«Радзіма пачынаецца з Лунінца»
Год малой родины

«Радзіма пачынаецца з Лунінца»

На пытанне з папулярнай песні такі адказ даў бы Леў КОЛАСАЎ.Упэўнена ў гэтым таму, што ўсё жыццё Леў Леанідавіч аддана служыць роднаму гораду. Са сваіх 85-ці наш зямляк 60 год жыве ў Мінску, але дагэтуль называе сябе лунінчанінам. І даказвае гэта не толькі словамі, але і вельмі канкрэтнымі справамі.

Сям’я

Генеалагічныя даследаванні – вельмі моднае захапленне. Але Леў Леанідавіч пачаў пошукі свайго радаводу тады, калі сучаснікі наогул не цікавіліся ні мінулым, ні цяперашнім роднага краю. А бацькі Л.Л. Коласава якраз спалучалі і сялянскае мінулае Палесся, і новую – чыгуначную – гісторыю Лунінца. Значыць, сямейныя паданні адлюстравалі не толькі прыватную цікавасць, але і грамад-скую значнасць праз захаванне дакументаў, фотаздымкаў, успамінаў.

Вайна

Тыповая фраза пакалення “ракавых, саракавых”: “Наш лёс перакрэсліла вайна”. Не выключэнне і сям’я Коласавых, якія былі прымусова вывезены ў Германію за два дні да вызвалення Лунінца ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Год на чужыне… Знясільваючая праца “рабоў ХХ стагоддзя”, якім нават імёны замянілі лічбамі; знявага з боку нямецкіх гаспадароў, якія імкнуліся растаптаць чалавечую годнасць і нацыянальную памяць… Не ўдалося. Былыя “остарбайтэры” вярнуліся на Радзіму. Не спадзяваліся на радасны прыём, але і не чакалі тых праверак, падазронасці, праследаванняў, новых выпрабаванняў, калі чалавечую годнасць таксама зневажалі. Што выратавала? У ХХІ стагоддзі магу меркаваць: маміна ікона, якая і родны дом на вуліцы Шырокапясковай-Чырвонай зберагла ад полымя бамбардзіровак, і захоўвала ад бяды ў нямецкім лагеры, і… А шмат дзесяцігоддзяў таму вызначэнне “савецкі чалавек” прымушала ўзнімацца і над здрадай сяброў, і над даносамі знаёмых “добразычліўцаў”. Урэшце можна адмовіцца ад ідэйных прыназоўнікаў, калі чалавек выхаваны сумленным і прыстойным, для якога гонар роду, гонар прозвішча – не проста словы, а сутнасць жыцця. І гэта значна больш, чым часовыя абвінавачванні на той падставе, што “табе не верыць Савецкая ўлада”…

Школа

Педагогі многіх устаноў адукацыі не раз адзначалі, што ўдзячны Льву Леанідавічу за гістарычныя звесткі пра іх паселішчы, пра першыя крокі асветы ў нашым краі. Пры гэтым усе лунінчане (я – не выключэнне) шчыра зайздросцяць СШ №2 г. Лунінца, якая мае свайго летапісцу. Падобныя прыклады надзвычай рэдкія і ў іншых раёнах. Калі апрацоўвала сапраўдную “эпапею” былой чыгуначнай школы, была ўражана той ступенню ўдзячнасці, якую паспеў выказаць выпускнік-1952 сваім настаўнікам. І не проста добрымі словамі, а канкрэтнымі выпадкамі ўзаемаадносін вучняў і настаўнікаў, абліччы якіх засталіся ў памяці пакаленняў праз прызму погляду Льва Леа-нідавіча.

А з якой любоўю ён занатаваў сцяжынкі, па якіх бегаў у дзяцінстве, хадзіў у маладосці! “Сага” аб старых лунінецкіх вуліцах – сапраўднае адкрыццё для цяперашніх гараджан. А колькі настальгічных водгукаў атрымала газета ад былых жыхароў ці ўраджэнцаў з розных краін Садружнасці, Ізраіля, ЗША, Канады, Аўстраліі! І зноў жа – неацэнны ўклад у летапіс Лунінца, усяго нашага краю, што з’яўляецца часткай гісторыі нашай краіны.

Прафесія

Суровая рэчаіснасць пера-шкодзіла стаць чыгуначнікам, працягнуць дынастыю. (Хаця… Ці не далучаны Леў Леанідавіч да чыгункі сваімі даследаваннямі аб першапраходцах сталёвых магістраляў, аб розных этапах развіцця гэтага віду транспарту, які і ў ХХІ стагоддзі не здае сваіх пазіцый? І многім пакаленням людзей менавіта наш пазаштатны аўтар дапамог асэнсаваць, што “Лунінец – горад, народжаны чыгункай”).

Шэраг ВНУ, куды меў шанцы паступіць лунінецкі выпускнік, таксама адмовіліся ад абітурыента, які не хаваў ніводнага радка са сваёй кароткай біяграфіі. І даведзены да адчаю малады чалавек не тапіў гора ў бутэльцы, не кідаўся ў самагубства ці іншыя тыповыя для нашага часу гісторыі. У верасні 1953-га Леў Коласаў не прасіў пашкадаваць яго – патрабаваў (!) дазволу на навучанне ў любой дзяржаве “сацыялістычнага лагера”. І адрасаваў гэты зварот у вышэйшую інстанцыю – генсеку ЦК КПСС Хрушчову!

Можна па-рознаму каменціраваць гэту “пачутасць”. Але вельмі важна ўсвядоміць вечны ўрок, таксама выказаны песенным куплетам: “…хто хоча – той даб’ецца, хто шукае – той заўсёды знойдзе”.

Леў Коласаў атрымаў вышэйшую адукацыю (хаця спачатку і платна, і завочна, і з-за жыццёвых перыпетый вучоба цягнулася не адну “пяцігодку”). Не цураўся цяжкай працы – у Мінску быў рабочым Камароўскай ТЭЦ. А потым годна займаўся спецыяльнасцю, аб якой не марыў. Ва Усесаюзным НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў пачаў лабарантам – “дарос” да пасады вядучага інжынера, навуковага супрацоўніка. І ў пенсійным узросце яшчэ больш як 20 год быў запатрабаваны ў сваёй лабараторыі, адкуль давялося забіраць на кватэру некалькі вялікіх скрынь сапраўднага лунінецказнаўчага архіва!

Захапленне

Так, гістарычныя нарысы Льва Коласава – не толькі даніна ўспамінам уласным і бацькоўскім. Гэта шматгадовая праца ў Нацыянальнай бібліятэцы (былой “Ленінцы”) – пашанцавала атрымаць кватэру ў “высотцы” на гэтай жа вуліцы (а, можа, нічога выпадковага ў жыцці не бывае?), а таксама ў епархіяльным, нацыянальным (былым партыйным), гістарычным архівах. Колькі кніг прачытана – у тым ліку на польскай і нямецкай мовах, якімі валодае без перакладчыкаў. Усё з адзінай мэтай – знайсці там самы дробны, але такі важны для нягучнай гісторыі Лунінца факт.

Пачаўшы супрацоўнічаць з нашай газетай, яшчэ калі яна была “Ленінскім шляхам”, за некалькі год да ўтварэння камісіі па напісанню кнігі “Памяць. Лунінецкі раён” Леў Коласаў апублікаваў столькі краязнаўчых нарысаў, што адразу быў прапанаваны ў склад групы па падрыхтоўцы хронікі (таксама вельмі рэдкі выпадак – у пераважнай большасці раёнаў краіны звычайна абмяжоўваліся тымі знаўцамі, хто быў на месцы “тут і цяпер”). І практычна ўсе матэрыялы – за яго подпісам ці аб’яднаныя з іншымі аўтарамі – сталі набыткам своеасаблівай лунінецкай “энцыклапедыі”, не толькі ўзбагаціўшы бібліяграфічныя і архіўныя да-дзеныя, але і акрэсліўшы афіцыйныя звесткі вельмі пранікнёным асабістым матывам. Заслужаныя знакі пашаны – Ганаровая грамата райвыканкама і Ганаровая грамата райсавета – дадаліся да дзясяткаў іншых дзяржаўных і грамадскіх узнагарод міжнароднага, усесаюзнага, рэспубліканскага ўзроўняў.

Філатэлія

У калекцыяніраванне марак і іншай паштовай прадукцыі перарасло звычайнае захапленне. Відавочная перавага нашага земляка – любую справу вывучаць сур’ёзна, дасканала, глыбока. Гэта адлюстравалася і ў філатэлістычных зборах (іх яшчэ ў даваенны час пачаў бацька, а пасля частку калекцыі перадаў у спадчыну сыну, які захапленне ператварыў у веды). З цягам часу калекцыі Льва Коласава сталі атрымліваць залатыя, сярэбраныя і бронзавыя медалі (іх колькасць на сёння перасягнула 150 і працягвае павялічвацца) у розных краінах свету. З 1969-га з’яўляецца намеснікам старшыні Беларускага саюза філатэлістаў (у 2000-2005 гг. узначальваў рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне). Леў Леанідавіч выбраны сапраўдным замежным членам Польскай Акадэміі Філатэліі (адзіны ў СНД!), членам-карэспандэнтам Нацыянальнай Філатэлістычнай Акадэміі Расійскай Федэрацыі, а ў Беларусі ўдастоены звання “Ганаровы філатэліст” з пасведчаннем №1. І ў нашай краіне, і далёка за яе межамі знаўцы называюць яго самым дакладным экспертам у філатэлістычных пытаннях.

І такую ж павагу эрудыцыя і адказнасць Льва Коласава выклікае ў Беларускай пошты, дзе ён шмат год выбіраецца членам мастацкага савета Міністэрства сувязі. Канверты з выявамі лунінецкіх аб’ектаў – у многім заслуга нашага земляка, такія яго своеасаблівыя падарункі роднаму гораду.

Дарэчы, аналагічныя ён зрабіў і робіць іншым паселішчам, таму што шчыра дзеліцца набытымі звесткамі. Але самая багатая на спадчыну з рук Льва Леанідавіча – лунінецкая пошта. Ёй уручаны і дата ўтварэння, і імёны першых кіраўнікоў, і самыя цікавыя эпізоды перыяду дзейнасці “пры Польшчы”, і асобныя старонкі гісторыі пасляваеннага часу. Самадзейны музей, які шмат год аздабляў другі паверх адміністрацыйнага будынка раённага вузла паштовай сувязі, быў пераважна адлюстраваннем інфармацыі шматгадовага аўтара “раёнкі” і публікацый нашай газеты.

Музеі

Складана падлічыць, колькі экспанатаў перадаў Л.Л. Коласаў у Лунінецкі раённы краязнаўчы музей! Такія ж трывалыя сувязі наш зямляк усталяваў з Дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Неўзабаве пасля ўрачыстага адкрыцця да 70-гадовага юбілею Перамогі сталічныя спецыялісты запрасілі ганаровых гасцей на персанальную экскурсію. Іх было толькі 10 чалавек – дарыцеляў музейных рарытэтаў. Першым запрашэнне атрымаў Леў Леанідавіч, таму што яго асабісты ўклад у скарбонку рэспубліканскага музея – больш як 500 рэдкіх рэчаў, кожная з якіх – сама гісторыя. Але і ў Баранавічах, і ў Кобрыне, і ў Пінску, і ў многіх іншых гарадах не толькі Брэстчыны можна знайсці “лунінецкі след”. Такую ж удзячнасць, як калектыў сховішча мясцовай даўніны, выказваюць Льву Коласаву шэраг музеяў Польшчы, куды ён перадаў старыя польскія падручнікі з гарышча лунінецкага дома. Асабліва каштоўныя экспанаты – часткі аўтамабіля, на якім у пачатку Другой сусветнай вайны яго бацька вазіў начальніка артылерыі дывізіі, – прадстаўлены ў Варшаўскім музеі Войска Польскага.

Удзячнасць

Аўтар трох кніг, Леў Леанідавіч стаў героем многіх выданняў і дзясяткаў публікацый у замежным і рэспубліканскім друку, шэрагу радыё- і тэлепраграм. Што ж датычыць даследаванняў юных знаўцаў мінулага, якія рыхтуюць працы на вучнёўскія навукова-практычныя канферэнцыі, то тут няма роўных па цытуемасці прозвішча Коласаў! Ці не гэта – самае важнае для ганаровага краязнаўцы, што яго пошукі і знаходкі запатрабаваны “дзецьмі ХХІ стагоддзя”?! Нематэрыяльны духоўны падмурак, закладзены ім, пераконвае ў росквіце Лунінеччыны, якая, дзякуючы нашаму земляку, моцна трымаецца на ведах аб нашым краі.

Як удзячны лунінчане, што ў іх ёсць Леў Леанідавіч! Яго часовая засмучанасць тым, што пэўны час не трапляюцца новыя факты аб родным горадзе, тут жа змяняецца радасным паведамленнем: дзесьці прачытаў аб Лунінцы ці хтосьці з нашых землякоў адзначаны грамадскім прызнаннем. Няхай наша чаканне вестак ад Коласава, якія рэгулярна публікуе раённая газета, натхняе Льва Леанідавіча на новыя адкрыцці ў гісторыі і сучаснасці малой радзімы!


Похожие статьи


Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть