ПадзеяСоциум

Працоўны дэсант «захапіў» лунінеччыну

Працоўны дэсант «захапіў» лунінеччыну

Навядзенню парадку ў нашым раёне надаецца асаблівая ўвага. Гэта пацвердзіў і суботнік, які прайшоў у раёне 1 красавіка.

Удзельнічалі ў ім працоўныя калектывы, моладзь і шматлікія жыхары Лунінеччыны. Сонечнае надвор’е спрыяла пазітыўнаму настрою. У райцэнтры работы былі сканцэнтраваны на прывядзенне ў належны выгляд меліярацыйных каналаў, тэрыторый гаражных масіваў і пустак каля іх, а таксама зоны адпачынку на вадаёмах Баханова.

На меліярацыйным канале па вуліцы Садовая актыўна працавалі работнікі райвыканкама на чале са старшынёй Аляксандрам Пачко. Асаблівым гэты суботнік стаў для супрацоўніка аддзела эканомікі Аляксандра Тупекі (на ніжнім здымку) – з сякерай у руках яму яшчэ ніколі не даводзілася сустракаць свой дзень нараджэння. Тут жа ён прымаў віншаванні з нагоды 50-гадовага юбілею ад кіраўніка мясцовай улады і калег, якія не шкадавалі цёплых слоў. Літаральна за некалькі гадзін ад дзікарослай лазы і хмызняку тут не засталося і следу. На жаль, жыхары бліжэйшых дамоў толькі маўкліва назіралі за работай “працоўнага дэсанта” і не далучыліся да добрай справы. А ў тым, што меліярацыйныя каналы засмечваюцца, ёсць і іх віна: берагі значна “выраслі” дзякуючы бытавым адходам і расліннасці з агародаў.

На суседніх меліярацыйных каналах па вуліцах Сухога, Паньковай, Трошына актыўна і зладжана працавалі прадстаўнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, РАНС і РАУС.

Кіпела работа і каля раённай па-ліклінікі. Медыкі “асвяжалі” фасад на цэнтральным уваходзе, рабілі “стрыжкі” елкам і садзілі кветкі. Заззяла чысцінёй тэрыторыя каля вадаёмаў Баханова, дзе разам з БРСМ і РГА “Белая Русь” папрацаваў “дэсант” аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Некаторыя калектывы выканалі вызначаны аб’ём работ напярэдадні суботніка. Вывазам смецця займалася камунальная служба, своечасова накіроўваючы транспарт па ўсіх участках, дзе быў наведзены парадак.

Аб маштабнасці выкананых работ сведчаць наступныя лічбы: у суботніку прынялі ўдзел 16351 чалавек, у тым ліку 8275 вучняў школ і навучэнцаў каледжаў, зароблена каля 20 тысяч рублёў, якія плануецца зрасходаваць на добраўпарадкаванне населеных пунктаў раёна.

Раённы суботнік можна назваць свое-асаблівай размінкай перад рэспубліканскім, які адбудзецца ў апошняй дэкадзе красавіка.

 

Чысціня паляпшае настрой

У аграгарадку Вулька 2 заўсёды чыста, бо пра належны выгляд населенага пункта клапоціцца не толькі мясцовая ўлада, але і самі жыхары. А вясна – прыдатны час, каб зрабіць наваколле яшчэ больш прывабным.

На цэнтральнай вуліцы, дзе размешчаны ўсе адміністрацыйныя аб’екты, пра парадак дбаюць самі работнікі. І раённы суботнік яны выкарысталі для таго, каб яшчэ раз падмесці газоны, пасадзіць кветкі, пафарбаваць дрэўцы, бардзюры і агароджу.

Незалежна ад пасады, наводзіць чысціню прынята дружна, усімі калектывамі. Прадаўцы мясцовага магазіна Галіна Соц (на здымку), Таццяна Вячорка, Марыя Яраховіч і прыбіральшчыца памяшканняў Таццяна Кавальчук у суботу выкарысталі цёплае надвор’е

дзеля карысных мэт – узялі ў рукі пэндзлікі, граблі, венікі. Праз некалькі гадзін тэрыторыя набыла прыгожы і яркі выгляд, ад чаго палепшыўся настрой не толькі ў работнікаў гандлю, але і ў шматлікіх пакупнікоў.

 

«Візітоўка» калектыву –

гэта, несумненна, тэрыторыя прадпрыемства або арганізацыі, па стану якой складаецца першае ўражанне аб працаўніках, іх адносінах да справы. Падчас раённага суботніка ў Мікашэвічах максімальная ўвага была нададзена навядзенню парадку на такіх зямельных участках і іх добраўпарадкаванню.

У гімназіі імя У. Нядзведскага педагогі і тэхнічны персанал на чале з дырэктарам Сяргеем Высоцкім на працягу тыдня займаліся абрэзкай дрэў і кустоў, прыбіралі  ад сухой расліннасці і галін тэрыторыю ўстановы адукацыі, якая сёння радуе арыгінальнымі кветнікамі з першацветаў. Суботу прысвяцілі рабоце ў цяпліцы, дзе падрастае расада для чарговага этапа азелянення тэрыторый гімназіі і горада гранітаздабытчыкаў.

З энтузіязмам адгукнуліся на заклік прыняць удзел у суботніку працаўнікі філіяла №1 «Мікашэвіцкая бальніца». Напярэдадні тут прыбіралі старыя аварыйныя дрэвы. Таму галоўнай задачай удзельнікаў добраахвотнай акцыі стала ўборка тэрыторыі ад галін  і пілавіння. Затым медыкі разбілі на новых участках клумбы, на якіх пазней высадзяць кветкі.

НА ЗДЫМКУ: ні адзін суботнік не праходзіць без удзелу прадстаўнікоў «хуткай дапамогі», у тым ліку санітарак Вольгі Некрашэвіч і Анастасіі Курловіч, фельчара Юрыя Драбовіча.

 

Наводзім парадак – стараемся для сябе

На тэрыторыі былой участковай бальніцы, якая замацавана за трыма арганізацыямі, парадак наводзілі работнікі Любанскай амбулаторыі. Асноўная маса калектыву Лахвенскай яслі-сад-СШ разам з дырэктарам Сяргеем Коўшыкам у гэты час добраўпарадкоўвала прасторны школьны двор і прылягаючы да яго прыдарожны ўчастак. Каб надаць установе прыгожы выгляд, настаўніца Тамара Трухановіч высаджвала дэкаратыўныя кусты, саджанцы якіх разам з мужам вырасцілі ў сябе дома.

Калі разам са старшынёй сельвыканкама Людмілай Пашкевіч наблізіліся да тэрыторыі  Лахвенскага ўчастка дзяржаўнага прадпрыемства “Гарадоцкі”, нас сустрэў перарывісты гул бензапілы. Гэта працаўнікі гаспадаркі абрэзвалі і прыбіралі сухія галіны дрэў і хмызняку. Ажыўленне панавала і на самой тэрыторыі, дзе работнікі будаўнічай брыгады пад кіраўніцтвам начальніка ўчастка Анатоля Аліфяровіча разбіралі аварыйнае збудаванне. Тут жа знаходзілася і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Таццяна Сідаровіч, якая ўдакладніла, што, пачынаючы з 16 сакавіка, на тэрыторыі гаспадаркі праходзіць месячнік па добраўпарадкаванню, а непасрэдна ў суботніку ўдзельнічаюць работнікі сельгаспрадпрыемства, якія не задзейнічаны на веснавой сяўбе. Старшыня сельвыканкама папрасіла перадаць падзяку дырэктару Аляксандру Епішка за разуменне і падтрымку ў навядзенні парадку.

У Любані ў гэты дзень было ціха і спакойна. Настаўнікі і вучні мясцовай яслі-сад-школы выехалі на аздараўленне, загадзя паклапаціўшыся навесці парадак на тэрыторыі. За будынкам сельскага Дома культуры згрэбвалі сухую траву,  прыбіралі мінулагодняе лісце і смецце  работнікі СДК.  Не было адзначана ажыўлення ні ў мясцовым скверы, ні ля адміністрацыйнага будынка дзяржаўнага прадпрыемства “Новае Палессе”, тэрыторыі якіх патрабуюць увагі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть