ПадзеяСоциум

Мая цудоўная радзіма, мая светлая вёска…

Рупліва адпрацаваўшы на зямельцы ўсё лета, сабраўшы гожы ўраджай клубніц і чарніц, завяршыўшы жніво, у маёй роднай вёсцы Вулька 2 адсвяткавалі яблычны Спас, а разам – яе 400-годдзе.

Сёння Вулька 2 налічвае 357 двароў з насельніцтвам 987 чалавек. Многія з іх палічылі за абавязак узяць удзел у свяце вёскі. Адкрыў урачыстасць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Анатоль Захаркевіч. Старшыня сельвыканкама Аляксандр Кушнярэвіч уручыў падарункі за лепшыя падворкі Уладзіміру і Наталлі Майсак, а таксама Уладзіміру і Марыі Верас.

Шчодра ўзнагародзіў лепшых працаўнікоў і ветэранаў СВК “Вулькаўскі світанак”. Старшыня праўлення Уладзімір Соц і яго жонка Галіна ў гэты дзень святкавалі сярэбранае вяселле. Разам з імі такі ж юбілей адзначала яшчэ адна пара – Мікалай і Любоў Трухановічы. Сімвалічны шлюб заключылі на сцэне залатыя юбіляры Мікалай і Ульяна Яраховічы. Несумненна, ва ўменні ладзіць адно з адным менавіта з іх будуць браць прыклад маладажоны Алена і Іван Нікалаевічы.

Сумна, што не засталося ўжо ў нашай вёсцы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Усяго некалькі месяцаў не дажыў да свайго 97-га дня нараджэння Усцін Аўрамавіч Вячорка. Цяпер самай сталай жыхаркай паселішча лічыцца 88-гадовая Марыя Фёдараўна Вячорка. А вось Ілья Паўловіч стаў самым юным жыхаром Вулькі 2.

На свяце, здаецца не забыліся ні пра каго. Ды і сам  сельскі Дом культуры атрымаў шыкоўны падарунак: за бюджэтныя сродкі для яго набыта новая музычная апаратура. У той жа час работнікі СДК выказваюць шчырую ўдзячнасць усім, хто стаў фундатарам свята – праўленню СВК “Вулькаўскі світанак”, фермерам Леаніду Ермаковічу, Андрэю Яраховічу, Уладзіміру Баўкуновічу, Анатолю Ванюку, Мікалаю Кіпцэвічу. Гэта дзякуючы ім мерапрыемства атрымалася такім шчодрым і запамінальным.

 

Свята для душы

Сярод гонкіх бяроз на мяккім зялёным дыване з духмяных траў прайшло святочнае мерапрыемства, прысвечанае чарговаму дню вёскі Галы Бор.

Канцэртную праграму ладзілі работнікі сельскіх устаноў культуры – Соф’я Кісель і Марыя Яраховіч, Паліна Зімава, Наталля і Людміла Бярозка. Гарачымі апладысментамі сустрэлі гледачы народны ансамбль “Крыніца” гарадскога Дома культуры і маладога спевака Дзяніса Шарамета.

Вядучая Галіна Паўловіч даслала віншаванні сваім аднавяскоўцам: старэйшаму жыхару Галага Бору, ветэрану Вялікай айчыннай вайны Сямёну Аляксеевічу Радзюку, самай маладой жыхарцы Ксеніі Радзюк, юбілярцы святочнага дня – 81-гадовай Ульяне Юрцэвіч. Сярэбранае вяселле сёлета адзначылі Зінаіда і Леанід Паўловічы.

З розных куточкаў на свята з’ехаліся людзі, у якіх гэтыя мясціны выклікаюць шчымлівыя ўспаміны.

Сямён Яраховіч жыве ў горадзе Усеваложск Ленінградскай вобласці. Выгадаваў траіх дзяцей, мае ўнукаў і праўнукаў. Вёску пакінуў у 1960 годзе, але прыязджае сюды амаль кожны год:

– Пашанцавала прысутнічаць на  свяце. Сустрэў аднавяскоўцаў, якіх даўно не бачыў. Прыгожая вёсачка, людзі дружныя, вясёлыя. Тут адпачывае душа, – кажа Сямён Захаравіч.

Прыемна, што маленькая радзіма Галы Бор з’яўляецца жаданым і любімым месцам для тых яе жыхароў, што выраслі тут і разляцеліся па ўсім свеце “віць гнёзды” і прывіваць любоў да Радзімы сваім нашчадкам.

 

 

Азярніца адзначыла 425-годдзе

Ёсць на Палессі, у глыбінцы, святая для мяне зямля. Гэта вёска Азярніца – радзіма малая мая!

Мерапрыемства пачаў старшыня Дварэцкага сельвыканкама Аляксандр Віднікевіч. Традыцыйна ладзілася ўшанаванне самага маленькага і самага сталага жыхароў вёскі; сямейных пар, якія разам пражылі 55, 60, 65 гадоў; народных майстроў і вясковых гаспадынь, якія прыгатавалі на конкурс разнастайныя смачныя стравы, а таксама парадавалі духмяным караваем; бібліятэкара і лепшых чытачоў; гаспадароў лепшых падворкаў.

Кіраўнік і прафкам СВК “Азярніца” ўшанавалі годных работнікаў сельскай гаспадаркі і выказалі падзяку за добрасумленную працу. Уручаны сувеніры, купленыя за сродкі Валянціны Емельяновіч, Аляксандра Віднікевіча, Аляксандра Семянчэнкі, Рыгора Богдана, Вольгі Богдан, Сяргея Бондара, Сяргея Канановіча.

Музычнымі нумарамі аздобілі свята ансамбль “Вандроўнікі” (Дварэцкі СДК), Надзея і Міхаіл Дубініч (Любачынскі СДК), Соф’я Кісель і Марыя Яраховіч (Вулькаўскі 2 СДК), Марына і Вікторыя Чарняковіч, Наталля і Людміла Бярозка (Азярніцкі СК).

Дзетвару радавалі батут, салодкая вата, цацкі, гульнявая праграма, якую падрыхтавала Жанна Лапаціна з Язвінскага СДК. Праведзена бяспройгрышная латарэя. Завяршыўся памятны дзень феерверкам і дыскатэкай.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть