Максімальна выкарыстоўваць патэнцыял
Завочны клуб спажыўцоў

Максімальна выкарыстоўваць патэнцыял

собрание РАЙПО

Лунінецкае райспажыўтаварыства па выніках 2015 года лідзіруе ў сістэме аблспажыўсаюза. Такой інфармацыяй падзялілася першы намеснік старшыні праўлення абласной структуры Таццяна Чараповіч (на здымку) на справаздачным сходзе ўпаўнаважаных, які адбыўся ў гарадскім Доме культуры.

собрание РАЙПО 02

Яна ж адзначыла, што лунінецкія кааператары працуюць стабільна на працягу пэўнага часу, але спыняцца нельга, трэба рухацца наперад. Тым больш, што для гэтага ёсць рэзерв. У прыватнасці, у Мікашэвіцкім рэгіёне пакуль не дасягнулі чакаемых аб’ёмаў і тэмпаў росту. Адзначаючы, што ў цэлым па вобласці знізіўся продаж нехарчовых тавараў, неабходна прадугледзець у гандлёвых аб’ектах адкрыццё секцый буйных вытворчых кампаній. Што датычыць прамысловасці, то кааператарам складана канкурыраваць з мясакамбінатамі і хлебазаводамі, таму акцэнт трэба рабіць на больш таннай прадукцыі, якая па смакавых якасцях нагадвае дамашнюю, а таксама павялічваць выпуск паўфабрыкатаў.

Выступаючы са справаздачным дакладам, старшыня праўлення райспажыўтаварыства Максім Сумар спыніў увагу на тым, што тэмпы росту рознічнага тавараабароту склалі 95,3 працэнта. Кожнаму жыхару раёна прададзена тавараў на суму 9,7 мільёна рублёў.

У апошнія гады значна ўзрасла актуальнасць забеспячэння дзяржаўнай праграмы па экспарту. Пасля рэканструкцыі забойнага цэха, атрымалі дазвол на адгрузку мяса за межы краіны. Тэмпы росту экспарту склалі 173,5 працэнта, а ўсяго прададзена прадукцыі на 827 тысяч долараў ЗША.

Дзякуючы сукупнай дзейнасці ўсіх філіялаў, у райспажыўтаварыстве створаны трывалы фінансавы падмурак, які дазволіў накіраваць на мадэрнізацыю, рэканструкцыю, бягучыя рамонты больш за 21 мільярд рублёў. Усё гэта з’яўляецца добрым задзелам на будучыню.

2016-ты не абяцае быць простым. Як запэўніў Максім Андрэевіч, пры агульных складанасцях неабходна асабліва звярнуць увагу на канкурэнцыю і скарачэнне выдаткаў на ўтрыманне матэрыяльнай базы.

Усе філіялы ў лютым спрацавалі са станоўчай дынамікай. Тэмпы росту тавараабароту склалі 100 і больш працэнтаў, але варта заўважыць, што палова магазінаў не справіліся з заданнем. Як вынік – недаатрыманне гандлёвай выручкі на суму 1,8 мільярда рублёў.

Нарыхтоўкі – традыцыйны спектр дзейнасці райспажыўтаварыства і ўзаемаадносін з насельніцтвам. Летась грамадзянам выплачана 22,1 мільярда рублёў за здадзеную прадукцыю, а за 2 месяцы гэтага года – 1,3 мільярда.

Прыярытэтнымі застаюцца нарыхтоўкі лішкаў сельскагаспадарчай прадукцыі, але толькі забеспячэнне ўнутранага рынку і для ўласнай перапрацоўкі.

У сваім выступленні Максім Сумар закрануў таксама пытанні дысцыпліны, недапушчэнне рэалізацыі пратэрмінаванай прадукцыі, эканоміі і энергазберажэння.

У ходзе справаздачнай кампаніі былі выказаны пажаданні хутчэйшай рэканструкцыі кандытарскага цэха ў Мікашэвічах, будаўніцтва і адкрыцця другога магазіна «Дыскаўнтэр», рэканструкцыі магазінаў №11 і №24 у Лунінцы. Усе яны знаходзяцца ў полі зроку кіраўніцтва і будуць выкананы сёлета.

Намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч, адзначаючы стабільнасць работы райспажыўтаварыства, зазначыў, што кааператары ідуць у нагу з часам, а многія магазіны па камфорце можна параўнаць са сталічнымі.

Разам з тым, ён засяродзіў увагу на асобных праблемах. Так, у 14 маланаселеных пунктах адсутнічаюць стацыянарныя гандлёвыя кропкі. Кааператары наладзілі выязны гандаль, але наспела неабходнасць набыцця аўтамагазіна. Заклікаў працягнуць работу па нарошчванню аб’ёмаў нарыхтовак, добраўпарадкаванню тэрыторый вакол аб’ектаў гандлю і грамад-скага харчавання, а таксама палепшыць культуру абслугоўвання.

У заключэнне старшыня праўлення зазначыў, што цяжкасці ва ўсе часы аб’ядноўвалі калектыў, мабілізавалі на рашэнне пастаўленых задач. Лунінецкія кааператары маюць добры патэнцыял, які яны пастараюцца максімальна выкарыстаць.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть