«Санта»: крок наперад
КультураЗавочны клуб спажыўцоў

«Санта»: крок наперад

Наступны год павінен стаць знакавым для Лунінеччыны. У наш раён плануе прыйсці новы прадстаўнік буйных гандлёвых сетак – гандлёвае унітарнае прадпрыемства “Санта Рытэйл”. Паколькі ў жыхароў на слыху іншыя больш вядомыя аператары, па просьбе чытачоў “ЛН” мы звязаліся з дырэктарам прадпрыемства Аляксандрам ЧУЙКО і папрасілі яго больш падрабязна расказаць пра ўзначальваемую ім фірму і тое станоўчае, што яна мае намер прынесці ў наш раён.

– З ліпеня 2014 года на беларускім рынку рознічнага гандлю загучала новае імя – гандлёвае унітарнае прадпрыемства “Санта Рытэйл”. Фірма была ўтворана ў рамках аптымізацыі арганізацыйнай структуры СП “Санта Імпэкс Брэст” ТАА шляхам адасаблення аб’ектаў рознічнага гандлю. Зараз наша сетка прадстаўлена 59-цю магазінамі. Іх геаграфія ахоплівае ўсе абласныя цэнтры краіны і некаторыя буйныя гарады раённага падпарадкавання з найбольшай канцэнтрацыяй у Брэсцкай вобласці. Гандлёвыя кропкі працуюць у трох фарматах. Першы – “Санта”-магазіны ля дома з плошчай гандлёвых залаў ад 100 да 1000 квадратных метраў (гастраномы і супермаркеты). Другі – “Санта Фіш”-рознічныя гандлёвыя кропкі з камбінаваным простым асартыментам тавараў, дзе перавалодвае рыба і морапрадукты. І трэці – “Санта Кэш”-магазіны ля дома- дыскаунтэры, якія прапаноўваюць універсальны асартымент тавараў у цэнавым сегменце “эканом”. Варта зазначыць, што апошнім часам развіццё гандлёвай сеткі ідзе за кошт адкрыцця буйных магазінаў плошчай ад 400 да 1000 квадратных метраў, працуючых у фармаце “магазін ля дома” і прапаноўваючых шырокі асартымент тавараў харчовай і прамысловай групы, з уласнымі цэхамі па вытворчасці мясных паўфабрыкатаў і хлебабулачных вырабаў з акцэнтам на забеспячэнне ўзроўню павышанай зручнасці для пакупнікоў.

– І ўсё ж для недасведчанага чалавека словазлучэнне “Санта Імпэкс” асацыіруецца з вытворчасцю прадуктаў з рыбы і дароў мора. Ці так гэта насамрэч?

– У гэтым сэнсе мы імкнемся апраўдаць спадзяванні самых строгіх кліентаў: у нашых магазінах яны заўсёды могуць знайсці морапрадукты ў шырокім асартыменце. Прычым гарантуем, што яны будуць якаснымі і свежымі, бо напрамую супрацоўнічаем з вытворцам СП “Санта Брэмар” ТАА і  імпарцёрам СП “Санта Імпэкс Брэст” на прыярытэтных умовах. Што датычыць іншых таварных груп, то магазіны “Санта” прапаноўваюць такі выбар, які задаволіць запыты і самага патрабавальнага гурмана, і звычайнага чалавека, забегшага ў магазін у канцы рабочага дня: хлеб і малако; мяса і каўбаса; свежая выпечка “з пылу-жару”; кандытарскія і бакалейныя тавары; агародніна і фрукты; паўфабрыкаты, вырабленыя як у заводскіх умовах, так і ва ўласных цэхах; прамысловыя тавары першай неабходнасці і многае іншае.

– Чым адрозніваецца ваша гандлёвая сетка ад іншых, больш вядомых і разрэкламаваных?

– Узровень развіцця сучаснага гандлю, высокая ступень канкурэнцыі, барацьба літаральна за кожнага пакупніка прымушае рытэйлераў актыўна выкарыстоўваць розныя маркетынгавыя механізмы. У гэтым сэнсе мы не выключэнне. У сетцы “Санта” прапаноўваецца цэлы комплекс “забаўляльна-бонусных” мерапрыемстваў, разлічаных на масавага пакупніка і гарантуючых “тут і зараз” канкрэтныя скідкі, прызы, бонусы. На пастаяннай аснове праводзяцца акцыі, якія даюць магчымасць заўсёды ўбачыць на паліцах выдатны якасны тавар па прыцягальных цэнах за кошт скідак як з боку пастаўшчыка, так і з нашага боку. Такія тавары, а іх адначасова прадстаўлена 150-200 найменняў, лёгка можна знайсці ў зале: на іх указваюць чырвоныя стрэлкі з лаканічным надпісам “Купі выгадна” і цэннікі жоўтага колеру. Акцыя “ВечарОК!” – скідкі да 15 працэнтаў на ўласную прадукцыю ў апошнія гадзіны работы магазіна; “Тавар дня” і “Сыты тыдзень” – гарантыя скідкі на пэўны тавар у пэўны дзень тыдня; “Падарунак за пакупку” – “Санта” робіць падарунак пакупніку пры ўмове накаплення пэўнай колькасці купонаў, якія прадастаўляюцца за пакупкі ў магазіне… Асобная размова – дысконтная праграма “Санта”. Уладальнік дысконтнай карты мае права на скідку да 5 працэнтаў на шырокі асартымент прадукцыі. Прычым карта гарантуе скідку на пастаяннай аснове без уліку накапленняў і наведванняў. Стаць яе ўладальнікам проста – дастаткова адзін раз набыць тавар на суму больш як 45 (450 тысяч недэнамінаваных) рублёў.

– Што падштурхнула да адкрыцця гандлёвых кропак у Лунінцы і Мікашэвічах?

– Лунінецкі раён – адзін з буйнейшых на Палессі. Зразумела, што з улікам яго месца-знаходжання, развіцця прамысловага сектара і, адпаведна, даходаў насельніцтва, у сваіх планах мы проста не маглі  абысці бокам Лунінеччыну. Але мы не абмяжоўваемся толькі вашым рэгіёнам. Плануем сёлета і ў наступным годзе “прырасці” яшчэ на 10 сучасных аб’ектаў. Зараз працуем над адкрыццём новых магазінаў яшчэ ў сямі раёнах Брэстчыны.

– Жыхароў цікавіць, што будуць уяўляць сабой гандлёвыя аб’екты ў нашым раёне і дзе яны будуць размяшчацца?

– У нас распрацаваны тыпавыя праекты, якія станоўча зарэкамендавалі сябе ў іншых рэгіёнах. Гэта – супермаркеты з плошчай гандлёвай залы 700 квадтратных метраў. Такія магазіны будуць узведзены ў Лунінцы і Мікашэвічах. У іх прапануем пакупнікам шырокі асартымент усіх груп харчовых тавараў (у тым ліку разнастайнай рыбы і морапрадуктаў) і прамысловыя тавары паўсядзённага попыту. На плошчах магазінаў будуць працаваць цэхі па вытворчасці кандытарскіх і кулінарных вырабаў. Як правіла, частку плошчаў здаем у арэнду – пад аптэкі, банкаўскія ўстановы і інш. У Лунінцы разглядаем магчымасць размясціць у “Санце” магазін “Пяты элемент”. Будзе працаваць праграма лаяльнасці для нашых пакупнікоў. Што датычыць месцазнаходжання новых гандлёвых кропак, то ў Лунінцы пад яе выдзелены ўчастак па вуліцы Баханова каля аўтастанцыі, а ў Мікашэвічах “Санта” размесціцца ў раёне перакрыжавання вуліц Першамайская і Будаўнікоў.

– На якой стадыі падрыхтоўчыя работы?

– Па аб’екту ў Лунінцы праектна-каштарысная дакументацыя гатова і накіравана на дзяржаўную экспертызу,  па мікашэвіцкаму – на стадыі праектавання.

– Аляксандр Мікалаевіч, неаднаразова даводзілася чуць, што гандлёвае унітарнае прадпрыемства “Санта Рытэйл” узамен на прадастаўленне ўчасткаў пад магазіны абяцае раёну пэўныя прэферэнцыі. Ці так гэта на самай справе?

– Ніякага сакрэту няма. Сапраўды, у нас ёсць пэўныя абавязацельствы перад раёнам. За прадастаўленую магчымасць будавацца і ў далейшым працаваць на рэгіянальным спажывецкім рынку па ўзгадненню з райвыканкамам намі будзе аказана спонсарская дапамога. Акрамя гэтага, паабяцалі ўладкаваць у Лунінцы дзіцячую гульнявую пляцоўку. А яшчэ паспрабуем дапамагчы райцэнтру ў абсталяванні руху па кальцу на перакрыжаванні вуліц Кастрычніцкая, Усходняя і Храмавая, якое сёння мае вядомасць аварыйна небяспечнага.

– І апошняе пытанне. Калі новыя магазіны прымуць пакупнікоў?

– Нашы планы – 2017 год. У першым паўгоддзі плануем адкрыць гандлёвы аб’ект у Лунінцы, у другім – у Мікашэвічах.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть