Завочны клуб спажыўцоў

У цішыні глыбінкі

У невялікіх вёсачках, дзе жылыя дамы амаль што можна пералічыць на пальцах, жыццё ціхае і размеранае. Адзіным аб’ектам, дзе мясцовыя жыхары могуць сабрацца разам і абмяняцца апошнімі навінамі з’яўляецца невялікі магазін з таварамі паўсядзённага попыту. Тут кожнага са сваіх добра ведаюць, і адразу заўважаюць, калі паяўляецца нехта малазнаёмы.

У аддаленай частцы Краснай Волі, вядомай мясцовым жыхарам пад умоўнай назвай Язвішча, якраз такі спакойны побыт. Аб тым, чым найбольш цікавяцца аднавяскоўцы, што з тавараў набываюць часцей за ўсё, добра вядома прадаўцу Валянціне СВІБОВІЧ. За некалькі год работы яна вывучыла густы і перавагі сваіх пакупнікоў, а таксама ведае, што хвалюе і непакоіць гэтых людзей.

Валянціна Міхайлаўна жыве ў цэнтры аграгарадка. Свой лёс з гандлем звязала яшчэ ў маладосці, калі 10 год пасля вучылішча працавала ў магазіне на цэнтральнай сядзібе. Пазней перайшла ў якасці бухгалтара і сакратара ў тагачасны калгас “Чырвоны Кастрычнік”. Думала што там сустрэне пенсійны ўзрост, але далучэнне сельгаспрадпрыемства да суседняй гаспадаркі ў Міжлессі прывяло да скарачэнняў.

Адміністрацыйны будынак былой канторы запуставаў, а жанчына зноў вярнулася за прылавак. Папрацавала 10 год у ранейшым калектыве. На невялікі тэрмін кіраўніцтва папрасіла прыняць магазін у аддаленай частцы, дзе на той час не было прадаўца. За некалькі месяцаў прызвычаілася да некалькі іншых умоў, да цішыні, і гэта спадабалася. Вырашыла застацца тут на пастаянна.

Такому раскладу ўзрадаваліся мясцовыя жыхары. Цяпер яны ведалі, што будуць са свежым хлебам і малаком, заўсёды могуць параіцца наконт прадстаячай пакупкі і заказаць неабходны тавар. Адзінае, чаго непакояцца, што Валян-ціна Міхайлаўна ўжо атрымлівае пенсію, і можа ў любы час пакінуць работу.

Але жанчына баіцца адзіноты, таму і спяшаецца адчыніць дзверы гандлёвай кропкі, ветліва сустрэць пакупнікоў. Так склалася, што 8 год таму яна пахавала мужа Андрэя Іванавіча. Дачка Таццяна асталявалася ў Гомельскай вобласці. Там выйшла замуж, нарадзіла дачушак Дашу і Машу, працуе ў дзіцячым садзе.

У роднай вёсцы жыве сын з сям’ёй. На работу ездзіць у райцэнтр на чыгунку, сыны Ваня і Сямён ходзяць у школу. Бабуля хвалюецца і радуецца першым поспехам хлопчыкаў і дзяўчынак, заўсёды чакае да сябе ў госці.

Раней Валянціна Міхайлаўна любіла пасядзець за рукадзеллем. Але паступова стала аддаваць захапленню менш часу, бо знізілася запатрабаванасць створаных рэчаў. Яны акуратна складзены ў шафе – шкада і пазбавіцца ад іх, і прымяніць асабліва няма куды.

З узростам не зменшылася любоў да кніг. Кожны месяц у вёску наведваецца аўтаклуб, прывозячы новыя творы. Падбіраючы тэматыку на свой густ, чытачка з ахвотай абменьвае літаратуру, раіцца з бібліятэкарамі пра іншыя публікацыі любімых аўтараў. Быць у курсе сучаснага жыцця дапамагаюць весткі з газет і часопісаў, якія таксама разгортвае з вялікай ахвотай.

Работа вясковага прадаўца заключаецца не толькі ў тым, каб ветліва прапанаваць тавар, палічыць грошы і правільна аддаць рэшту. Бабулькі часам заходзяць у магазін, каб вырашыць многія іншыя пытанні. Адна не можа разабрацца з прыёмам лякарства, другая заблытаецца ў функцыях мабільнага тэлефона. Іншым хочацца ведаць, якім будзе заўтра надвор’е, што цікавага адбылося ў сваёй і суседніх вёсках. Людзі ідуць, каб расказаць пра набалелае, дзеляцца асабістымі радасцю і трывогай.

Калі ў магазіне выхадны дзень, вёсачка выглядае больш сіратліва. На вуліцы мала прахожых, навокал стаіць цішыня. За тэрміновымі пакупкамі маладзейшыя накіроўваюцца ў цэнтр, а большасць мясцовых жыхароў чакаюць заўтрашняй раніцы. Тады навакольнае жыццё вяртаецца ў прывычнае рэчышча, прыязджаюць машыны з прадуктамі, а прадавец сустракае з усмешкай.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть