Выдзеліць тавар сярод мноства іншых
ЭкономикаПромышленность

Выдзеліць тавар сярод мноства іншых

хлебозаводЯкім бы смачным ні быў прадукт, яго складана заўважыць на паліцах гандлёвых аб’ектаў, калі няма яркай і запамінальнай упакоўкі. Гэта адзначалі ўдзельнікі інфармацыйна-прапагандысцкай групы, якую ўзначальваў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, пры аглядзе выставы кандытарскіх вырабаў падчас наведвання хлебазавода. Кіраўнік раёна рэкамендаваў адміністрацыі прадпрыемства аб’явіць конкурс сярод вучнёўскай моладзі, каб тыя, хто асабліва любіць зефір і іншыя ўсходнія салодкасці, прапанавалі свае ідэі ў афармленні ўпакоўкі…

Хто хоць аднойчы быў на хлебазаводзе, абавязкова адзначае дагледжанасць тэрыторыі, прыгожыя зялёныя куточкі, кветкавае афармленне. Нават нягледзячы на жнівеньскую спякоту, тут неяк асабліва дыхаецца. Гэтаму спрыяе і пах духмянага хлеба.

Сваю гісторыю завод пачаў амаль 6 дзясяцігоддзяў таму. У той час, акрамя пякарні, на тэрыторыі размяшчаліся кансервавы, цукерачны цэхі і па вытворчасці безалкагольных напіткаў. За перыяд існавання прадпрыемства неаднаразова рэканструявалася і мадэрнізавалася. Зараз за суткі тут вырабляюць 6,5-7,5 тоны хлебабулачных вырабаў і 0,5-0,6 — кандытарскіх. У мінулым годзе асартымент выпушчанай прадукцыі склаў 209 найменняў, прычым, на дасягнутым тут не спыняюцца.

Паказчыкі за першае паўгоддзе нядрэнныя. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склала 8,8 працэнта (7,8 — за аналагічны перыяд мінулага года), чысты прыбытак — 793 мільёны рублёў і павялічыўся на 64,5 працэнта ў параўнанні з адпаведным перыядам 2014-га. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі дасягнула 21 мільярда 32 мільёнаў рублёў, што ў пераліку на аднаго сярэдняспісачнага работніка — 142,1 мільёна. Інвесціравана ў асноўны капітал 527 мільёнаў рублёў, але да канца года з набыццём новых сучасных печаў гэта лічба ўзрасце да 3 мільярдаў.

Аляксандр Пачко заўважыў, што трэба рухацца наперад, больш увагі надаваць заваёўванню рынкаў у суседніх рэгіёнах, забяспечваць попыт усіх жыхароў Лунінеччыны, працаваць над змяншэннем кошту хлеба.

Запрасіўшы работнікаў прадпрыемства да дыялогу, старшыня райвыканкама адказаў на іх пытанні. Так, завадчане заклапочаны станам вадаёма Баханова. Улічваючы, што цяпер вады там зусім мала, паявілася цудоўная магчымасць пачысціць яго. Але грошай у бюджэце няма. Аляксандр Мікалаевіч прапанаваў правесці суботнік, а заробленыя сродкі накіраваць на прывядзенне ў належны выгляд вадаёма. Работнікі пагадзіліся з такой прапановай. Яшчэ ўзнікла пытанне па выдзяленню ўчасткаў у межах горада пад індывідуальную забудову. Кіраўнік мясцовай улады паведаміў, што ў Лунінцы шмат участкаў, якія былі выдзелены гараджанам раней, але дагэтуль з’яўляюцца пустуючымі. Зараз землеўпарадкавальная служба праводзіць інвентарызацыю, пасля чаго незабудаваныя тэрыторыі будуць забірацца і пераразмяркоўвацца. Тым жа, хто марыць аб набыцці новай кватэры за ўласныя сродкі, прапанаваў уключыцца ў далявое будаўніцтва.

А яшчэ А.М. Пачко нагадаў пра важную падзею — выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбудуцца 11 кастрычніка. Запрасіў усіх прыйсці на выбарчыя ўчасткі і аддаць свой голас за годнага кандыдата.

Алена Даніловіч



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть