ПадзеяСоциум

ПРАВЕРКІ З ПАДАРУНКАМІ

Практыка правядзення вясковых сходаў добра наладжана ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях.
Напрыканцы мінулага тыдня “дэсант” у складзе старшага інспектара Цэнтра прапаганды і навучання Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Юрыя Каляды, намесніка начальніка РАНС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Уладзіміра Ціхага, старшых інспектараў Генадзя Кулеша і Сяргея Неўдаха пабываў у Вялікіх Чучавічах. У актавай зале мясцовай школы сабраліся старшакласнікі і вяскоўцы. Выратавальнікі расказалі аб бедах, якія тоіць у сабе агонь, паказалі ўражваючыя відэафільмы. Школьнікі акрамя таго пазнаёміліся з навучальнымі ўстановамі МНС Рэспублікі Беларусь. Прайшла і своеасаблівая міні-акцыя “Апавяшчальнік – выратавальнік”. Яшчэ раз была звернула ўвага на карысць гэтага маленькага прыбора.
Далейшая работа праводзілася ў прыватным сектары. У некаторых дамах людзі палохаліся такой колькасці нечаканых гасцей, а ў іншых – наадварот, рады былі. Як, напрыклад, былая настаўніца Марыя Аляксандраўна Муравейка з Малых Чучавіч. Жанчына жыве сама, таму і рада, калі да яе наведваюцца людзі. Цяпер захварэла, “спісвае” гэта на ўзрост: “А што, дзетачкі, аджыла я сваё, 88 год, як ніяк”. І тут жа дадае: “Дай Бог папраўлюся, хутка – 8 Сакавіка, а там і мой дзень нараджэння”. Ад шчырага сэрца пажадалі Марыі Аляксандраўне здароўя і ўручылі прадуктовы набор, падрыхтаваны раённай арганізацыяй ГА “Беларускі саюз жанчын”.
Значную ўвагу супрацоўнікі РАНС надавалі адзінокапражываючым асобам, нядобранадзейным і мнагадзетным сем’ям. Такія дамы наведвалі разам з сацыяльным педагогам сацыяльна-педагагічнага цэнтра з дзіцячым прытулкам Таццянай Рамановіч. Амаль паўсюль гаспадары атрымлівалі прадпісанні аб ухіленні непаладак. А дзеткам хоць на хвіліну дастаўлялі радасць, дорачы мяккія цацкі.

“Чучавіцкі” дзень у супрацоўнікаў РАНС завяршыўся, неўзабаве – выезд у іншы населены пункт. А работнікі мясцовага паста, як і раней, будуць стаяць на варце бяспекі жыхароў.

Аляксандр КОЎКА.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть