ПадзеяСоциум

Першая сустрэча адбылася!

lunineckij-ded-moroz

Не ва ўсіх ёсць магчымасць адправіць дзяцей на экскурсію да Дзеда Мароза ў Белавежскую пушчу – усё ж такі далекавата, ды абыходзіцца паездка нятанна… А вось у домік дзядулі, які размяшчаецца ўсяго ў 20 кіламетрах ад райцэнтра, патрапіць зусім нескладана. І некаторыя маленькія жыхары Лунінеччыны ўжо сустрэліся з мясцовым Дзедам Марозам.

Дзверы для гасцей у рэзідэнцыю самага галоўнага зімовага персанажа адчыніліся ў аўторак, ва ўтульным кутку нашага краю – у лагеры «Спадарожнік», на Белым возеры. Хлопчыкаў і дзяўчынак з сярэдніх школ № 1 г. Лунінца, Дварэцкай і Дзятлавіцкай чакала забаўляльнае прадстаўленне з удзелам Дзеда Мароза і Снягуркі, Ката Баюна, Скамароха, Клоўна, Мушкецёра, Снегавіка, Чорта і Бабы Ягі. Яны здзіўлялі не толькі сваімі яркімі і арыгінальнымі вобразамі, але і цікавымі заданнямі. Вучні з задавальненнем спаборнічалі ў розных вясёлых конкурсах, забавах, вадзілі карагоды, а пасля гулянняў паспрабавалі апетытных бліноў, сагрэліся за кубачкам гарачага чаю і прыкупілі падарункі для родных у сувенірнай лаўцы.

МЕРКАВАННІ

Сафія, 11 год:
– Вельмі добра тут дыхаецца, люблю гэтае месца. Кожнае лета адпачываю ў лагеры. Зімовым яго яшчэ не бачыла. Бліны смачныя і чай, дарэчы, прыйшоўся, бо крышку замерзла. А так усё падабаецца, штосьці новенькае.

Алёша, 8 год:
– Думаю, што Дзед Мароз існуе. Проста яму ж цяжка аднаму па ўсім свеце  падарункі раздаваць, вось ён і папрасіў гэтага дзядзю яму дапамагчы. Напішу ў паштоўцы для сапраўднага, што лунінецкі справіўся на выдатна!

Мікіта, 10 год:
– У Дзеда Мароза не веру, але цікава стала, які ён у нас. Спадабаліся героі на забаўляльных станцыях – сучасныя і вясёлыя.

Марына, 9 год:
– Добры настрой, цікавая праграма, у персанажах пазнала педагогаў з ЦДТ. Яны – класныя! У цуды веру, асабліва пад Новы год – маё любімае свята! Шкада, што пакуль нельга з сям’ёй прыехаць да Дзеда Мароза. Думаю, што майму браціку таксама спадабалася б.

ПЫТАННЕ-АДКАЗ

Многіх жыхароў раёна пасля выхаду ў газеце навіны пра адкрыццё рэзідэнцыі цікавіла пытанне: «Чаму не робяць уваход адкрытым для жыхароў?». За адказам звярнуліся да начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталлі Цяльпук.

– Гэты праект – своеасаблівы эксперымент. Пакуль што вырашылі паспрабаваць праводзіць мерапрыемствы для арганізаваных груп па заяўках ад школ падчас канікул. У наступным, калі ідэя будзе запатрабаваная, плануем зрабіць наведванні для ўсіх, хто пажадае прыехаць у рэзідэнцыю сям’ёй. Да ўсяго неабходна зарэгістраваць паслугу і прадумаць спосаб аплаты. Яшчэ адзін нюанс – кадры. Работнікі Цэнтра дзіцячай творчасці і цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і экскурсіі штогод задзейнічаны ў ранішніках, таму працаваць, скажам, у той жа выхадны дзень, сёлета няма каму. Зразумела, ідэя патрабуе дапрацовак, але пачатак пакладзены, у дзяцей добры настрой, яны вераць у цуды, а гэта – самае галоўнае.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть