Завочны клуб спажыўцоўЭкономика

“Мы служым народу”


Так, адкрываючы раённы конкурс “Лепшы па прафесіі”, акрэсліў асноўную задачу прадаўцоў у сферы абслугоўвання старшыня праўлення райспажыўтаварыства Максім Сумар.
Ён перакананы ў тым, што дасягнуць высокіх вынікаў у прафесійнай дзейнасці можна толькі ў тым выпадку, калі па сапраўднаму любіш справу, якой займаешся. Менавіта такой якасцю валодалі канкурсанты, што прадсталі перад строгім журы ў кафэ “Адпачынак”. Іх было 8.
Любы экзамен на прафесійнае майстэрства патрабуе смеласці, фантазіі, артыстызму і ўпэўненасці. Лягчэй тым, хто мае вопыт, але і зусім маладыя спецыялісты паказалі сябе з найлепшага боку. Першым выпрабаваннем была “візітоўка”. Згодна з праведзенай жараб’ёўкай, адкрыла праграму Вікторыя Філановіч з гастранома “Цэнтральны” філіяла “Мікашэвіцкае РГП”. Вершаванымі радкамі яна расказала пра сваю сям’ю, пра захапленне вандараваннямі, пра свой калектыў. Не шкадавала цёплых слоў у адрас “Цэнтральнага” яшчэ адна канкурсантка – Таццяна Вароніч, якая па выніх усіх выпрабаванняў заняла трэцяе месца. Парадавалі сваім выступленнем прадстаўніцы філіяла “Аптова-рознічнае аб’яднанне”. Чацвёрты год працуе ў магазіне №1 “Прадукты” аграгарадка Лунін Анастасія Жукава. Выпускніца політэхнічнага каледжа разам з калегамі дзень за днём імкнецца павышаць аб’ёмы продажу, а яшчэ заклікае купляць беларускае, напрыклад, сыр “Брэст-Літоўскі”, якія творча рэкламавала падчас конкурсу. Уразіла трывалымі ведамі тэорыі, абаяннем і дэвізам “Прафесіяй ганрыцца і ісці па жыцці па закліку часу” Анастасія Калянковіч з магазіна №54 “Прадукты”, што знаходзіцца ў Лахве. Ёй прысуджана другое месца. Яго яна падзяліла з абаяльнай, артыстычнай лунінчанкай Ірынай Грыцкевіч з магазіна “Вега” філіяла “Харчтавары”. Дзяўчына запомнілася сваёй адкрытасцю, шчырай усмешкай і творчым падыходам у рэкламе алею. Невялікую тэатрэлізаваную пастанаўку Ірына прадэманстравала з калегай па філіялу Артурам Дмоўскім, які закончыў Брэсцкі гандлёва-тэхналагічны каледж і зараз працуе ў магазіне №11 “Родны кут”. Рэдка ў нашых магазінах можна сустрэць мужчыну-прадаўца. Марыў калісьці стаць міліцыянерам, але медыцынская камісія не дала “дабро”. Артур жа прыкаваў да сябе ўвагу з першых хвілін конкурсу, прычым, быў на вышыні на працягу ўсіх выпрабаванняў і заслужана перамог.
Сярод прадаўцоў нехарчовых тавараў заявіліся толькі дзве ўдзельніцы. Людміле Наварыч вопыту не займаць, у райспажыўтаварыстве яна працуе 10 год. “Універмагу” пашанцавала на работніка, які ўпэўнена адчувае сябе ў прафесіі і ў жыцці. Яна абышла сваю саперніцу Яўгенію Чарнавокую, якая працуе ў магазіне “Заходні”.
У хуткім часе пераможцы прадставяць Лунінеччыну на абласным конкурсе. Спадзяемся, што і там яны парадуюць выдатным выступленнем і высокім месцам.
Алена ДАНІЛОВІЧ.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть