Завочны клуб спажыўцоў

Новы імпульс “бытоўцы”

З аптымістычным настроем сустрэлі Новы год работнікі і спецыялісты ўчастка бытавога абслугоўвання насельніцтва ЖКГ. Як паведамлялі, новае структурнае падраздзяленне ўзначаліў Юрый КУДРАЎЦАЎ, які расказаў:

Правялі аптымізацыю штатнага раскладу, пры гэтым захавалі ўсе рабочыя месцы, скарацілі толькі адміністрацыйна-ўпраўленчы апарат. Жыллёва-камунальная гаспадарка разлічылася па даўгах КБА, закупіла неабходныя матэрыялы, выплаціла заробкі. Хутка знайшлі фронт работы: швейны цэх заняўся пашывам спецадзення для чыгуначнікаў, сельгаспрадпрыемстваў і будаўнічых арганізацый не толькі раёна, але і суседніх Столінскага і Пінскага, а таксама “Водаканала” і ЖКГ. У бліжэйшых планах – масавы выраб пасцельнай бялізны з тканіны Баранавіцкага камвольнага камбіната, мяккіх падушак з сучасным напаўняльнікам і коўдраў на ваціне. Шукаем рынкі збыту. У 2014-ым плануем абнавіць абсталяванне ўчастка і павысіць заробкі да ўзроўню работнікаў ЖКГ. Як і раней, карыстаюцца попытам у насельніцтва цырульніцкія паслугі, пральня і аквачыстка. Апошняя вельмі актуальная пры доглядзе модных зараз “пухавікоў”. Распраўленыя на спецыяльным манекене, яны так акуратна апрацоўваюцца гарачай парай, што не застаецца нават і следу апрацоўкі. Кліенту такая паслуга абыдзецца ў 130-140 тысяч рублёў у залежнасці ад вагі вырабу. Калі ж спатрэ-біцца такім жа чынам абнавіць падушку, то за кожны кілаграм пуху трэба будзе заплаціць крыху больш як 25 тысяч рублёў. У параўнанні з ранейшым коштам гэтая паслуга стала нават танней на 5 тысяч рублёў.

У швейным цэху амаль за кожнай машынкай жанчыны, схіліўшы галаву, прастрочвалі рабочыя рукавіцы. Тут жа знаходзілася і мадэльер-тэхнолаг Святлана Гнедзька. Перш чым прыйсці на ўчастак, яна працавала закройшчыцай на Віцебшчыне, некаторы час займалася індывідуальным пашывам адзення. На пытанне, ці рэальна заказаць у камбінаце, напрыклад, модную прыгожую сукенку, адказала:
– Нашы людзі часцей за ўсё апранаюцца на рынках. Па іх меркаванню, там можна набыць самае таннае і моднае адзенне. Шыць жа на заказ – задавальненне дарагое і не кожнаму па-кішэні. Да таго ж, у Лунінцы абмежаваны выбар тканіны.
А вось пашыць мужчынскія штаны за 150 тысяч рублёў ці зімовае паліто на сінтэпоне за 1 мільён рублёў – можна без праблем. У гэтым запэўніла прыёмшчыца заказаў Таццяна Яблуноўская:
– Якасны і рознага колеру драп на паліто ў нас ёсць: прыходзьце, выбірайце, заказвайце. А яшчэ не забывайце здаваць у нашу пральню ватныя коўдры і цяжкія пледы. Вернем іх чыстымі, адрамантуем і вашы рэчы, незалежна ад матэрыялу, няхай там трыкатаж, скура ці тканіна.
Такой вясёлай, з іскрынкай у вачах на рабочым месцы Таццяну Іванаўну бачыць даўно не даводзілася.
– Не здзіўляйцеся, цяпер усе мы такія жыццярадасныя. Большасць нашых работнікаў, у тым ліку і я, працуем па 30 год, таму ёсць з чым параўноўваць. З уваходам у склад ЖКГ у нас, нарэшце, паявілася рэальная магчымасць працаваць на поўную магутнасць і зарабляць добрыя грошы.
Пакуль гутарылі, да стала заказаў падышла наведвальніца.
– Прынесла вам чарговую работу, – з усмешкай на твары звярнулася да прыёмшчыцы жанчына. – Памяняйце, калі ласка, маланку.
Як даведалася, лунінчанка Людміла Яцукевіч паслугамі камбіната карыстаецца пастаянна. Ёй падабаецца абслугоўванне і якасць выконваемых работ.
– Да таго ж танней, чым у прыватнікаў, – дадае заказчыца.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть