Дрэва з каранямі ў Беларусі
Год малой родины

Дрэва з каранямі ў Беларусі

Міссіс Богдан… Яе і па-сёння так, на замежны манер, нярэдка клічуць калегі і былыя вучні, хоць ужо больш як дзясятак год Таццяна Мікалаеўна не пераступае школьнага парога. Неспадзяваныя карэктывы ўнесла хвароба, але стасункі з мінулым працягваюцца. Найчасцей – праз былых вучняў, якія не забываюць урокі таленавітай настаўніцы. Прыкладна так, як яна сама памятае ўсіх, па чыіх слядах вырашыла прыйсці ў педагогіку.

Яна – лунінчанка, ды і бацькоўскія карані бяруць пачатак у Дрэбску.
А вось мама родам з Піншчыны, хаця ў біяграфіі ёсць алтайская старонка, куды заможную сям’ю выслалі з пачаткам калектывізацыі. Былым часам многія жыхары райцэнтра мелі дачыненне да чыгункі. Вось і бацька нашай гераіні Мікалай Мардухай (а менавіта такім было дзявочае прозвішча Таццяны Мікалаеўны) звязаў лёс са сталёвымі магістралямі.

Дзяцінства прайшло на Залессі, дзе на вуліцы Новай сярод іншых прытуліўся бацькоўскі дом. Першыя пасляваенныя дзесяці-годдзі адметныя тым, што, засумаваўшы па мірнаму жыццю, людзі адчайна стараліся ладзіць уласнае шчасце, быццам спяшаючыся ім наталіцца. Нараджаліся дзеці. У адным з першых класаў СШ №1 г. Лунінца, куды пайшла Таня Мардухай, было 42 вучні! Настаўніца Надзея Васільеўна Хорава па-майстэрску спраўлялася з непаседлівай дзятвой, не дзелячы іх на “любімчыкаў” і “лайдакоў”. Здаецца, менавіта адтуль, з далёкага дзяцінства, нараджалася і ўмацоўвалася ў будучага педагога цвёрдае перакананне, што ўсе без выключэння хлопчыкі і дзяўчынкі заслугоўваюць настаўніцкай увагі і цярпення, а ў менш здольных увогуле варта ўкладваць неўпрыкмет больш старання і ведаў.

Неўзабаве на Залессі пабудавалі новую школу, і ўсю мясцовую дзетвару перавялі сюды. Справядлівасці дзеля, варта заўважыць, што ў СШ №3 разам з выхаванцамі перайшлі і многія настаўнікі, што было вельмі дарэчы. Дзякуючы гэтай акалічнасці, перыяд прывыкання да новых умоў прайшоў адносна безбалюча. Да таго ж, паявіліся новыя прадметы, якія па-сапраўднаму захапілі здольную вучаніцу. Адзін з іх – французская мова.

Недарма кажуць, што ў школе навука заўсёды атаясамліваецца з настаўнікам. Французскую мову ў СШ №3 выкладала Валянціна Іванаўна Кулік. Вытанчаная і вельмі прыгожая, яна адразу стала кумірам дзяўчынак. А незнаёмы французскі шарм, які надавала мова Бальзака, Гюго і Дзюма, захапіў настолькі, што вагання, кім стаць у будучым проста не існавала. Справядлівасці дзеля, варта заўважыць, што выдатныя адзнакі ў Таццяны Мардухай былі і па іншых прадметах. Камсамоль-ская актывістка ішла на медаль.
Але ж дзеці ва ўсе часы застаюцца дзецьмі. Памятаеце славуты фільм “Дажывем да панядзелка” і бунт старша- класнікаў супраць настаўніцы замежнай мовы? Нешта падобнае адбылося і ў СШ №3, толькі тут вучні выступілі супраць непамернай, як ім здавалася, строгасці і патрабавальнасці тагачасага дырэктара Тамары Васільеўны Краўцовай. Прагуляць урокі разам з равеснікамі адмовілася толькі Таццяна Мардухай, якая так і не здолела пераканаць аднакласнікаў у няправільнасці іх паводзін. І гэта таксама быў мужны ўчынак, бо сёння складана нават уявіць, што давялося вытрымаць дзяўчынцы ад бескампрамісных сяброў. Мянушка “Медалістка” ў іншы час не падалася б такой крыўднай, але тады… Дзяўчынка закінула вучобу, хаця нават без падрыхтоўкі адказваць каля дошкі менш, чым на чацвёрку, проста не атрымлівалася. Вось толькі залаты медаль так і застаўся няспраўджанай марай.

Аднак паступленне ў тагачасны інстытут замежных моў далося лёгка. Як і вучоба, падчас якой авалодала яшчэ і англійскай мовай. Менавіта тады зразумела, што ўмець свабодна размаўляць з іншаземцамі – гэта вялікае шчасце і сур’ёзная праца. А вось пашырыць арсенал, калі ведаеш дзве замежныя, трэцяй мовай – не так і складана. Менавіта таму аднойчы ў дадатак да дыпломных французскай і англійскай вырашыла самастойна вывучыць яшчэ і нямецкую.
Першым рабочым месцам стала Палеская СШ. На той час маладая настаўніца памяняла прозвішча, сустрэўшы на танцпляцоўцы роднага горада на год старэйшага Уладзіміра Богдана. Ад педагогікі ён быў далёкім, бо, паддаўшыся веянням часу, вы-рашыў прысвяціць сябе меліярацыі. Вялікае наступленне на палескія балоты прынесла тады Лунінецкаму камсамолу ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, а малады меліяратар Уладзімір Богдан быў вылучаны на атрыманне прэміі Ленінскага камсамола.

Аднак высокай узнагародай давялося ахвяраваць: у самы адказны час галава сям’і нечакана памяняў месца работы, атрымаўшы запрашэнне на рамонтна-механічны завод. Усё аказалася да болю трывіяльным: на развіваючымся прадпрыемстве перспектыўнаму працаўніку паабяцалі кватэру. Неўзабаве маладая сям’я святкавала наваселле.

Спявак і кампазітар Макс Корж — адзіны з самых знакамітых вучняў Т.М. Богдан

Таццяна Мікалаеўна на той час працавала ўжо ў роднай СШ №1. Нягледзячы на маладосць, настаўніца паспела займець вядомасць патрабавальнага і прынцыповага педагога. Аднойчы на перапынку давялося пачуць размову дзвюх старшакласніц, адна з якіх, даведаўшыся, што сяброўка трапіла ў падгрупу да місіс Богдан, безапеляцыйна заявіла: “Спачуваю, будзеш цяпер з раніцы да ночы зубрыць…”. “Дзяўчынкі мае, калі вы насамрэч жадаеце авалодаць замежнай мовай, то вучыць яе трэба доўга і настойліва”, – не вытрымала тады настаўніца. Гэтаму правілу яна не здрадзіла на працягу доўгіх год нястомнай працы, якая несумненна давала плён. Здаралася, са школьнай падгрупы ў 15 вучняў 8 – з першага разу паступалі ў прэстыжыны інстытут замежных моў.
Уменне захапіць прадметам, прывіць выхаванцам уседлівасць і жаданне не спыняцца на дасягнутым сталі перадумовай таго, што вучні місіс Богдан традыцыйна перамагалі на алімпіядах самага рознага ўзроўню. З просьбай удасканальваць свае веды да яе звярталіся не толькі юныя гараджане, але і вяскоўцы.

– Вучаніца Палескай СШ Таня Ждан – дзяўчынка, якая ўразіла мяне фенаменальнымі здольнасцямі да замежных моў, – першай трапіла на рэспубліку і адразу – у прызёры, – успамінае Таццяна Мікалаеўна.

Поспех настаўніцы і яе вучняў не застаўся незаўважаным. Як толькі ў Лунінцы ад-крыўся ліцэй, яе запрасілі выкладчыцай у элітную ўстанову. Выдатнае ўменне перадаваць веды вучням неаднойчы ацэньвалася шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У 2002 годзе Т.М. Богдан атрымала адну з самых жаданых для настаўніка ўзнагарод – нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”.

Увесь гэты час Уладзімір Уладзіміравіч Богдан быццам заставаўся ў ценю таленавітай жонкі. Пакуль аднойчы лёс не зрабіў круты віток, трывала звязаўшы ўчарашняга меліяратара… з педагогікай. У 1991-ым ён стаў дырэктарам Лунінецкага вучэбна-вытворчага камбіната. Гэта была ўнікальная магчымасць яшчэ са школьнай парты прывіваць дзетвары вельмі патрэбныя навыкі. Хлопчыкі ахвотна спасцігалі ў сценах камбіната тонкасці прафесій вадзіцеля і сталяра, дзяўчынкі цярпліва вучыліся майстэрству шыць, чараваць каля пліты, гандляваць, стракацець на друкавальнай машынцы, асвойваючы азы справаводства. Цяжка сказаць, колькім юным лунінчанам ВВК даў пуцёўку ў жыццё, бо і насамрэч з’яўляўся самай што ні на ёсць дзейснай прафарыентацыйнай структурай. Да таго ж, магчымасцю атрымаць прафесію актыўна карысталіся дарослыя, наведваючы платныя вячэрнія курсы. У камбіната быў свой магазін. Гэта дазваляла ўстанове быць фінансава незалежнай. Зразумела, што рашэнне аб яго закрыцці лунінчанамі было ўспрынята з вялікім шкадаваннем.

Тры пакаленні Богданаў

Кабінеты ўстановы мелі сучасную мэблю і станкі, у чым істотна дапамагалі замежныя дабрачынцы, чыя гуманітарная місія ў раёнах, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС, толькі набірала размах. Можна сказаць, што сям’я Богданаў стаяла ля вытокаў нараджэння пабрацімскіх сувязяў, бо менавіта Таццяна Мікалаеўна была пера-кладчыцай першай лунінецкай дэлегацыі, што накіравалася ў далёкі Шэнефельд, сяброўства з якім не перарываецца дагэтуль.

Потым былі паездкі ў Ірландыю, але тая, першая вандроўка на ўзбярэжжа Паўночнага мора, у пэўным сэнсе, стала лёсавызначальнай. Менавіта пасля яе старэйшы сын Сяргей пачаў настойліва вывучаць нямецкую мову. Гэта дапамагло не толькі атрымаць дадатковую адукацыю, але і трывала замацавацца потым у чужой краіне (сёння ён працуе кансультантам у ІТ-сферы). Дарэчы, здольнасць да вывучэння замежных моў на генным узроўні, акрамя Сяргея, перанялі ад мамы і малодшыя Мікола з Антонам. Менавіта дасканалае валоданне некалькімі мовамі садзейнічала таму, што Мікалай стаў выдатным траўматолагам. Ён працуе ў апёкавым цэнтры. Малодшы Антон выбраў для сябе сферу высокіх тэхналогій. Мабыць, таму Таццяна Мікалаеўна цвёрда ўпэўнена, што ў любым слушным памкненні сыноў і дачок вялікую ролю адыгрываюць бацькі. Пераконвалася ў гэтым не раз і на прыкладзе лунінчан, чые дзеці здолелі дасягнуць прыкметных вышынь у прафесіі, ды і ўвогуле ў жыцці. Сёння яна з павагай называе імёны Андрэя Барычэўскага, Валянціны Коваль, Уладзіслава Гапко, Вольгі Сергіевіч, Аляксея Бойкі і іншых сваіх вучняў, якія ўслаўляюць малую радзіму не толькі на прасторах Беларусі, але і далёка за яе межамі.

– Наш Лунінец – незвычайны горад, хоць такіх і мноства ў Беларусі, – упэўнена гаворыць суразмоўніца. – Дзе яшчэ, скажыце, можна атрымаць такую выдатную пачатковую музычную адукацыю? Дзе можна з дзяцінства прывучаць дзетвару ўпэўнена трымацца на лёдзе, бавіць час на водных дарожках шыкоўнага басейна? А колькі выдатных гурткоў прапаноўвае Цэнтр дзіцячай творчасці! За мяжой усё гэта каштуе велізарных грошай. А ў нас, што б ні казалі, застаецца прывычным і даступным. Шкада, што некаторыя гэтага не разумеюць…

Гэтае шкадаванне адрасавана не толькі тым, невядомым бацькам, якія мала ўвагі звяртаюць на магчымасці дадатковай адукацыі сваіх сыноў і дачок, але і ў некаторай ступені – сабе. Справа ў тым, што ўсе трое сыноў сям’і Богдан асталяваліся ў далёкім нямецкім Гамбургу. Там падрастаюць чацвёра ўнукаў. Іх бацькі, а таксама бабуля з дзядулем, да якіх ахвотна прыязджаюць малыя падчас канікул, стараюцца, каб яны не забыліся родную мову і мяс-ціны, дзе дагэтуль каранямі трымаецца за беларускую зямлю дрэва іх продкаў.


Похожие статьи


Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть