КультураПадзеяСоциум

Лета краса…

купалле2Гэтае народнае свята, што каранямі адыходзіць у старажытнае язычніцтва, дагэтуль любяць людзі. Купалле знамянуе сабой сярэдзіну лета, яго шчодрасць і красу. Штогод на берагах Цны і іншых вадаёмаў раёна ладзяцца Купальскія гулянні. На адным з іх – у Кажан-Гарадку – мы пабывалі сёлета.

Месцам яго правядзення па традыцыі выбралі адну з прыгажэйшых мясцін старажытнага Кажан-Гарадка, якую вяскоўцы завуць “садам”. Маляўнічая пляцоўка ў абрамленні густой зеляніны раней была калгасным стадыёнам. Сёння сіламі мясцовай улады яна падтрымліваецца ў належным стане і час ад часу выкарыстоўваецца для народных гулянняў. Побач ціха нясе свае воды Цна. Сёлета яна, як ніколі, паўнаводная і імклівая.

купалле5Яшчэ задоўга да пачатку гуляння на беразе ракі размясцілі імправізаваную сцэну і гандлёвыя палаткі райспажыўтаварыства і індывідуальных прадпрымальнікаў. Столікі летняга кафэ вабілі пахам шашлыкоў: іх разам з іншымі прапаноўвалі повары СВК “Гарадоцкі”. Было чым пазабавіцца дзетвары, якая ахвотна бавіла час на перасоўных батутах, а таксама ў чэргах за поп-корнам, салодкай ватай і цацкамі.

купаллеНягледзячы на тое, што спіртное было не ў пашане і гандаль ім на свяце забаранілі, гэта абсалютна не перашкодзіла добраму настрою вяскоўцаў. А іх сабралася шмат. Спачатку гэта была моладзь: амаль паўсюдны можна было бачыць прыгажунь у купальскіх вянках. Больш сталыя падыходзілі пазней, калі гулянне ўжо “набрала абароты”.

купалле3Змянялі адзін аднаго на сцэне самадзейныя артысты. Як расказала дырэктар мясцовага СДК Ірына Гурбановіч, у канцэрце задзейнічалі паўтара дзясятка юных вакалістаў, чытальнікаў, танцораў мясцовай школы і гасцей Кажан-Гарадка, якія на лета прыехалі да бабуль і дзядуль. Слухачы па вартасці ацанілі таленты землякоў, нязменна сустракаючы і праводзячы іх адабральнымі воклічамі і апладысментамі.

Праз некаторы час наваколле азарыла вогнішча купальскага кастра. Свята доўжылася за поўнач і закончылася дыскатэкай, якая паклікала ў танцы і старых, і маладых.

купалле4Вяскоўцы, якія сталі сведкамі летняга гуляння, шчыра дзякавалі арганізатараў – старшыню СВК “Гарадоцкі” Сяргея Чырца, яго намесніка Анатоля Богдана, старшыню сельвыканкама Дзям’яна Бірылу, дырэктара СДК Ірыну Гурбановіч і мастацкага кіраўніка Ірыну Веляскевіч за выдатную магчымасць годна адпачыць.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть