Невялікі гістарычны экскурс у мінулае
Год народного единства

Невялікі гістарычны экскурс у мінулае

Сёлета споўнілася роўна сто год з дня падпісання Рыжскай мірнай дамовы паміж Савецкай Расіяй і Савецкай Украінай з Польшчай. Інтарэсы БССР на гэтых перамовах прадстаўляў расійскі бок.
Дамова падводзіла вынік савецка-польскаму канфлікту, праводзіла мяжу адроджанай Польшчы на ўсходзе. Згодна Рыжскаму пагадненню, значная частка этнічных беларускіх земляў станавілася часткаю Польшчы.
Станаўленне новай Польшчы не было простым. Трэба было стварыць адзіную краіну з трох кавалкаў тэрыторый, якія ў нядаўнім мінулым належалі да розных імперый: Расійскай, Германскай, Аўстра-Венгерскай. Сітуацыя ўскладнялася тым, што нацыянальныя меншасці складалі каля сарака працэнтаў насельніцтва.
Аднак кіраўніцтву новай дзяржавы хапала палітычнай волі, каб будаваць новую краіну. Нацыянальным меншасцям, праўда, часта прыходзілася нясоладка ў іх новай Айчыне. Дзяржава мэтанакіравана праводзіла палітыку асіміляцыі.
Чатыры вялікія нацыянальныя меншасці жылі ў Польшчы: немцы, украінцы, яўрэі, беларусы. Часта яны выступалі разам у абароне сваіх правоў, прыкладам могуць быць выбары ў Сейм, калі нацыянальныя меншасці выстаўлялі адзіны спіс для галасавання.
Даваенная Польшча была шматпартыйнай краінай. Былі свае партыі і ў нацыянальных меншасцяў. Асаблівасцю беларускіх партый было тое, што ўсе яны ў праграмных мэтах ставілі пытанне аб’яднання беларускіх земляў у адной дзяржаве. Нехта бачыў будучыню ў Савецкім Саюзе, іншыя – у стварэнні незалежнай буржуазнай краіны.
Аб’ектыўна гледзячы, трэба прызнаць, што беларускі рух у Польшчы быў слабейшы, чым у іншых народаў. Яўрэям дапамагала традыцыйная адасобленасць і фінансавая самастойнасць, немцы атрымлівалі розную дапамогу з боку Нямеччыны, асабліва пасля прыходу да ўлады нацыянал-сацыялістаў. Украінцы мелі досвед узброенай барацьбы за ўласную дзяржаўнасць у 1918 – 1921 гадах.
У беларускім актыве ўсяго пералічанага не было.
Асобна трэба глянуць на Палессе ў гэты час. У нацыянальным плане яго насельніцтва лічылася неўсвядомленым. Тут праводзілі сваю работу як беларускія, так і ўкраінскія арганізацыі, але найбольшую актыўнасць праяўляла дзяржава. Палессе павінна было стаць своеасаблівым польскім клінам, які б разбіваў маналітнасць усходнеславянскага масіва на ўсходзе Польшчы.
Паланізацыя Палесся была бескампраміснай, ішла праз друк, школу, царкву. Так, у прыватнасці, праваслаўныя свяшчэннікі павінны былі ўжываць найперш у пропаведзі, а пажадана і ў
богаслужэнні польскую мову. У выпадку няведання польскай мовы можна было пропаведзь гаварыць на мясцовым дыялекце, але катэгарычна забараняліся літаратурныя беларуская і ўкраінская мовы.
Тым не менш, нават пры такіх жорсткіх забаронах былі прыклады паспяховай барацьбы за свае правы. Гэтая барацьба супраць польскай прысутнасці часта знешне прымала ўкраінскія нацыянальныя формы. Так, украінская мова выкарыстоўвалася ў богаслужэнні і занятках рэлігіі ў тым ліку і ў некаторых населеных пунктах Лунінецкага раёна.

Але найбольшы ўплыў на сялянскую масу адыгрывала беларуская партыя – Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі. Камуністычныя ідэі ў гэты час былі вельмі папулярныя ў заходніх беларусаў. Гэтаму спрыяла як недальнабачная палітыка польскіх ўлад, так і актыўная прапаганда, якую вёў Савецкі Саюз, дасягненні савецкай культуры. Савецкія фільмы, песні, кнігі аказвалі велізарны ўплыў на беларусаў і украінцаў у Польшчы. «Веселые ребята» («Свет смяецца» у польскім варыянце) або «Ціхі Дон», пераклады якога на польскую мову былі аднымі з першых, – рабілі ўражанне фантастычнае.
Антыкамуністычная прапаганда, якую вяла афіцыйная Польшча, і блізка не мела таго эфекту, як бальшавіцкая. Адзін са стваральнікаў беларускага прафесійнага тэатра, «беларускі Мальер», як звала яго тагачасная прэса, Францішак Аляхновіч, пасля вяртання ў Польшчу з Салавецкага лагера выпусціў кнігу пра сваё знаходжанне там, рэгулярна выступаў на віленскім радыё. Але яму і такім як ён не верылі. Пасля вяртання з СССР Аляхновіч вёў у Вільні замкнёны лад жыцця: грамадства не прыняло яго. Жыццё яго закончылася ў акупіраванай немцамі Вільні, дзе ён быў рэдактарам газеты. Хто забіў Аляхновіча – савецкія ці польскія падпольшчыкі – мы дакладна не ведаем да сённяшняга дня.
У 1939 годзе польская дзяржава перастала існаваць. У выніку падпісання так званага пакта Молатава-Рыбентропа доля Польшчы была перадвызначана. Польскаму народу давялося перажыць не толькі страту дзяржаўнасці, але і спазнаць сталінскія рэпрэсіі, а ўслед за імі – страшны тэрор з боку немцаў, і не менш жахлівы – з боку ўкраінцаў.
Пра амаральнасць гэтага пакта шмат гаворана-перагаворана. Але перш чым спекуляваць на пакце, трэба згадаць словы польскага гісторыка беларускага паходжання Юрыя Туронка, які гаварыў: перш чым асуджаць савецка-нямецкія дамовы, трэба згадаць пра амаральнасць Рыжскага міру.
Беларуска-польскія адносіны той пары былі далёкімі ад ідэалу. Міжваенны перыяд не спрыяў гэтай прыязнасці, Другая сусветная вайна толькі збольшыла ў шэрагу момантаў супрацьстаянне. Такога маштабу канфлікту, як на суседняй Валыні, не было, але шмат дзе лілася беларуская кроў ад рук палякаў і наадварот. Усё гэта рабілася пры дзейсным нямецкім спрыянні. Пасляваенны час не значыў аўтаматычнага заканчэння ваенных дзеянняў. Салдаты Арміі Краёвай, што падпарадкоўвалася польскаму эмігранцкаму ўраду ў Лондане, не спынілі ваенных дзеянняў пасля афіцыйнага заканчэння вайны. Ахвярамі гэтых «праклятых салдатаў» часта былі бяззбройныя і невінаватыя беларускія сяляне.
Да нашых дзён гэтая старонка гісторыі не перагорнута. Дастаткова нагадаць скандал з удзелам польскага консула ў Брэсце, які прыняў удзел у ганараванні «праклятых салдатаў» разам з вучнямі польскай школы. Далёка не ўсё можна дараваць і забыць нават праз шмат дзесяцігоддзяў.

Алег Кунец.


Похожие статьи


Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть