Завочны клуб спажыўцоў

Яблычкі не ў цане

Яблоки

Ураджай на яблыкі сёлета добры. Кааператары яшчэ ў пачатку жніўня актывізавалі сваю дзейнасць. Аднак, парадокс: пладоў хоць і шмат, але здаваць іх адны гаспадары не спяшаюцца з-за нізкіх цэн, іншыя не ведаюць, як сабраны ўраджай давезці да нарыхтоўшчыкаў, трэція да пункту здачы прывозяць, але іх чамусьці не прымаюць.

У кожным вясковым магазіне спажыўкааперацыі ў “Кутку здатчыка” размешчана інфармацыя для тых, хто жадае збыць лішкі прадукцыі, вырашчанай у садах і на градках. На сённяшні дзень аб’явы сведчаць, што апад купляюць па 5 капеек за кілаграм. Такія ўмовы закупкі задавольваюць далёка не ўсіх вяскоўцаў. Вось і Таццяна Іванаўна са сваім ураджаем да нарыхтоўшчыкаў не спяшаецца:

– Здаваць прыгожыя, адборныя яблыкі па 5 капеек за кілаграм нявыгадна. – Я – пенсіянерка, і лішкі сельгаспрадукцыі стараюся вывозіць на рынак. Тут яблыкі хутка разыходзяцца па больш высокай цане. Не вельмі прывабную на выгляд садавіна рэжу і сушу. Зімой кампот варыць буду.

Жыхарка вёскі Вічын Кацярына спрабавала здаваць лішкі яблык, але таксама зразумела, што гэта “сабе даражэй”:

– Папрасіла суседа завезці два мяхі паданак да магазіна ў Цне, дзе стаіць машына нарыхтоўшчыкаў, дык заробленых грошай баюся і на бензін не хопіць. Вядома, шкада, што яблыкі прападуць, але збіраць і аддаваць амаль дарма – гэта няправільна.

Заходзім у магазін у Вічыне.

– Ці прымаеце яблыкі?

– Наш філіял “Аптова-рознічнае аб’яднанне” райспажыўтаварыства прымае, – тлумачыць прадавец Вольга Грыневіч. – У магазіне працую адна, таму не магу адначасова прымаць яблыкі і адпускаць тавар. Але машыны па графіку стаяць каля магазінаў у Дварцы, Цне, Ракітна… Аб тым, дзе вядзецца нарыхтоўка, паведамляю мясцовым жыхарам, якія жадаюць здаць яблыкі.

Каля машыны ў Цне сабраліся здатчыкі: хто на веласіпедзе, хто на цялежцы, а хто і ў руках прыцягнуў садавіну, як дзед Кастусь:

– Я тут недалёка жыву. Не скажу, што сёлета ў мяне добры ўраджай на яблыкі, але ўсе нясуць здаваць, і я таксама. Мне, у мае 90 год, не пад сілу падняць мех, дык я патрошкі…

Пад’ехаў мікрааўтобус. Разгаварыліся з гаспадаром Юрыем:

– Прыехаў з Сасноўкі. У нас сад вялікі.

– Шмат прывезлі?

– Вось глядзіце, – адчыняе дзверы “буса” Юрый. – З дзвюх яблынь назбіралі 12 мяхоў. Яблыкі добрыя, а вось цана на іх… Але што рабіць? Шкада пакідаць садавіну гніць пад дрэвам.

– Ужо не першы раз за сезон прывожу яблыкі, – расказвае мясцовы жыхар Валерый. – Раней у нас быў вялікі сад, але нядаўна амаль усе дрэвы выкарчаваў, пасадзіў галубіку. Першы ўраджай сёлета сабраў – 30 вядзерцаў. Гэту ягаду прадаў па 8 рублёў за кілаграм перакупшчыкам. Былі б яблычкі хаця б па 10 капеек, было б справядліва…

У Цне прадаўцы Ірына Германовіч і Святлана Даніловіч задаволены тым, як ідзе работа. 16 жніўня тут нарыхтавалі 8640 кілаграмаў яблык, а за 2 дні да гэтага – каля 14 тон. Каб здаць лішкі садавіны, сюды прыязджаюць не толькі жыхары Цны, але і суседніх вёсак – Кажан-Гарадка, Дрэбска, Вічына.

У Лунінцы ў прыёмным пункце “НВК “Палессе” райспажыўтаварыства таксама бяруць яблыкі па 5 капеек за кілаграм. Але актыўнасць здатчыкаў намнога слабей – усяго 700 кілаграмаў за 2 дні. А вось чарнаплодную і чырвоную рабіну лунінчане нарыхтоўваюць больш. Толькі за 3 гадзіны раніцы тут напоўнілі адпаведна 4 бочкі і больш як 10 скрынь…

рябина

Пачынаючы з 2014 года, закупачная цана на яблыкі (апад) не мяняецца – 500 рублёў у старым ці 5 капеек – у новым вымярэнні. Зразумела, гэта не радуе насельніцтва. Чаму цана нізкая?

– Не мы дыктуем цэны, а перапрацоўчыя прадпрыемствы, – адказвае старшыня праўлення райспажыўтаварыства Максім Сумар. – З вялікім задавальненнем прынялі б па больш высокай цане, што выгадна было б не толькі лунінчанам, але і кааператарам. Да таго ж, нізкая цана стрымлівае актыўнасць здатчыкаў. Між тым, па Брэсцкай вобласці ў нас самыя высокія расцэнкі. З пачатку яблычнага сезона нарыхтавалі толькі апаўшых пладоў 248 тон. Усяго ж з улікам таварнай прадукцыі мяркуем выканаць план у 1,5 тысячы тон. Разам з яблыкамі актыўна вядзецца нарыхтоўка чарнаплоднай і чырвонай рабіны па цане адпаведна 25 і 30 капеек.

Магчыма кааператары і выканаюць свае планы, але ў гэтым годзе вяскоўцы ўпэўнены, што ім больш выгадна не здаваць яблыкі нарыхтоўшчыкам, а варыць кампоты ці складзіраваць ураджай у кампостныя яміны.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть