«Рэпутацыя — як грошы. Яе лягчэй зарабіць, чым захаваць»
Завочны клуб спажыўцоў

«Рэпутацыя — як грошы. Яе лягчэй зарабіць, чым захаваць»

IMG_1716Тое, што райспажыўтаварыства з года у год дабіваецца высокіх вынікаў у рабоце, — неаспрэчны факт, які падмацоўваецца лічбамі і ўкараненнем перадавых формаў гандлю.

Раскрыць сакрэт поспехаў лунінецкіх кааператараў вырашыў старшыня аблспажыўсаюза Леанід Янковіч. Ён наведаў гандлёвыя аб’екты ў Луніне, Палескім, Вульцы 1, Язвінках і ў Лунінцы і даў высокую ацэнку, адзначыўшы іх сучасны выгляд і шырокі асартымент тавараў. У цэху хлебапячэння звярнуў увагу на разнастайнасць хлебабулачных вырабаў, якіх тут выпускаецца 25 найменняў, і іх смакавыя якасці. Аб усім гэтым расказаў Леанід Сцяпанавіч, выступаючы на справаздачным сходзе ўпаўнаважаных Лунінецкага райспажыўтаварыства, якое на мінулым тыдні прайшло ў ГДК.

IMG_1699Па традыцыі мерапрыемства пачалося са справаздачнага даклада старшыні праўлення Максіма СУМАРА (на здымку разам з Леанідам ЯНКОВІЧАМ), які агучыў вынікі выканання галіновай праграмы развіцця спажыўкааперацыі на 2011-2015 гады і задачы па паляпшэнню абслугоўвання насельніцтва, далейшаму ўмацаванню фінансавага стану.

Максім Андрэевіч, у прыватнасці, адзначыў:

— Нам даводзіцца ўтрымліваць дасягнутае, сваю рэпутацыю. А яна — як грошы. Яе лягчэй зарабіць, чым захаваць. Жыццё не стаіць на месцы. Нам нельга заставацца ў баку, трэба мець добрую дынаміку, пры тым, што ўдзельная вага ў агульным аб’ёме рознічнага тавараабароту раёна зніжаецца. Ён склаў крыху больш за 50 працэнтаў супраць 52,6 працэнта па выніках 2013 года. Тэмпы росту рознічнага тавараабароту склалі 99,6 працэнта. Яго не забяспечылі ўсе філіялы, акрамя “НВК “Палессе”. Разам з тым, прадалі кожнаму жыхару раёна тавараў на суму 8,9 мільёна рублёў, што больш, чым у іншых раённых падраздзяленнях аблспажыўсаюза.

Лунінецкія кааператары значна актывізавалі работу па нарыхтоўках. Пры заданні 14 тон сабралі 59 тон лому і адходаў каляровых металаў. У лік дзяржаўных патрэб пастаўлена 189 тон шклобою, пры заданні 45 тон. За мінулы год ад здачы макулатуры, шклобою і другасных палімерных матэрыялаў атрымалі кампенсацыю ў суме 654,7 мільёна рублёў. Таксама нарыхтавалі 266,6 тон суніц садовых, 1926,9 тон яблык, перапрацавалі 641,5 тон мяса.

Значна ўзрасла актуальнасць забеспячэння дзяржаўнай праграмы па экспарце. Летась, дзякуючы рэканструкцыі забойнага цэха, атрымалі дазвол на адгрузку мяса за мяжу. У выніку тэмпы росту экспарту склалі 212,9 працэнта, а ўсяго прададзена прадукцыі на 476 600 долараў ЗША.

Працуючы рэнтабельна, кааператары значную ўвагу надаюць удасканаленню матэрыяльнай базы. Сродкі ў памеры 13,8 мільярда рублёў накіравалі на рэканструкцыю і будаўніцтва такіх аб’ектаў, як магазіны: “Марк Фармэль”, тавараў паўсядзённага попыту ў Лахве і Палескім, “Прадуктовы домік”, “Вега”, “Універсам “Палессе”, забойнага цэха, адміністрацыйнага корпуса філіяла “Аўтабаза”, а таксама перавод на газ цэха хлебапячэння ў Мікашэвічах.

Варта адзначыць, што рады пайшчыкаў, у ліку якіх пераважаюць работнікі райспажыўтаварыства, павялічваюцца (толькі за мінулы год — на 94 чалавекі). На 1 сакавіка іх колькасць склала 3048. Праўленнем ім прадастаўлены льготы: набыццё тавараў па дысконтных картах пайшчыка ў магазінах, аснашчаных камп’ютарнай сістэмай з прадастаўленнем 5-працэнтнай скідкі.

Завяршаючы выступленне, Максім Сумар пажадаў усім поспехаў і невычэрпнай энергіі. Толькі эфектыўнай працай на ўсіх участках можна дасягнуць жадаемага выніку. Неабходна мінімізаваць выдаткі па кожным напрамку дзейнасці і выйсці на высокарэнтабельную работу. Ён выказаў упэўненасць, што спажывецкая кааперацыя годна выканае ўсе задачы, якія ставяць перад ёй кіраўнік дзяржавы і мясцовая вертыкаль.

У сходзе ўпаўнаважаных таксама прынялі ўдзел старшыні: райвыканкама — Вааль Агіевіч і райсавета — Віктар Рафаловіч.

Васіль Міхайлавіч даў станоўчую ацэнку дзейнасці кааператараў, выказаў удзячнасць калектыву за адданую працу, актыўны ўдзел ва ўсіх грамадска-палітычных мерапрыемствах. Выказаў спадзяванне, што райспажыўтаварыства і надалей будзе актыўна развівацца, а лунінчане — з задавальненнем наведваць гандлёвыя кропкі. Прыемным падарункам для кааператараў стаў канцэрт, падрыхтаваны работнікамі і самадзейнымі артыстамі ГДК.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть