Новости районаПадзеяСоциум

«Дэпутацкі корпус выбраў новы накірунак развіцця…»

Падыходзіць да завяршэння работа дэпутатаў раённага Савета ХХVII склікання. Роўна месяц застаецца да лёсавызначальнай даты 18 лютага, на якую прызначана важная для кожнага з жыхароў краіны падзея – выбары дэпутатаў нізавога ўзроўню. Зрэшты, такі эпітэт яму можна даць хіба ўмоўна, бо хто лепш за землякоў, якія абараняюць інтарэсы выбаршчыкаў на абласным, раённым ці нават узроўні сельскіх Саветаў, лепш ведае праблемы, што хвалююць нас з вамі? Хто, як не яны, самым непасрэдным чынам удзельнічаюць у вырашэнні многіх з гэтых праблем? Канчатковая ацэнка рабоце дэпутацкага корпусу ХХVII склікання будзе пастаўлена на заключнай сесіі, але ўжо сёння можна сказаць, што прадстаўнічая галіна ўлады мэтанакіравана імкнулася апраўдаць спадзяванні жыхароў Лунінеччыны. У гэтым упэўнены старшыня райсавета Віктар РАФАЛОВІЧ.

– Перш-наперш, дэпутатам ХХVII склікання ўдалося вырашыць адну з вельмі важных задач – прывесці адміністратыўнае дзяленне нашага раёна ў адпаведнасць з заканадаўствам. Маю на ўвазе перадачу некаторых населеных пунктаў, якія раней адносіліся да Мікашэвіцкага пассавета, пад юрысдыкцыю Сінкевіцкага сельсавета. Прайшло 10 год з таго часу, як Мікашэвічы набылі статус горада, што аўтаматычна выключала для гарсавета магчымасць мець у сваім тэрытарыяльным падпарадкаванні сельскія населеныя пункты. Справядлівасць была адноўлена летась. Адначасова заканадаўча ўстаноўлены статус некаторых населеных пунктаў раёна. Так, пастаўлена кропка ў блытаніне, якая да нядаўняга часу існавала ў назве станцыі Дзятлавічы. Цяпер гэта вёска Станцыя Дзятлавічы. Адначасова сфарміраваны новыя межы раёна. На сённяшнім этапе вызначаны больш зручны падзел тэрыторый паміж Лунінеччынай і суседняй Століншчынай. Усе прынятыя дэпутатамі райсавета рашэнні прайшлі юрыдычную экспертызу і ўжо ўступілі ў законную сілу. Райвыканкамам і яго падраздзяленнямі, у прыватнасці, землеўпарадкавальнай  службай, выканана вялікая падрыхтоўчая работа. Можна сказаць, што мы, практычна не надаючы належнай гэтаму ўвагі, перажылі важную веху, якая па вартасці будзе ацэнена хіба што гісторыкамі наступных пакаленняў.

– Як бы банальна гэта не гучала, але людзей турбуюць больш звычныя надзённыя праблемы. Напрыклад, стан вуліц і дарог. Не па чутках ведаю, што менавіта пра іх найчасцей гавораць жыхары раёна на сходах, з просьбай адрамантаваць, прагрэйдзіраваць ці падсыпаць – звяртаюцца да дэпутатаў. Як папрацавалі ў гэтым накірунку?

– Варта сказаць, што ўвогуле ў справе навядзення парадку на зямлі на Лунінеччыне зроблена нямала. Спакваля нашы гарады, аграгарадкі і вёскі мяняюцца да лепшага, што нельга не заўважыць. Штогод той ці іншы з сельсаветаў ад-значаюць на абласным ці нават рэспубліканскім узроўні. Вось і летась Дварэцкі сельсавет увайшоў у лік прызёраў адпаведнага абласнога агляду-конкурсу. Паступова меншае колькасць старых закінутых хацін, якія псуюць агульны выгляд населеных пунктаў. Толькі за апошнія тры гады іх знесена амаль 160. За гэтай лічбай – упэўненая мэтанакіраваная работа дэпутацкага корпусу і сельвыканкамаў  з уласнікамі і спадчыннікамі. На вызваленых сядзібах узводзяцца новыя дыхтоўныя дамы. Летась у сельскай мясцовасці справілі наваселлі 30 сем’яў. А ўсяго ў раёне ў новыя дамы і кватэры перасяліліся больш як 200 сем’яў. Уведзена ў эксплуатацыю амаль 21,5 тысячы квадратных метраў жылля, больш як 6 тысяч – з падтрымкай дзяржавы. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №240 “Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў” ільготныя крэдыты атрымалі 58 мнагадзетных сем’яў. Зараз працягваецца фарміраванне кварталаў індывідуальнай забудовы Баханова-1 і  Баханова-2.  А значыць, будзе знята праблема з выдзяленнем участкаў для лунінчан, якія аддаюць перавагу ўласным асобным катэджам. Новыя шматкватэрныя дамы паявяцца ў райцэнтры і горадзе Мікашэвічы. Зразумела, што з развіццём жыллёвага будаўніцтва варта клапаціцца пра інжынерную інфраструктуру, у тым ліку – стан вуліц і дарог. Па сутнасці, за 2017-ты у гэтым плане зроблена столькі, колькі за тры папярэднія гады разам узятыя. Адрамантавана ці пакладзена новае асфальтавае пакрыццё на больш як 60 тысячах квадратных метраў вуліц і дарог толькі ў райцэнтры. Новыя асфальтаванкі паявіліся паміж вёскамі Бродніца і Азярніца, Вічын і Цна. Амаль 130 кіламетраў дарог прагрэйдзіравана. Між тым, у планах – паступовае пазбаўленне ад такога віду пакрыцця. Так, на 2018 год запланавана заасфальтаваць участкі аўтамабільнай артэрыі Сасноўка – Лахва – Сінкевічы, што дазволіць разгрузіць трасу М-10. Акрамя гэтага, мяркуецца выканаць бягучы рамонт на дарогах, якія злучаюць Азярніцу, Любачын і Лахву; Бастынь, Велуту, Навасёлкі і Малыя Чучавічы; мяжу Мінскай вобласці, Міжлессе, Красную Волю і Вічын; а таксама Чучавічы, Баравікі і Вульку 2. Агульная працягласць палатна – больш як 51 кіламетр. Амаль 7 кіламетраў дарог з эмуль-сійна-мінеральным пакрыццём паявяцца паміж Лобчай і Дубаўкай, Сасноўкай і Ракітна. Зразумела, што ўсе гэтыя амбіцыйныя планы знойдуць увасабленне ў жыццё пры наяўнасці дастатковага фінансавання і ў вялікай ступені залежаць ад таго, як будзе працаваць народнагаспадарчы комплекс раёна.

– Як наладжаны кантроль за выкананнем прынятых на сесіях рашэнняў?

– Кантроль за выкананнем рашэнняў раённага Савета дэпутатаў пастаянны і прынцыповы. Трымаем у полі зроку найбольш важныя для людзей пытанні. Перш за ўсё, занятасць. Так, даведзены рашэннем райсавета паказчык па ўзроўню беспрацоўя не вышэй чым 2 працэнты ад агульнай колькасці працаздольнага насельніцтва па выніках мінулага года склаў 0,8 працэнта. Пры садзеянні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ўдалося прадаставіць работу 1353 грамадзянам, з якіх 955 – з’яўляліся беспрацоўнымі. Больш як 90 чалавек здолелі атрымаць новыя запатрабаваныя на рынку працы спецыяльнасці.  Не пакідаем без увагі нядобранадзейныя сем’і, асабліва тыя, дзе нядбайныя бацькі павінны вяртаць расходы на ўтрыманне дзяцей, якія трапілі пад апеку дзяржавы. Такіх летась, дарэчы, праца-ўладкавана 19 чалавек.

– Не сакрэт, што сёння дэпутацкім корпусам раёна асаблівая стаўка зроблена на работу з насельніцтвам. Ці дае гэта плён?

– Несумненна. Прычым, акцэнт робіцца не толькі на прафілактычны, растлумачальны бок, але і непасрэдны ўдзел саміх жыхароў у вырашэнні многіх жыццёвых праблем, асабліва тых, што датычаць навядзення парадку на зямлі. Гэтую работу проста немагчыма ўявіць без дапамогі вясковых стараст. Гэта дзякуючы ім  людзі з разуменнем ставяцца да прапаноў паўдзельнічаць у суботніках, навесці глянец не толькі на ўласных падворках, але і прылягаючай тэрыторыі, матэрыяльна падтрымаць імкненне больш дагледжанымі зрабіць месцы апошняга прытулку нашых землякоў. Удзячны старастам: Цны – Ніне Патурай, Сітніцкага Двара – Галіне Крывулец, Дзятлавіч – Аляксею Кацуба, Велуты – Уладзіміру Коўшыку, Луніна – Галіне Шэпялевіч, Яжавок – Галіне Абрамчук і многім іншым, хто нямала робіць для таго, каб наша Лунінеччына была гожай, утульнай і камфортнай для пражывання. Недарма зараз успомніў пра матэрыяльную падтрымку добрых пачынанняў з боку насельніцтва. Без гэтага наўрад ці ўдасца абысціся. І трэба, каб людзі разумелі, што нават пасля перадачы вясковых могілак на баланс жыллёва-камунальнай гаспадаркі спадзявацца на тое, што камунальнікі возьмуць на сябе клопат пра святыя для кожнага свядомага чалавека месцы, няварта. Так, цяпер прыкметна менш будзе праблем з вывазам смецця ад кантэйнераў, неабходнасцю аднавіць агароджу ці якімі іншымі надзённымі нагодамі, але з нас ніхто не знімаў абавязак падтрымліваць парадак каля родных магіл і не толькі, сачыць за тым, каб могілкі не “заганяла” дзікарослымі хмызамі. Для гэтага, магчыма, таксама давядзецца прымяняць так званы метад самаабкладання, калі людзі матэрыяльна дапамагаюць змагацца з бур’яном, наймаць спецыялізаваныя брыгады для выдалення аварыйных дрэў і г.д.

– Віктар Анатольевіч, неаднойчы, у тым ліку і на сесіях раённага Савета дэпутатаў, гучала прапанова ледзь не ўдвая скараціць у раёне колькасць палігонаў цвёрдых камунальных адходаў. Як ставіцеся да такой перспектывы?

– У гэтым плане мае падыходы поўнасцю супадаюць з меркаваннем дэпутатаў – прымаць такія рашэнні трэба толькі пасля сур’ёзнага абмеркавання і аналізу. А ён паказвае, што пакуль ісці на падобныя кардынальныя змены рана. А вось падтрымліваць парадак на міні-палігонах ЦКА і навокал трэба, якіх бы матэрыяльных затрат гэта не каштавала. Ёсць сур’ёзныя экалагічныя патрабаванні да ўтрымання гэтых аб’ектаў і выконваць іх варта няўхільна.

– З якімі яшчэ праблемамі звяртаюцца людзі да дэпутатаў?

– З самымі рознымі. У пэўным сэнсе іх кола дапамагаюць акрэсліць прыёмы грама-дзян, прамыя тэлефонныя лініі, вясковыя сходы, “Дні адкрытага пісьма”, сустрэчы ў працоўных калектывах. Зрэшты, большасць дэпутатаў аддаюць перавагу асабістым стасункам з людзьмі. Менавіта ў ходзе такіх сустрэч і ўдаецца даведацца пра тое, што найбольш хвалюе жыхароў раёна. Менавіта так працуюць дэпутаты Эдуард Гаўрылковіч, Мікалай Арашкевіч, Сяргей Карпец, Аляксандр Карлюк, Таццяна Вайцяхоўская, Максім Сумар, Уладзімір Соц, Фёдар Рашэцкі ды і многія іншыя выбраннікі, каму землякі даверылі гонар абараняць свае інтарэсы. Дарэчы, цеснае ўзаемадзеянне з праваахоўнымі структурамі дазволіла прыкметна знізіць колькасць супраць-праўных дзеянняў. На новы якасны ўзровень выведзены абмен інфармацыяй паміж мясцовай “вертыкаллю” і супрацоўнікамі раённых аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях. Хаця заспакойвацца рана, недапрацовак тут яшчэ шмат.

Што ўдалося вырашыць летась? Жыхары вёскі Ракітна неаднаразова звярталіся з просьбай газіфікаваць названы населены пункт. Нарэшце, зроблены першы важны крок у вырашэнні гэтай праблемы. Пазапланавая газіфікацыя вёскі пачнецца ўжо сёлета. Варта адзначыць мэтанакіраваную настойлівасць  райвыканкама і яго службаў, асабіста старшыні Аляксандра Пачко ў вырашэнні гэтай і многіх іншых “барадатых” праблем, пачынаючы з асвятлення ўчастка вуліцы Чырвонай каля ААТ “Палессеэлектрамаш” і водаканала ў райцэнтры і заканчваючы ўстаноўкай прыгожых знакаў  на ўез-дзе ў Лунінец. Варта пад-крэсліць, што на працягу ўсяго склікання дэпутацкі корпус раёна працаваў у цесным кантакце з райвыканкамам. Практычна ўсе пытанні забеспячэння жыццядзейнасці рэгіёна вырашалі разам. Адчулі людзі гэта не толькі ў гарадах, але і ў сельскай мясцовасці, дзе практычна зніклі праблемы з выдзяленнем сотак, забеспячэннем прыватнага пагалоўя жывёлы сенам, саломай. Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў сёння зарыентаваны на тое, каб асабліва ўважліва ставіцца да запытаў простых людзей. І гэта – таксама заслуга выканаўчай улады. Яскрава прадэманстраваў узаемаразуменне працэс ідэнтыфікацыі буйной рагатай жывёлы, які ладзіцца як у грамадскім сектары, так і на прыватных падворках. Сёння так званае біркаванне практычна закончана. Людзі з разуменнем аднесліся да справы, тым больш, што была падтрымка і з боку ўлад. Тыя ж біркі для кароў з прыватных  падворкаў бясплатна набыты за кошт ААТ “Лу-нінецкі малочны завод”, якое ўзначальвае дэпутат Сяргей Карпец. Удзячны за вялікую растлумачальную работу, якую разам з дэпутатамі праводзілі работнікі сельвыканкамаў, раённых службаў, ветстанцыі.

– Нястомна адлічвае лісткі каляндар. Усё менш часу застаецца       да выбараў у абласны, раённы і сельскія Саветы дэпутатаў. Чым адзначаны пярэдадзень гэтай важнай падзеі           для корпусу народных выбраннікаў ХХVII склікання?

– Рыхтуемся да заключнай сесіі, дзе будзе прадстаўлена поўная справаздача старшыні райсавета аб тым, што зроблена за 4 гады. Адначасова ідзе падрыхтоўка да важнай палітычнай кампаніі –  абсталёўваюцца памяшканні, дзе неўзабаве пачнуць працаваць камісіі і паявяцца кабіны і скрыні для галасавання. Словам, выконваецца неабходны комплекс работ, каб выбары прайшлі ў строгай адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства і, па добрай традыцыі, сталі святам для жыхароў раёна. Думаю, сёння нікому не трэба тлумачыць, якую ролю органы прадстаўнічай улады адыгрываюць тут, на месцах. Дэпутаты нізавога ўзроўню – побач і заўсёды будуць імкнуцца аператыўна адгукацца на запыты нашых людзей, незалежна ад таго, хто ўзначаліць дэпутацкі корпус у новым скліканні.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть