Завочны клуб спажыўцоў

«Ужо засумавалі па школе…»

Не хавалі гэтага юныя землякі, якія зараз разам з бацькамі “штурмуюць” школьныя кірмашы, рынкі і магазіны райспажыўтаварыства, каб новы навучальны год сустрэць у поўнай “баявой” гатоўнасці.

Паколькі сёлета на першавераснёў-скую лінейку аўтар гэтых радкоў адпра-віцца разам з двума сынамі, то свой чарговы “шопінг” прымеркавала да набыцця канцылярскіх прыналежнасцей. Што датычыць адзення і абутку, то, навучаная горкім вопытам мінулых год (“мне не падабаецца, таму насіць не буду!”), за імі адпраўляемся ўсёй сям’ёй.

Яшчэ ў ліпені на рынку ў райцэнтры адкрыліся школьныя кірмашы. Працуюць яны штодня, акрамя панядзелка, з 9.00 да 14.00. У павільёне ад магазіна “1000 дробязей” філіяла “Аптова-рознічнае аб’яднанне” прапануе тавары да школы Алена Арабей (на здымку). У час нашага візіту прадавец разлічвала лунінчанку Наталлю Штэйнберг (на здымку – разам з дачушкай Лізаветай). Пачуўшы вялізную суму, матуля прызналася: “Малавата грошай прыхапіла. Адзін вунь толькі рукзак каштуе амаль 52 рублі! А трэба і пенал, і ручкі, і алоўкі, і яшчэ шмат чаго”. Наталля Іванаўна расказала, што ў сям’і выхоўваюцца трое дзяцей. Паколькі старэйшаму споўнілася ўжо 18 год, то права на матэрыяльную дапамогу ад дзяржавы да школы не маюць. Сярэдні хлопчык паступіў у політэхнічны каледж, а малодшая дачушка пойдзе ў 6-ты клас СШ №1 г. Лунінца. На яе падрыхтоўку бацькі патрацілі каля 300 рублёў.

А вось у доме вяскоўца Аляксандра Соца (на здымку), чыя дачушка Дар’я – 3-класніца Язвінскай СШ, даходамі і расходамі загадвае жонка. Дакладную суму, выдзеленую на школьныя прыналежнасці, бацька прыгадаць не змог, затое з лёгкасцю разлічыўся за канцтавары. Яго чэк склаў амаль 35 рублёў.

Мой малодшы сынок пойдзе ў першы клас, і за пакупкамі адправілася са спісам, які знайшла на сайце нашай школы. Нам спатрэбяцца: сшыткі (у вялікую клетку, вузкую і шырокую лінейкі) – 11 капеек, вокладкі для іх – 7 кап., шарыкавыя ручкі – 22-44 кап., алоўкі (простыя – 22-41 кап., каляровыя ў залежнасці ад колькасці – 2,36-4,70 руб. (за 12 штук), лінейка – ад 28 кап. (драўляная) і ад 30 кап. (пластмасавая), нажніцы – 1,48-1,70 руб., тачылка – 27 кап., фарбы – 1,17-5 руб. (акварэльныя), 3,40-6,35 руб. (гуаш), клей ПВА – 86 кап., падстаўка для кніг – 1,75 руб., каляровая папера – 0,57-2 руб., кардон – 1,90-2,40 руб. (каляровы) і 1,13-1,80 руб. (белы), пластылін – 1,79-6 руб., падложка для яго – 3 руб., альбом для малявання – 0,87 (24 лісты), 1,66-2,50 (40 лістоў), веер лічбаў – 1,67 руб., палачкі для ліку – 0,77-1,20 руб., папка на 20 файлаў – 1,50 руб. Такім чынам, атрымалася мінімум 20 рублёў (прычым, лічыла па адной рэчы, а тых жа сшыткаў і вокладак трэба куды больш). Дадаць сюды яшчэ рукзакі (22-56 руб.), пеналы – 3,17-11 руб., фламастары – 1,70-7,36 руб., сшыткі: звычайныя на 12 лістоў – 13 кап., паўагульныя – 57-90 кап., агульныя – 0,79-1,54 руб., іншыя прылады ды і “набяжыць” 100 рублёў. А калі ў сям’і гадуюцца некалькі дзетак, сума атрымліваецца ўнушальнай.

Ёсць у нашым спісе першакласніка яшчэ спартыўныя форма і абутак. Цэны на рынку ў індывідуальных прад-прымальнікаў пачынаюцца ад 25 рублёў. Столькі ж каштуюць дзявочыя штаны, блузка – 30, сарафан – 35. На рэчы для хлопчыка цэны пачынаюцца: на кашулю – ад 20 рублёў, на штаны – ад 40. Прыкладна ў такім жа дыяпазоне вагаецца кошт на абутак. Вышэйшыя лічбы на цэнніках у магазінах, аднак і якасць там адпаведная.

Зазірнуўшы ў “Непаседу”, упэўнілася, што тут можна падрыхтаваць дзіця да школы, як кажуць, ад “А” да “Я”. Загадчыца гандлёвай кропкі Людміла Кухарчук расказала, што пакупнікам прапануюць шырокі асартымент тавараў беларускай вытворчасці. Гэта ААТ “Славянка” (г. Бабруйск), ТДА “Панда” (г. Брэст), ЗАТ “Калінка” (г. Салігорск), ААТ “Абутак” (г. Магілёў), фабрыка “Нёман” (г. Гродна), ТДА “Леоджы”, “Марка” і “Санмарка” (усе – г. Віцебск), ААТ “Галантэя” (г. Мінск). Можна знайсці: для дзяўчынак – камізэльку (32 рублі – тут і далей кошт сярэдні), спадніцу (22), сарафан (35), пінжак (60), штаны (30), блузку (35); для хлопчыка – кашулю (30), пінжак (65), штаны (35), камізэльку (30). Такім чынам, за ўбор для вучаніцы бацькі заплацяць больш як 210 рублёў, для вучня – 160. Сямейны бюджэт істотна паменшыць і абутак. Цэны на яго вагаюцца ў межах 70-90 рублёў.

У магазіне прадугледжаны продаж за наяўны і безнаяўны разлік. Разумеючы складанае фінансавае становішча многіх пакупнікоў, тавары можна набыць у растэрміноўку з першапачатковым узносам 25 працэнтаў кошту (спатрэбіцца даведка аб даходах). А мнагадзетныя сем’і прыемна парадуюць 10-працэнтныя скідкі.

Увогуле, колькі траціць на любімых сыночкаў і дачушак – асабістая справа кожнага. Можна і за 200 рублёў падрыхтаваць школьніка, а камусьці і 500 акажацца малавата… Самае галоўнае, каб усе дзеткі былі здаровымі і з задавальненнем прыступілі да засваення новых ведаў!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть