АгропромПадзея

Добрага надвор’я і ўдачы, вам, ХЛЕБАРОБЫ!

уборкаТак ужо атрымліваецца, што практычна ўсе палявыя сельгасработы першымі ў раёне пачынаюць і заканчваюць працаўнікі СВК “Лунінскі”.

Нівы сустрэлі дружным рокатам камбайнаў. Моцныя сцябліны рапсу з напоўненымі зернем стручкамі пакорліва клаліся ў шырокія жаткі, каб праз пэўны час высыпацца ў кузаў наблізіўшагася да бункера аўтамабіля. Відовішча захапляльнае! Любавацца ім не перастаюць і такія вопытныя механізатары гаспадаркі, як Сяргей Савіловіч:
– Чым хутчэй напаўняецца бункер, тым больш радуемся, што не дарэмна шчыравалі і мы, і нашы спецыялісты, закладваючы падмурак такому хараству яшчэ з восені. За два дні, што вядзем паўнацэннае жніво, разам з сынам Дзмітрыем ужо намалацілі больш як 100 тон зерня. Не адстаюць ад нас і нашы калегі.
Напярэдадні выхаду “ЛН” у “Лунінскім” убралі рапс на плошчы 72 гектары, пры ўраджайнасці 34,4 цэнтнера на круг намалацілі 248 тон зерня, з іх 160 тон рэалізавалі.

Вось і сёлетняму жніву даў старт азімы рапс. Усяго ў гаспадарцы гэтай культуры пасеяна больш як 200 гектараў. Праўда, красавіцкія замаразкі згубілі каля 40 гектараў пасеваў і да ўборкі “дайшлі” 195.   Тым не менш, кіраўнік сельгаскааператыва Васіль Мелюх не засмучаецца:

– Гэта амаль такая ж плошча, як і летась, а віды на ўраджай добрыя. Калі надвор’е не прынясе непрадбачаных сюрпрызаў, то намалоты будуць большымі за мінулагоднія, што бачым па ўбраных плошчах. Экіпажы камбайнаў у складзе бацькі і сына Сяргея і Дзмітрыя Савіловічаў, Мікалая Савіловіча і Аляксандра Малейчыка выехалі на нівы ў пятніцу, 4 ліпеня. За два дні яны абмалацілі стручкі на плошчы 32 гектары і атрымалі 100 тон зерня. Апрацоўваць пасевы склейваючымі прэпаратамі сёлета не сталі. Спадзяемся, што паспеем сабраць ураджай да таго, як стручкі пачнуць растрэсквацца. Менавіта з гэтай мэтай сяўбу вялі насеннем з рознымі тэрмінамі выспявання. Выкарыстоўвалі нямецкі гібрыд гатунку “вектра” і беларускую суперэліту – “імперыял” і “зорны”. Грошай на іх набыццё не шкадавалі, бо ведаем, што добрае насенне – найбольш важная складаючая будучага ўра-джаю. Рапс звозім на зернеток, дзе ачышчаем ад прымесяў і дасушваем. Гатовае зерне на складзе не затрымліваецца, яго адразу накіроўваем на рэалізацыю. Днямі прыйшла не зусім прыемная навіна – на 5 працэнтаў павялічыліся цэны на дызпаліва, адпаведна ўзрасце і сабекошт прадукцыі. А вось закупачныя цэны на рапс пакуль застаюцца на мінулагоднім узроўні.
Пачатак кожнай сельгаскампаніі – гэта своеасаблівая праверка якасці падрыхтоўкі да яе тэхнікі. Тры камбайны, а ў нас яшчэ адзін задзейнічаны на абмалоце траў, экзамен вытрымалі. Спадзяюся, што гэтак жа ўдала пройдуць яго і іншыя тры, якія будуць убіраць збожжавыя. Усяго належыць убраць ураджай збожжавых і зернебабовых на плошчы 1550 гектараў. Назіраючы як наліваецца на нівах калоссе, можна з упэўненасцю сказаць, што намалоты будуць лепшымі, чым летась. Хаця на лёгкае жніво не разлічваем і сёлета. Багатая дажджамі вясна аказалася вельмі спрыяльнай для росту пустазелля. Каб справіцца з ім, рана правялі хімпраполку і ўжо зараз назіраем новую хвалю росту. А гэта значыць: трэба быць гатовымі да вялікай палегласці калосся. У той жа час сітуацыя не новая, і нашы вопытныя камбайнеры ўмеюць з яе выйсці з гонарам. Для дапрацоўкі збожжа ў нас ёсць яшчэ адна сушылка з магутнасцю 40 тон у час. Спадзяемся, што атрымаем нарэшце загадзя праплачаны намі зернесушыльны комплекс. З яго ўводам знімем праблему з дапрацоўкай зерня, якая не-не ды і ўсплывае ў ходзе кожнай уборачнай кампаніі.
– Чым жа “Лунінскі” адрозніваецца ад іншых гаспадарак раёна, што на яго нівах ураджай заўсёды выспявае раней?
– Сакрэт у тым, што мы своечасова выконваем на палях усе неабходныя агранамічныя мерапрыемствы. Яскравы прыклад – поле, што толькі мінулі. На ім нядаўна абмалацілі насеннікі траў. Цяпер, як бачыце, працуе звяно па вывазу арганікі. Пасля ўгнаенне заараем, і ўчастак бу-дзе гатовы пад азімыя. Як толькі настане час, без прамаруджвання прыступім да сяўбы…

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть