Официально

БУДЗЕ Ў ГОРАДЗЕ ПАРК

24 МАЯ – ЕЎРАПЕЙСКІ ДЗЕНЬ ПАРКАЎ

Госці Лунінца заўсёды захапляюцца яго дагледжанасцю і вялікай колькасцю зялёных насаджэнняў. Многія з іх нават не здагадваюцца, што горад дагэтуль не мае свайго прыгожага парка ці вялікага ўтульнага сквера. Як высветлілася, у недалёкім будучым мяркуецца выправіць гэтую крыўдную недарэчнасць. Расказвае намеснік галоўнага архітэктара раёна Канстанцін НАВІЦКІ:

-Гарадскі парк, як і меркавалася раней, будзе закладзены ў Заводскім мікрараёне каля праектуемага Дома культуры, які запланавана ўзвесці на месцы знесенага доўгабуда. Аднак, гэта – справа хоць і агляднага, але ўсё ж – будучага. Пакуль жа закладзены сквер каля ўзводзімага храма “Взыскание погибших”. У гэтай высакароднай справе актыўны ўдзел брала грамадскасць райцэнтра, за што ўсім вялікі дзякуй. Плошча сквера прыкладна 3 гектары, дрэўцы прыжываюцца нядрэнна. Варта спадзявацца, што хутка яны парадуюць гараджан непаўторнай прыгажосцю новага зялёнага астраўка.

Акрамя гэтага, новым генпланам горада прадугледжана закладка гарадскога парка і сквера ў раёне ўрочышча Беразіна. Тут плануецца не толькі катэджная, але і капітальная забудова райцэнтра, таму зялёная зона будзе як нельга дарэчы. 

Для адпачынку лунінчан актыўна выкарыстоўваецца бор каля ліцэя. На жаль, ён не мае пакуль статусу лесапаркавай зоны. Для гэтага трэба выканаць вялікі аб’ём папяровай работы, прайсці мноства ўзгадненняў, ды і фінансавыя выдаткі тармозяць справу. Але ж стараемся падтрымліваць гэтыя мясціны ў належным стане, зберагаць каштоўную спадчыну для будучых пакаленняў, якія, спадзяемся, не толькі па вартасці ацэняць нашы старанні, але і будуць прымнажаць зялёнае багацце нашага горада.



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть