Завочны клуб спажыўцоў

Прыярытэт — айчынным таварам

продуктыГэтая выснова (пpaўда, у больш дакладнай інтэрпрэтацыі) неаднойчы гучала у ходзе дзелавой размовы, на якую сабраліся прадстаўнікі вядучых гандлёвых арганізацый Лунінеччыны і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца рэалізацыяй харчовых тавараў. Патрэбную танальнасць ёй адразу задаў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч, які паведаміў, што за 2 месяцы года на Лунінеччыне адзначана зніжэнне тэмпаў росту тавараабароту да 100,2 працэнта, а вынікі квартала абяцаюць апусціць гэтую планку ніжэй за 100 працэнтаў. Значыць, трэба тэрмінова шукаць шляхі выпраўлення становішча.

Пра тое, што яны павінны, перш за ўсё, быць законнымі, нагадала галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Наталля Марозава. Сёння закон патрабуе ўключэння ўсіх гандляроў у рэспубліканскую базу гандлёвага рэестра, што павінна прыйсці на змену знакамітаму ліцэнзаванню. Абавязковым для кожнага аб’екта з’яўляецца і асартыментны пералік прапаноўваемых тавараў. Вызначаюць яго гаспадары магазінаў самастойна. Аднак “вынаходзіць веласіпед” не давядзецца: у дапамогу ім Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь ужо распрацаваны адпаведны дакумент з пералікам тавараў, якія неабходна мець на паліцах. На месцах кожны павінен прыстасаваць яго да сваіх умоў з тым, каб абавязкова выконваць.

Па-ранейшаму строгі кантроль будзе весціся і за санітарным утрыманнем гандлёвых аб’ектаў. Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Віталь Дзегцяроў расказаў прысутным, што з пачатку года спецыялісты РЦГіЭ праверылі 15 суб’ектаў гаспадарання, 19 гандлёвых кропак і 11 пунктаў грамадскага харчавання. Амаль усюды былі выяўлены тыя ці іншыя парушэнні. Датычылі яны ўмоў захоўвання прадуктаў, дрэннага санітарнага стану памяшканняў і рэалізацыі харчовых тавараў з выйшаўшым тэрмінам выкарыстання. Справядлівасці дзеля, варта заўважыць, што летась гэтыя лічбы былі яшчэ горшымі. А значыць, становішча спакваля выпраўляецца.

Закранулі ў ходзе абмеркавання нюансы гандлю алкагольнай і тытунёвай прадукцыяй. У кантэксце праблемы прагучала прапанова абсталяваць буйныя (і не толькі) гандлёвыя кропкі сістэмамі відэаназірання. Прычым не толькі ўнутранымі, але і знешнімі.

Сустрэча праходзіла на хлебазаводзе. Думаю, месца было выбрана невыпадкова. Прадпрыемства з’яўляецца філіялам ААТ “Берасцейскі пекар” і стараецца ісці ў нагу з часам. Пастаянна абнаўляючы асартымент прадукцыі, імкнецца задаволіць самыя вытанчаныя густы пакупнікоў. Сведчыла пра гэта і выстава прадукцыі, прадстаўленая да ўвагі ўдзельнікаў нарады. Індывідуальныя прадпрымальнікі засведчылі, што тавары з маркай Лунінецкага хлебазавода добра ведаюць і ахвотна бяруць на рэалізацыю, балазе, праблем з іх дастаўкай у гандлёвыя кропкі няма: гэту місію бярэ на сябе завод. Штодня адсюль гатовы прывозіць у самыя розныя кропкі Лунінеччыны і не толькі свежыя хлебабулачныя, кандытарскія вырабы, зефір просты і ў шакаладзе, шарбет, лукум, мяккі ірыс і іншыя вырабы, смак якіх па вартасці ацанілі спажыўцы. Аднак у магазінах райспажыўтаварыства на паліцах гэтыя хлебазаводскія прысмакі не сустрэць. “Незразумела, чаму гандляры адмаўляюцца ад свежай і карыснай мясцовай прадукцыі і завозяць такую ж не толькі з іншых раёнаў і абласцей, але нават з-за мяжы? Тым больш, што раён па выніках першага квартала тавараў айчынных вытворцаў рэалізаваў менш, чым планавалася”, — канстатаваў Уладзімір Кавалевіч.

Дарэчы, якраз вакол штодзённага атрыбуту нашага стала — хлеба — разгарэлася найбольш ажыўленая спрэчка. Намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Берасцейскі пекар” Алег Несцярук, які браў удзел у нарадзе, зазначыў, што на Лунінеччыне два буйных вытворцы — хлебазавод і НВК “Палессе”. Яны здольны знайсці паразуменне ў арганізацыі гандлю гэтым запатрабаваным прадуктам. Аднак як растлумачыць, чаму на паліцах асобных прыватных і чыгуначных магазінаў перыядычна паяўляюцца хлебабулачныя вырабы з Мінска, Салігорска і іншых гарадоў? Няўжо наш хлеб саступае ім па смакавых якасцях? “Дык некаторым падабаецца “Нарачанскі”, — прагучала з залы. “Калі людзям так падабаецца “Нарачанскі”, мы зможам наладзіць яго выпечку на нашых прадпрыемствах”, — запэўніў Алег Несцярук.

Урэшце, вырашана было вывучыць сапраўдны попыт на хлеб найбольш запатрабаваных прывазных гатункаў з тым, каб, не пазбаўляючы людзей выбару, прапанаваць яго ў шырокім асартыменце і на любы густ, але з маркай мясцовых вытворцаў.

Да сабраўшыхся звярнуўся і дырэктар хлебазавода Канстанцін Аліфяровіч, які заклікаў гандлёвыя арганізацыі і індывідуальных прадпрымальнікаў да супрацоўніцтва, запэўніўшы, што з боку прадпрыемства заўсёды будуць захоўвацца самыя прывабныя ўмовы для супрацоўніцтва. А што да спажыўцоў, то яны ўсё часцей “галасуюць” рублём за мясцовую прадукцыю. І гэта — найлепшы доказ яе якасці!

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть