Завочны клуб спажыўцоў

Купляць, дык з настроем!

кирмаш

Афіцыйна кірмаш у Лунінцы павінен быў пачацца ў нядзелю ў 8 гадзін раніцы. Аднак, ні гандлярам, ні пакупнікам не спалася ў гэты дзень. Да пазначанага часу некаторыя разваротлівыя прадаўцы паспелі амаль цалкам распрадацца.

Так, напрыклад, у СВК “Новае Палессе” хутка раскупілі проса, трыцікале, авёс, не засталося следу ад мёду, сена, саломы і арганічнага ўгнаення. На “ўра” пайшла бульба з Палескай станцыі. Дарэчы, менавіта тут яна была па самай выгаднай цане — 1800 рублёў за кілаграм. Карысталася попытам морква фермерскай гаспадаркі “Юліян” па 2100 рублёў. Аднак, тым, хто доўга спаў, яе не хапіла. Але не трэба расчароўвацца: гэта не апошні кірмаш у сёлетнім сезоне.

Агародніна з сельскагаспадарчага каледжа — капуста (3000 рублёў), буракі (3500), цыбуля (5000) — перавандравала ў засекі дбайных гаспадынь. Некаторыя ўважлівыя гараджане адзначалі: “У магазінах райспажыўтаварыства цыбулю можна знайсці па больш таннай цане”. Аднак, на тое ён і кірмаш — кошт на адну і тую ж прадукцыю на працягу дня можа змяняцца ў залежнасці ад попыту на тавар.

Трэба адзначыць, што сельгаскаледж прывабліваў не толькі вырашчаным ураджаем, але і мастацкімі талентамі навучэнцаў. Радаваў народ вядучы Ігар Русецкі, які ў гэты дзень адзначаў свой 19-ы год нараджэння.

Акрамя агародніны на гандлёвых радах можна было набыць журавіны і грыбы. Пацікавілася, адкуль такія прыгожыя баравічкі. Гаспадыня падзялілася сакрэтам: “3-пад Велуты”.

Чаргу можна было назіраць у гэты дзень каля машын з жывой рыбай — як насупраць краязнаўчага музея, так і на Прывакзальнай плошчы. Попытам карысталіся карпы, таўсталобікі, а таксама вэнджаная рыба. Нельга было не спакусіцца на каўбасу з СВК “Дварэцкі”, на якую таксама было шмат аматараў.

Тыя, хто марыў абнавіць свой сад новымі пладовымі дрэвамі, мелі магчымасць выбраць не толькі неабходныя саджанцы, але пачуць карысныя парады па догляду за імі і даведацца аб смакавых якасцях той ці іншай садавіны.

Шмат цікаўных позіркаў заслужылі машыны з СВК “Хваецкае” і ПСУП “Рэдзігерава-Агра”, дзе размясціўся сапраўдны заапарк. Качкі, куры, індыкі, цяляты, трусяняты, парсючкі прыцягвалі ўвагу як дарослых, так і дзяцей. І на жывы тавар попыт быў, аб чым сведчылі пустыя клеткі і скрыні ў канцы кірмашу.

Прывакзальная плошча ператварылася ў вялікае кафэ пад адкрытым небам. Прадпрыемствы райспажыўтаварыства і ОРСа прапаноўвалі шашлыкі, кандытарскія і кулінарныя вырабы. Тут жа можна было адпачыць, заслухаўшыся мілагучнымі песнямі і жартоўнымі байкамі. У канцэртнай праграме бралі ўдзел музычныя калектывы “Жывіца”, “Сустрэча”, “Весніца”, “Крынічанька”, “Світанак”, “Вандроўнікі”, “Шляхцічы”, а таксама шэраг вакалістаў гарадскога Дома культуры.

Пакуль дарослыя дарылі апладысменты самадзейным артыстам, малышы каталіся ў скверы на каруселях, частаваліся салодкай ватай і папкорнам.

Цудоўнаму настрою спрыяла і па-летняму цёплае надвор’е. Хто б што ні казаў, а свята ўраджаю атрымалася!

Алена Даніловіч

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть