«Мотальскія прысмакі» запрашаюць гасцей
Завочны клуб спажыўцоў

«Мотальскія прысмакі» запрашаюць гасцей

Міжнародны кулінарны фестываль у восьмы раз пройдзе 12-13 жніўня ў аграгарадку Моталь Іванаўскага раёна.

Адзін з асноўных яго напрамкаў – папулярызацыя беларускай кухні, вырабаў харчовай прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Асаблівасць «Мотальскіх прысмакаў» яшчэ і ў тым, што ён стаў месцам сустрэч дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў розных краін, сяброў і гасцей з усіх куткоў нашай краіны, блізкага і далёкага замежжа.

Маталяне заўсёды адрозніваліся любоўю да парадку на зямлі, практыцызмам і настойлівасцю. Гаспадарская жылка і ўменне працаваць перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Жыхары аграгарадка былі і сёння застаюцца самымі прадпрымальнымі і вынаходлівымі не толькі ў сваім рэгіёне, але і за яго межамі. І робяць усё грунтоўна. Традыцыйна на фестывалі будзе прадстаўлена прадукцыя прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў Моталя, а таксама Пінска, Кобрына, Брэста, Бярозы і Мінскага раёна.

Калі вы любіце ствараць цуды сваімі рукамі, укладваючы ў свае творы душу, эмоцыі і пачуцці, вас чакаюць у «Горадзе майстроў». У выставе-продажы прымуць удзел ганчары, кавалі, разьбяры па дрэве. Будуць прадстаўлены вырабы з саломы і лазы, прадметы ткацтва і сучаснага мастацтва. Сваю сувенірную прадукцыю пакажуць умельцы з Віцебска, Мінска, Гродна, Баранавіч і іншых гарадоў і вёсачак.

Акрамя калектываў аматарскай творчасці Іванаў-шчыны, суседніх раёнаў, сваю святочную праграму прадставяць творчыя калектывы з Украіны, Польшчы, Літвы, Расіі, а таксама з Кітайскай Народнай Рэспублікі. У вячэрнім канцэрце выступяць удзельнікі рэспубліканскага праекта «Новыя імёны Беларусі».

Аргкамітэт запрашае ўсіх жадаючых добра адпачыць і смачна паесці 12-13 жніўня ў казачны Моталь на беразе Ясельды.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть