Завочны клуб спажыўцоў

У Лунінцы прайшоў сельскагаспадарчы кірмаш

«Кірмаш пачынаецца, тавар разбіраецца» прыкладна так весела і гучна з самага ранку заклікалі пакупнікоў да сваіх гандлёвых радоў Алена Сарока і Надзея Кажаноўская з дзяржаўнага прадпрыемства “Хваецкае”. 

А прамінуць іх было проста немагчыма. Яны не толькі прыгожа і з густам аформілі свае рабочыя месцы, але і самі апранулі святочнае ўбранне, нагадваючае пра залатую восень. Ды і тавар у іх быў разнастайны і адметны. Як і некалькі сезонаў таму “цвіком продажу” стаў  гусь. “Адразу за добрую цану прадалі, – засмяяліся жанчыны, але кошт яго так і не ўдакладнілі. – А вось цялятка, трусы і баранчыкі яшчэ чакаюць свайго пакупніка”.

Акрамя жыўнасці аграрыі з Вулькі-1 гандлявалі зернем, саломай і арганікай…

Падобны тавар падчас нядзельнага кірмашу ў Лунінцы прапаноўвалі амаль усе сельгаспрадпрыемствы Лунінеччыны. Як і ў іншыя гады ажыятажным попытам карысталася збожжа: пшаніца, ячмень, трыцікале, авёс і жыта. Вельмі хутка разабралі зерне кукурузы і проса. Прыкладна ў 9 гадзін раніцы аўтамабілі, распрадаўшы такі тавар, пакідалі ўжо гандлёвы гарадок, што разгарнуўся на вуліцы Савецкай. Затое пайшоў вельмі бойкі гандаль агароднінай. Чаго тут толькі не было! Бульба, морква, буракі, капуста, цыбуля, салодкі перац… І цэны вельмі прымальныя. Так, за кілаграм прыгожай таварнай бульбы прасілі ад 20 да 25 капеек. Кошт морквы вагаўся ад 15 да 28 капеек. Што датычыць цыбулі, то самую танную па 40 капеек за кілаграм рэалізоўвала ААТ  “Дварэцкі”…

Не вельмі шырокім аказаўся асартымент садавіны. Яно і зразумела, сёлетнія сады не парадавалі вялікім ураджаем. Таму яблыкі прапаноўвалі ў асноўным гандлёвыя кропкі райспажыўтаварыства і ОРСа. Затое хапала журавін. Чырвоную ягадку-кіслінку прывезлі прыватнікі ў асноўным з суседніх раёнаў.

Было нямала гандляроў і з розным па колеру мёдам. На пытанне, ліпавы ці рапсавы, у асноўным не хітравалі, маўляў, наш мёд – з рознатраўя…

Ад 7 да 8 рублёў прасілі за кілаграм часнаку. І толькі жанчына, якая назвалася Верай Уладзіміраўнай, прапаноўвала яго па 6 рублёў:

– Я і кілаграмамі прадаю, і паштучна. Вось фасолю ў мяне ўжо ўсю забралі. Можа і часнок забяруць, – дзеліцца жанчына.

Надзвычай багатымі былі рады з саджанцамі яблынь, груш, вішань, слівы, абрыкосаў, вінаграду, персікаў… Хапала рассады клубніц, буякоў, бруснікі, кустоў парэчак, агрэсту, маліны і шмат чаго іншага.

Не прамінулі прыняць удзел у кірмашы і работнікі доследнага рыбгаса “Лахва”. Іх машына стаяла крыху воддаль, на вуліцы Першамайскай, але жадаючыя паласавацца рыбкай усё ж знайшлі да яе шлях. Прадавалі невялікіх карасікаў, прыгожых карпаў і белых амураў.

Мнагалюдна было і каля гандлёвых кропак райспажыўтаварыства. Дарэчы, прыемна здзівіла разнастайнасць марынаваных грыбоў і агародніны, мачоных яблык – імі і іншым таварам гандлявала прадавец Карына Ранчынская.  Бліжэй да 12 гадзін попытам сталі карыстацца шашлыкі, смажаныя каўбаскі, бутэрброды, розныя мясныя і кандытарскія вырабы, якія прапаноўвалі прадаўцы і повары філіяла “Грамадскае харчаванне” райспажыўтаварыства і ОРСа.

Быў тавар і для аматараў прыгожых пакаёвых сабак. На жаль, дзве вельмі ласкавыя прыгажуні кітайскай пароды  шыцу, нягле-дзячы на невысокі кошт,  так і не набылі сабе гаспадароў. Не “пайшоў” у ход і тавар адзінай на кірмашы рамесніцы. Па ўсяму было відаць, што народ ішоў сюды мэтанакіравана: зрабіць запасы на зіму.

Згодна з папярэднімі дадзенымі, усяго на кірмашы ў Лунінцы тавараў было прададзена на суму 24,4 тысячы рублёў. Агародніны і садавіны рэалізавана больш як 59 тон.

Асаблівы святочны настрой надавалі цудоўныя выступленні работнікаў сферы культуры Лунінеччыны.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть