«Прыкупіла баба Зося, што па скідках засталося»
Завочны клуб спажыўцоў

«Прыкупіла баба Зося, што па скідках засталося»

Цэны ў магазінах усё больш балюча б’юць па кішэнях. Абвяшчэння сумы на касе часам чакаеш з непрыемным халадком, а 20 рублёў, на якія яшчэ нядаўна можна было купіць годны набор прадуктаў, цяпер проста  сыдуць на сціплую сямейную вячэру.

Размовы пра тое, што прадукты ў нас падаражалі,  чую літаральна кожны дзень. Аднойчы вырашыла прыгатаваць “званую вячэру”, а заадно даведацца, у якой харчовай гандлёвай сетцы – райспажыўтаварыства, «Санта» ці «Еўраопт» –  прадуктовы будзе найбольш танным. У гасцей  загадзя распытала пра іх смакавыя перавагі. Таня замовіла галубцы, нашы мужчыны не супраць паесці «Аліўе» ўпрыкуску з запечанай курыцай, адбіўной ці рыбай, а Юля – і зусім на дыеце, таму ў меню – адна агародніна ды садавіна. Дзяцей вырашана без салодкага не пакідаць, для іх – самы смачны торт. Універсальныя, на мой погляд, стравы, ды і колькасць інгрэдыентаў някепская, каб правесці гастранамічны эксперымент. Загадзя скажу, што ў магазінах выбірала не самыя дарагія прадукты, але патрэбнай якасці.

Першым пунктам стала «Санта». Разагнаўшы вазок, я хутка стала яго напаўняць. Хлеб – ёсць! Што датычыць кандытарскага аддзела, то тут вочы “разбягаліся”. Торты, пірожаныя, пірагі – на любы густ, нават давялося на некаторы час затрымацца ад разгубленасці. Кошт – ад 7 рублёў і вышэй. Угледзеўшы скумбрыю, мой запал згас. Як 6 рублёў за кілаграм? Яшчэ нядаўна па 4 была!.. Астатнія прадукты выбірала ўжо з калькулятарам, аддаючы перавагу таннейшым. У задуменнасці спынілася сярод магазіна: агуркі ці гарэлка? Гатова спрачацца, я – рэдкі чалавек, які задаваў сабе падобнае пытанне. Па іроніі лёсу гэтыя прадукты каштуюць амаль аднолькава: 350-грамовая бутэлька незнаёмай маркі – 4,89 рубля і кілаграм агуркоў – 4,85. Добра, хай будуць агуркі – “Аліўе” ж ніхто не адмяняў. Патрэбную садавіну і агародні-ну таксама знайшла без праблем. І, што заўсёды прыемна – усё свежае і выбар нядрэнны. Усё неабходнае па спісе знайшла ў адным месцы, што, безумоўна, добра. Выніковы чэк на касе “пацягнуў” тут на 68 рублёў 27 капеек.

Наборам з такіх жа прадуктаў цікавілася ў «Еўраопце». Тут парадавала рознабаковая выкладка ахалоджанай прадукцыі, але і яе кошт аказаўся вышэйшым за «сантаўскі». Фарш курыны – 7,59 рубля. Ды гэта “рабаванне”! Затое цэны на гарошак, маянэз, каўбасу, рыс і торт былі ніжэйшымі. Садавіна і агародніна таксама прэзентабельнага выгляду, праўда, адсутнічала морква. У яе пошуках давялося ехаць у іншы магазін. Агульная сума пакупак “вылілася” б у 67 рублёў 41 капейку.

Заключным пунктам стаў магазін райспажыўтаварыства «Гастраном», размешчаны насупраць «Магніта». Тут агародніна, у прыватнасці, капуста, морква, цыбуля прыкметна таннейшая.  Выгляд некаторай, безумоўна, пакідаў жадаць лепшага. Напрыклад, тых жа яблыкаў. Што ж зробіш, што я – гастранамічны эстэт і люблю прыгожы выгляд прадуктаў (нехта скажа: «Цю, дурная, дык гэта наша ж, натуральнае!», але ж, прабачце, як ёсць – аўт.). Скумбрыя, дарэчы, тут абышлася ў 5 рублёў 28 капеек. У выніку, за такі ж, як у вышэйназваных магазінах, набор прадуктаў на касе давялося б выкласці 51 рубель 16 капеек. Вінаграду ў магазіне не аказалася, як і свежай паляндвіцы, якую нагледзела ў суседняй «Мясной лаўцы». Цана за кілаграм – 13 рублёў 70 капеек. («Санта» «просіць» 12,79 руб. – аўт.).

Адзначу, што цэны ва ўсіх гандлёвых аб’ектах параўноўвала ў мінулую пятніцу. Сёння, магчыма, яны могуць адрознівацца. Гэтак жа пры разліку не быў улічаны працэнт ад скідачнай карты, якой можна скарыстацца ў кожнай гандлёвай сетцы. Ды і алей, прыправы, думаю, знойдуцца ў кожнай гаспадыні.

З нагоды званай вячэры вырашыла прыглядзець сабе яшчэ і новую сукенку. Рыначныя ўборы здзівілі якасцю. Шмат сукенак беларускіх брэндаў. Цана – 40-50 рублёў. Расчараваў «Уні-вермаг», дзе неабходнага памеру было толькі тры (!) варыянты за 30-40 рублёў. Ды і мадэлі, мякка кажучы, не задаволілі. А вось прыватнікі ў «Магніце», наадварот, парадавалі вялікім асартыментам. Прыемны бонус – растэрмі-ноўка і розныя акцыі. І хоць сярэдні кошт дасягае 50-60 рублёў, ёсць усе падставы спакусіцца на пакупку. Галоўнае – своечасова спыніцца. А то атрымаецца: пайшла за новай сукенкай, вярнулася з паліто, скураной сумачкай і без грошай. Таму што – па акцыі. А зубы пасля пакладзеш нават не на паліцу, а на тую ж самую сумачку, бо яна ж – па акцыі ды яшчэ і скураная…

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть