МолодежьПадзеяСоциум

“Зарплата” за стараннасць

ЗПТак можна назваць матэрыяльную дапамогу, якую за добрую паспяховасць па выніках навучальнага года ўручаюць дзецям работнікаў ААТ «Лунінецкі малочны завод” і філіяла “Лобчанскае”.

Сярод іншых заахвочванне атрымалі Юля ЯСКЕВІЧ з Лунінца, а таксама браты-блізняты Уладзіслаў і Сяргей ЯКАЎЦЫ з Лобчы. Летась малодшаму не хапіла аднаго бала, сёлета ж юнак падцягнуўся ў вучобе і разам са старэйшым атрымаў заслужаны канверт з рук дырэктара завода Сяргея Карпца

У аўторак 35 школьнікаў і выпускнікоў гэтага года сабраліся ў актавай зале ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Вельмі сімвалічна, што сустрэча прайшла на прадпрыемстве, дзе працуюць іх мамы і таты.

Са словамі прывітання выступіў дырэктар прадпрыемства Сяргей Карпец, ён жа ўручыў падзячныя пісьмы, сувеніры з “малочнай кропелькай” і матэрыяльнае заахвочванне хлопчыкам і дзяўчынкам.

Своеасаблівым выпрабаваннем стаў вусны расказ на тэму “Як я правёў лета”. Чаго толькі не рабілі дзеці – дапамагалі бацькам, рыхтаваліся да паступлення, адпачывалі і ездзілі ў госці… З усіх адказаў вынікала адно – лета было цудоўным!

А потым простая і даверлівая размова працягнулася за салодкім сталом, пра які паклапаціліся работнікі завода. Дзеці дзяліліся марамі, прыгадвалі кур’ёзныя выпадкі і дзякавалі за падтрымку.

Як адзначыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Ларыса Карпец, у хлопчыкаў і дзяўчынак ёсць добры стымул вучыцца лепш. Нехта на “заробленыя” грошы рыхтуецца да школы – набывае адзенне і канцтавары, іншыя становяцца на крок бліжэй да сваіх мар. Прыемна, што колькасць дзетак, якія атрымліваюць “зарплату” за стараннасць, штогод павялічваецца.

Акрамя матэрыяльнага заахвочвання, кожны праз некаторы час атрымае прыгожы фотаздымак з урачыстасці. А самыя яркія моманты ўпрыгожаць стэнд “Нашы дзеці”, які з’яўляецца своеасаблівай школьнай “Дошкай гонару” на прадпрыемстве.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть