Завочны клуб спажыўцоў

Продаж па ўзорах

У апошні час у органы ўлады пачасціліся звароты спажыўцоў па пытаннях абароны іх правоў пры продажы тавараў па ўзорах. Гэты від гандлю імкліва развіваецца. Формы яго ажыццяўлення розныя – праз інтэрнэт-магазіны, шляхам дэманстрацыі ўзораў тавараў і (або) апісанняў тавараў па каталогах у гандлёвым аб’екце і па-за яго межамі. Што трэба ведаць пры набыцці тавараў такім чынам? Аб гэтым расказвае галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама Наталля МАРОЗАВА:
– Пры ажыццяўленні пакупкі праз інтэрнэт-магазін спажыўцу трэба ўважліва азнаёміцца з інфармацыяй, якая размешчана на сайце. Так, у адпаведнасці з Правіламі ажыццяўлення рознічнага гандлю па ўзорах, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў №31 ад 07.04.2004 г., павінны быць указаны назва прадаўца, рэжым працы, дата рэгістрацыі ў Гандлёвым рэестры Рэспублікі Беларусь, узор дакумента, які пацвярджае факт набыцця тавару, інфармацыя аб тавары і цане, умовы дастаўкі.
Пры куплі тавараў па ўзорах па-за гандлёвым аб’ектам, трэба засяродзіць увагу на тым, што ў адпаведнасці з Законам «Аб абароне правоў спажыўцоў» пакупнік мае права на свабодны выбар тавару (работы, паслугі) належнай якасцi ў зручны для яго час і з прадастаўленнем поўнай і дакладнай інфармацыі аб тавары.
Пры заключэнні дагавора куплі-продажу ўважліва чытайце яго змест! Прэтэнзіі па якасці (вяртанню тавару, бясплатным рамонце) лепш фіксаваць на паперы. Калі паўстане неабходнасць судовага разбіральніцтва, першае пытанне, якое зададуць у судзе: калі звярнуліся да прадаўца?
Апошнім часам на тэрыторыі Брэсцкай вобласці і рэспублікі асобныя арганізацыі шляхам правядзення дэманстрацыі і прэзентацый тавараў (як правіла, для такіх мэт арандуюцца плошчы кінатэатраў, Дамоў культуры і іншых грамадскіх будынкаў) рэалізуюць па ўзорах розныя віды тавараў: пасцельную бялізну, фільтры для вады, посуд… І ўсё б нічога, калі б не кошт, па якім яны прадаюцца! Зараз цэнаўтварэнне лібералізаванае, і суб’екты гандлю маюць права ўстанаўліваць цэны на тавары самастойна, зыходзячы з кан’юнктуры рынку, а таму кошт іншы раз завышаюць. Часта ў лік “падманутых” трапляюць людзі пенсійнага ўзросту. Пасля набыцця рэчаў часта ўзнікаюць сур’ёзныя праблемы, дзе часам цяжка разабрацца, спажывец набыў тавар па сваіх фінансавых магчымасцях ці ж яго яму навязалі.
Перш чым падпісаць дагавор куплі-продажу, нават калі тавары прапануюцца ў крэдыт ці растэрміноўку, добра падумайце, супастаўце кошт і якасць прадукцыі, напрыклад: ці можа рэальна каштаваць, напрыклад, прапанаваны набор посуду з каструлі і патэльні 1000-1500 долараў ЗША ў эквіваленце? Вядома, выбар за спажыўцом, тым не менш, узважце ўсе «за» і «супраць», уважліва азнаёмцеся з умовамі дагавора.
Для абароны сваіх інтарэсаў можна звярнуцца ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, у грамадскія аб’яднанні спажыўцоў, з іскам – у суд. У адпаведнасці з артыкулам 257 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь грамадзяне вызваляюцца ад выплаты дзяржаўнай пошліны па iсках, звязаных з парушэннем іх правоў, прадугледжаных заканадаўствам аб абароне правоў спажыўцоў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть