У рэчышчы надзейнага партнёрства
МикашевичиЭкономикаПромышленность

У рэчышчы надзейнага партнёрства

Гранит погрузкаУ рэчышчы надзейнага партнёрства супрацоўнічае са спажыўцамі калектыў РУВП «Граніт». Амаль паўтара дзесяцігоддзя мясцовы прамысловы гігант пастаўляе шчэбень і буйныя запаўняльнікі на рынкі будаўнічых матэрыялаў краін Балтыкі, Польшчы і Росіі. Распавядае вядучы маркетолаг Жанна КАСЦЮК:

— У 2014 годзе прадпрыемства вырабіла 15 мільёнаў 690 тысяч тон шчэбеню розных фракцый і буйных запаўняльнікаў, з якіх на экспарт рэалізавана 3 261 500 тон. Прычым, на долю Расійскай Федэрацыі летась прыйшлося практычна 85 працэнтаў замежных паставак. Што да яе рэгіёнаў, то асноўнымі спажыўцамі з’яўляюцца горад Масква, Смаленская, Калужская, Тульская, Бранская, Пскоўская і Маскоўская вобласці.

Нягледзячы на сур’ёзную канкурэнцыю на расійскім рынку з боку ўкраінскіх вытворцаў аналагічнай прадукцыі, «Граніт» займае адну з лідзіруючых пазіцый. Для аператыўнага рэагавання нават на нязначныя, на першы погляд, змены спажывецкага попыту і кошту будаўнічага каменю нашы спецыялісты ўвесь час праводзяць маніторынг цэнаўтварэння. Цесна працуем і з заказчыкамі, у тым ліку — патэнцыяльнымі. Улічваючы пажаданні кліентаў, нядаўна атрымалі сертыфікат адпаведнасці на шчэбень фракцыі 5-20 міліметраў трэцяй групы — гэта сёння адзін з самых запатрабаваных будаўнічых матэрыялаў у Расіі. Як правіла, ён выкарыстоўваецца ў вытворчасці бетону і канструкцый з яго, пры заліванні розных падмуркаў і маставых канструкцый, дарожных пакрыццяў. А яго нізкая ляшчаднасць гарантуе выдатныя дрэнажныя ўласцівасці аб’екта будаўніцтва.

Пра высокую канкурэнтаздольнасць мікашэвіцкай прадукцыі гаворыць і той факт, што «Граніт» не мае ніводнай прэтэнзіі на якасць экспартнага тавару.

Што да першага квартала, то, нягледзячы на няпростую эканамічную сітуацыю, у тым ліку і ў Расіі, аб’ёмы адгрузак шчэбеню за мяжу сталі павялічваць з кожным месяцам. Таму перакананы, што калектыў выканае не толькі даведзеныя прагнозныя паказчыкі, але і атрымае прыбытак.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть