толькі набіраецца вопыту, але мы ўсяляк стараемся яго падтрымаць. Дарэчы, у нас адзін з найбольш сацыяльна арыентаваных Калектыўных дагавораў, палажэнні якога строга выконваюцца. Людзі атрымліваюць прадугледжаныя дакументам прэміі і даплаты. Усё гэта – у дадатак да годных заробкаў, якія заўсёды будуць люстэркам старання кожнага на сваім рабочым месцы. А яно вымяраецца не толькі рублём. Сёлета ААТ “Лунінецкі малочны завод” адзначаны прэміяй урада Рэспублікі Беларусь у галіне якасці. Больш таго, сертыфіцыравалі вытворчасць цэльнамалочнай прадукцыі, сухога абястлушчанага малака і сметанковага масла ў міжнароднай сістэме менеджменту бяспекі харчовай прадукцыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі ISO 22000: 2005,  ISO/ TS 22002 – 1:2009. І гэта, спадзяюся, толькі прыступка да новых вяршыняў.

– Няхай так і будзе.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть