МикашевичиЗавочны клуб спажыўцоў

Лета у засеках

mikashevichi-yarmarka

На Лунінеччыне стартавау сезон восеньскіх сельскагаспадарчых кірмашоу. Першы прайшоу у Мікашэвічах у мінулую суботу.

З раніцы бойкі гандаль разгарнуўся на вуліцы Першамайская. Прадаўцы грунтоўна падрыхтаваліся да кірмашу. Усе без выключэння “магазіны на колах” прыцягвалі ўвагу разнастайнасцю агародніны, садавіны, рыбы, мясных паўфабрыкатаў, мёду, а таксама расадай ягад, саджанцамі кустоў і дрэў, сельскагаспадарчымі прыладамі і агрэгатамі. Натоўп наведвальнікаў сабрала дзяржаўнае прадпрыемства «Новае Палессе», дзякуючы жывому тавару — маленькаму чорнаму бычку па мянушцы Борка. Акрамя гэтай гаспадаркі сваю прадукцыю прапаноўвалі дзяржаўнае прадпрыемства “Гарадоцкі”, СВК “Дварэцкі”, а таксама прыватнікі і фермеры Лунінеччыны. Не засталіся ўбаку ад мерапрыемства і суседзі — жыхары Столінскага, Пінскага, Жыткавіцкага, Ганцавіцкага і Салігорскага раёнаў.

Попытам карысталіся ўгнаенні і салома, якія, у літаральным сэнсе, распрадалі за некалькі хвілін. А вось спіс самай папулярнай агародніны ўзначаліла бульба, кошт на яе вагаўся ад 10 да 30 капеек за кілаграм. Чэргі збіраліся каля прылаўкаў з морквай, буракамі, цыбуляй і капустай. Цана на гэту прадукцыю была ў межах 25-50 капеек за кілаграм.

Нягледзячы на тое, што конкурс на лепшую арганізацыю гандлю сельскагаспадарчай прадукцыяй не праводзіўся, многія з удзельнікаў кірмашу паклапаціліся не толькі аб разнастайнасці на сваіх прылаўках, але і іх афармленні.

Марына, 35 год: Прыемна, што мясцовая ўлада ўзяла на ўзбраенне вопыт Лунінца, дзе падчас мера-прыемстваў такога кшталту гандлёвыя рады знаходзяцца на праезнай частцы адной з цэнтральных вуліц. Сёлета і ў нас прадаўцам хапала месца для выгаднага размяшчэння сваёй прадукцыі, людзей пазбавілі таўкатні. А яшчэ, што таксама вельмі важна, у пакупнікоў была магчымасць адразу забраць свае пакупкі, пад’ехаўшы да гандлёвых прылаўкаў на тэхніцы.

Анатоль, 50 год: Разнастайны асартымент – гэта добра, як і тое, што змянілі месца правядзення, адмовіўшыся ад цеснага пятачка каля гандлёвага цэнтра «Акварыум». Аднак неабходна было загадзя паклапаціцца аб інфармаванні людзей, што аўтамабільны рух па вуліцы Першамайская часткова перакрыюць. Таксама адсутнічалі звесткі аб часовых зменах маршруту руху гарадскога аўтобуса, што даставіла пэўныя нязручнасці.

Антон, 27 год: На першы погляд, гандлёвыя рады сёлетняга кірмашу занадта расцягнуліся: пакуль дой-дзеш да апошняй машыны, забудзешся, што бачыў на першых прылаўках. Тым больш, пры такой разнастайнасці тавараў. Але ўспомніце, у якіх умовах гандлявалі каля «Акварыума»! Таму, дзякуй за клопат!

Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Кавалевіч, усяго на кірмашы было прададзена 5,3 тоны плодаагародніннай прадукцыі на суму каля 2 тысяч рублёў. Гандаль ажыццяўлялі 6 сельгаспрадпрыемстваў і 2 фермерскія гаспадаркі, а таксама тры дзясяткі фізічных асоб.

У нядзелю, 9 кастрычніка, з 8 гадзін раніцы гандаль разгорнецца ў Лунінцы па вуліцы Савецкая. Набыць цвёрдыя кармы і арганічнае ўгнаенне можна будзе на пляцоўцы каля аўтастанцыі. Да ўдзелу ў кірмашы запрашаюцца вытворцы сельскагаспадарчай прадукцыі: прадпрыемствы, фермерскія гаспадаркі, індывідуальныя прадпрымальнікі, пчалаводы і насельніцтва раёна.

Наступныя кірмашы пройдуць 15 кастрычніка ў Мікашэвічах і 30 кастрычніка ў Лунінцы.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть