Падзея

Дырыжор

Один комментарий

Прыгадваючы росквіт мастацкай самадзейнасці ў пасляваенны перыяд, старажылы часта называлі імя, з якім звязвалі музычныя дасягненні Лунінца. Многія людзі дапамагалі ў пошуках звестак пра гэтага адоранага чалавека. Наканавана было іх знайсці ў сёлетнім красавіку, калі Георгій ГАЕЎСКІ адзначыў бы сто год з дня нараджэння…

У газеце “Літаратура і Мастацтва” (16.03.1960) народны артыст СССР Яўген Цікоцкі падвёў вынікі “рэспубліканскага агляду-конкурсу самадзейных калектываў калгасаў і саўгасаў БССР”. Большая палова публікацыі прысвечана нашым землякам: “Адно з выдатных дасягненняў сёлетняга агляду – паказ на ім  сіламі сельскай самадзейнасці опернага спектакля. Драматычны гурток Лахвенскага сельскага Дома культуры… паставіў папулярную народную ўкраінскую оперу “Наталка-Палтаўка” М. Лысенкі. Удзельнікі гэтага спектакля – калгаснікі  сельгасарцелі “Перамога”… Не ў меншай ступені садзейнічаў поспеху таленавіты дырыжор Г. Гаеўскі, які на высокім прафесійным узроўні ажыццяўляў музычнае кіраўніцтва ўсім паказам калектываў і асобных выканаўцаў Брэстчыны”. Далей пералічваюцца асобныя самадзейныя артысты і высока адзначаюцца іх музычныя і сцэнічныя вартасці. Публікацыю суправаджаюць здымкі. Адлюстраванне ў тым ліку і гэтай падзеі захоўваецца ў Дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў, які ў свой час прадставіў некаторыя ілюстрацыі і для кнігі “Памяць. Лунінецкі раён” (стар. 614).

Шэраг здымкаў занатаваў Г.У. Гаеўскага з аркестрам у час запісу на тэлебачанні ў Мінску ў 1958-ым. Відавочна, калектыў – з клуба чыгуначнікаў вузла Брэста. З абласным цэнтрам, дзе хутка ён стаў выкладчыкам музычнага вучылішча, звязана большая частка жыцця Георгія Уладзіміравіча. Выразкі з газет (на жаль, не ўказаны назвы выданняў і даты публікацый) паведамляюць аб поспехах юбіляра. Шмат інфармацыі даюць нават загалоўкі! Да 1957-га адносяцца паведамленні (з рускамоўных газет) пад назвамі “Фестывальныя вечары”, “Песні юнацтва”, “Падарунак фестывалю”, “Фестывальная дарожная…” (апублікаваны таксама ноты – кампазітар Гаеўскі – і словы апошняй песні). Яшчэ дзве – “Фестывальны марш” і “Лірычная” – таксама створаны Георгіем Уладзіміравічам у гонар удзельнікаў Міжнароднага фестывалю моладзі і студэнтаў, якія ехалі ў Маскву праз Брэст – заходнія вароты вялікай краіны.

Аб тым, што Г.У. Гаеўскі і ў Пінску дырыжыраваў аркестрам, сведчаць фотаімгненні з указаннем горада і подпісамі: “Ідуць студэнцкія аркестры”.

Магчыма, яшчэ раней працаваў у Лахве. Кранае душу подпіс: “Мірны час. Людзі засумавалі па добрай, роднай песні. Трэба выхоўваць маладых аматараў музыкі. Лахвенскі дзіцячы дом”. Другія здымкі: “Так рыхтавалася і так выглядала выступленне на абласной алімпіядзе дзіцячых дамоў. Брэст, 1955”. Ці не лахвенскім сіротам прысвечаны “Марш юных дзетдомаўцаў”?

Фотаадлюстраванні і газетныя публікацыі даказваюць, што Георгій Уладзіміравіч быў мастацкім кіраўніком і Лунінецкага клуба чыгуначнікаў. Хор станцыі Лунінец на чале са сваім дырыжорам выходзіў у фінал абласных (“Завоевали первые места”) і рэспубліканскіх конкурсаў (“Заключительный концерт дорожного смотра художественной самодеятельности”).

На першай старонцы сямейнага альбома  напісана:  “1945 год. Ад-    грымелі баі. ПЕРАМОГА”. Тлумачэнне здымку – у подпісу: “Першая пасляваенная алімпіяда армейскай мастацкай самадзейнасці. На сцэне Мінскага Дома афіцэраў выступае ансамбль песні Мінскага вучэбнага артылерыйскага лагера. Мастацкі кіраўнік і дырыжор Г.У. Гаеўскі”.

Так пачынаўся шлях у мастацтва лунінчаніна, які з чэрвеня 1941 па май 1945 года ваяваў на фронце. У ваеннай біяграфіі ўдзельніка Вялікай Айчыннай залатымі літарамі ўпісана абарона Сталінграда, баявыя ўрадавыя ўзнагароды.

З біяграфічных звестак можна дадаць, што Георгій Уладзіміравіч нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка і вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі. Аб удзячнасці вучня сведчыць подпіс да яшчэ адной газетнай выразкі: “Сяброўская сустрэча пасля спектакля “Галька”. Польскія госці – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі прафесар Валерыян Бярдзяеў і артыстка Барбара Кастшэўская, народны артыст СССР Іван Казлоўскі, польскія артысты Антаніна Кавецкая і Вацлаў Домянецкі”. Рукой Г.У. Гаеўскага пазначана: “Прафесар Валерый Бярдзяеў – настаўнік, які адкрыў мне свет Вялікай Музыкі”.
На шматлікіх фотаздымках дырыжор звычайна адлюстраваны са спіны ці ў профіль на фоне некалькіх дзясяткаў музыкантаў. Так хочацца ўбачыць твар маэстра, які, мяркуючы па газетных публікацыях (у тым ліку – замежных СМІ), належыць да пантэона славутых землякоў.

Показать больше

Похожие статьи

Одно Сообщение

  1. Дзякуй за публікацыю. Цікавая яна не толькі з гістарычнага пункту гледжання, але і як дакладнае сведчанне таго, наколькі ў мінулыя гады была на вышыні культура. Гэта ж проста фантатстыка — паставіць на вясковай сцэне «Наталку-палтаўку»! І хіба можна параўнаць з той работай сённяшнюю аддзела культуры?

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть