Клубнічная «Камароўка» асвоілася на новым месцы
Завочны клуб спажыўцоў

Клубнічная «Камароўка» асвоілася на новым месцы

клубника 2015Гарачае надвор’е прынесла клубнічнікам нямала лішніх клопатаў. Нехта імкнуўся паліваць свае надзелы штучна, іншыя з болем назіралі, як салодкі ўраджай бездапаможна схіляецца ад залішняй спякоты. Нараканні на нябесную канцылярыю адцяснілі на другі план і праблемы са збытам ягад.

— Было б што прадаваць! — самы папулярны выраз у здатчыкаў. Толькі прайшоўшыя дажджы ўсялілі кволую надзею, што ўраджай страчаны не поўнасцю.

Тым не менш, дварэцкая “Камароўка” трывала “прапісалася” на новай пляцоўцы, і мітусня тут не сціхае ад ранку да позняга вечара. Гэта, бадай, самая наведваемая тэрыторыя ў раёне, бо сюды з’язджаюцца хаця б з некалькімі вёдрамі і гараджане, і вяскоўцы, а закупшчыкі прадстаўляюць самыя разнастайныя рэгіёны.

Пакупнікі размясціліся па перыметру агароджы, вызваліўшы месцы пасярэдзіне для аўтамабіляў здатчыкаў. Пакуль тут умяшчаюцца ўсе жадаючыя прадаць ці купіць. “За дзень грузіцца да 160 адзінак тэхнікі. У нядзелю толькі намнога менш, бо ў панядзелак на многіх рынках — выхадны”, — расказвае касір, выбіваючы чарговы квіток.

Часовыя заторы ўтвараюцца на ўездзе, калі адзін аўтамабіль спыняецца, і за ім вымушана выстройваецца цэлая калона. Але для параўнання можна згадаць сітуацыю з мінулых год, калі пробкі ўтвараліся на дарогах каля перакрыжавання — у бок Бродніцы не мог праехаць нават рэйсавы аўтобус.

Цяпер пра клубнічны сезон паўз трасу сведчаць толькі бабулькі са шклянкамі і вядзерцамі з ягадай, ды прадуктовыя палаткі. Натоўпу каля апошніх не назіраецца.

На пад’ездзе да новай гандлёвай пляцоўкі праблему з пылам у адсутнасць дажджу вырашаюць з дапамогай палівачных аўтамабіляў, якія па некалькі разоў на дзень асвяжаюць дарогу. Дыхаць лягчэй, таму і настрой у людзей не такі змрочны. Працуюць прыбіральні. У магазіне, які толькі дабудоўваецца, можна купіць прадукты. Найбольш запатрабаваныя з іх — безалкагольныя напіткі і марожанае.

Новы рынак людзі прымаюць з асцярожнасцю. Сярод большасці апытаных не склалася адзінага меркавання пра новаўвядзенні. Адны дзякавалі за клопат пра клубнічнікаў, іншыя махалі рукой, сцвярджаючы, што раней было лепш.

У нядзелю тут пачалася закупка клубніц на перапрацоўку. Маленькія ягады, здараецца, прымаюць у скрынкі па 4 тысячы за кілаграм, але часцей іх бяруць у бочкі — па 2500. Многія аднесліся да невялікага кошту з іроніяй:

— Каторы год цана не мяняецца, затое ў магазінах яна вырасла ў некалькі разоў…

Незадаволенасць людзей зразумелая — за цяжкую працу яны хацелі б мець больш годны заробак. Кошт адборнай прадукцыі таксама розны, вагаецца ад 6 да 15 тысяч за кілаграм, у залежнасці ад пары сутак ці колькасці.

Сярод закупшчыкаў многа каўказцаў. Давялося назіраць невялікі канфлікт паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей. Спрэчка разгарэлася з-за якасці клубніц. Дамовіліся забраць па адной цане, з вядра высыпалі, убачылі некалькі маленькіх, і заплацілі намнога тайней. Прадавец вымушаны быў згадзіцца, бо пасля перасыпання ягада мнецца і страчвае таварны выгляд. Але такія выпадкі рэдкія, рынак жыве сваёй адвечнай мітуслівасцю і пераменлівасцю.

Людзі стомненыя — гандляры ад бяссонных начэй па дарогах да рынкаў збыту, клубнічнікі з досвітку, не разгінаючы спіны, шчыруюць на градках. Грошы нікому не даюцца лёгка. Духмяны водар стаіць над Лунінеччынай, зноў і зноў пацвярджаючы, што ягада, якая стала брэндам раёна, не збіраецца здаваць пазіцыі. Нягледзячы на крызісы, град, мароз ці спякоту, далікатная і пяшчотная, яна наліваецца чырванню, адорваючы смакам і прыносячы працавітым рукам хоць і невялікі, але даход.

Марыя ЯРАХОВІЧ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть