Завочны клуб спажыўцоў

Давярай, але правярай

У рэдакцыю звярнулася лунінчанка, якая жыве ў раёне Залесся, і паскардзілася на тое, што ў магазіне №17 “Харчтавары” непадалёку ад СШ №3 не ўсё яе задавальняе. Так, напрыклад, садавіна знаходзіцца ў каробках, а цэннікі напісаны на сцяне, прычым, вельмі маленькімі лічбамі. Да таго ж, па яе словах, і прадукцыя іншы раз рэалізуецца пратэрмінаваная.
Накіравалася па названым адрасе, каб знайсці ўбачанаму пацвярджэнне і нават фотаапарат прыхапіла. Гэты магазін з даўніх часоў, аса-біста ў мяне, асацыіраваўся з цёмным памяшканнем, якое хутчэй нагадвала падвал, чым гандлёвы аб’ект. Якім жа было здзіўленне, калі ўбачыла прасторную залу з цудоўным асвятленнем, сучаснымі прылаўкамі, акуратнай выкладкай! Асартымент садавіны і агародніны, хаця і невялікі, але ёсць. Цэны вертыкальным стаўбцом размешчаны на сцяне якраз на ўзроўні вачэй. Лічбы прыкладна памерам 4 сантыметры напісаны фламастарам. Не заўважыць іх можа хіба што чалавек з вельмі дрэнным зрокам.
Пацікавілася ў загадчыцы магазіна Алены Драніч, ці даўно такім чынам размешчаны і напісаны цэннікі.
– З моманту адкрыцця пасля рамонту гандлёвага аб’-екта, – пачала размову прадавец. – Мы адкрыліся 26 кастрычніка мінулага года. Вось ужо амаль тры месяцы працуем у такіх цудоўных умовах. Сярод нашых пакупнікоў шмат пенсіянераў, таму стараемся ўсё рабіць для зручнасці спажыўцоў. Пашырылася гандлёвая плошча, значна павялічыўся асартымент, тавараабарот узрос больш як у два разы. А што датычыць садавіны і агародніны, то гэта часова яны знаходзяцца ў каробках. Ужо заказалі спецыяльную вітрыну, думаю, яна зробіць магазін яшчэ больш утульным.
– А што скажаце
наконт пратэрмінаванай прадукцыі?
– Санітарная служба часта праводзіць праверкі. Штрафы за рэалізацыю такіх тавараў вельмі высокія. Таму кожная раніца ў нас пачынаецца з таго, што ўважліва пераглядаем прадукцыю, якая знаходзіцца на вітрынах і прылаўках.
Развітваючыся з прадаўцамі, пацікавілася ў пакупнікоў, ці задаволены яны магазінам і абслугоўваннем. У адказ чула толькі станоўчыя водгукі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть