Официально

КАБ НЕ ЗАСТАЦЦА САМ-НА-САМ З БЯДОЙ

Апошнім часам даводзіцца канстатаваць: колькасць надзвычайных сітуацый прыроднага характару павялічваецца. Не стаў выключэннем і наш раён. Варта толькі прыгадаць нядаўні смерч над Цной, які нарабіў нямала бяды вяскоўцам. Як высветлілася, гэта далёка не адзіны “капрыз” прыроды, якая ўзбунтавалася супраць чалавека. Намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей БЕСАН падзяліўся больш падрабязнай інфармацыяй на гэты конт:

– Катастроф і сапраўды становіцца ўсё больш. Па дадзеных афіцыйнай статыстыкі, за апошняе стагоддзе іх колькасць павялічылася амаль ў 20 разоў! Што становіцца прычынай прыродных анамалій? На думку вучоных, перш за ўсё, нястрымны рост чалавечай папуляцыі. Штогод насельніцтва планеты павялічваецца на 86 мільёнаў чалавек. Людзі вымушаны асвойваць новыя тэрыторыі, у тым ліку і мала прыгодныя для пражывання – схілы гор, поймы рэк, забалочаныя мясціны… Лагічным працягам гэтага становіцца актыўнае ўмяшальніцтва ў навакольнае асяроддзе. Толькі пры дыбычы карысных выкапняў чалавецтва перамяшчае больш як 100 мільярдаў тон горных парод. У выніку – павышэнне сейсмічнасці, апусканне тэрыторый, падтапленні, правалы… За пошняе дзесяцігоддзе прыродныя асяродак істотна дэградзіраваў. Мы здзіўляемся: чаму павялічылася колькасць павадкаў у Еўропе? І не задумваемся, што там вынішчана да 50 працэнтаў лясоў і асушана 70 працэнтаў балот. А гэта ж важнейшыя рэгулятары сцёку вады.

Нямала апошнім часам сказана і напісана аб глабальным пацяпленні і яго наступствах. Дастаткова прывесці толькі адзін прыклад. Нават пры неістотным павышэнні тэмпературы на паверхні мораў узмацняюцца трапічныя цыклоны, нараджаюцца тайфуны і ўраганы, расце сіла ветру, больш частымі становяцца ліўневыя дажджы. У выніку стыхійных бедстваў за мінулае стагоддзе загінулі больш як 8 мільёнаў чалавек. 

Сёлета на працягу месяца толькі ў нашым раёне зафіксаваны дзве надзвычайныя сітуацыі прыроднага характару – 13 і 23 чэрвеня. Моцны вецер са смерчамі зрываў дахі з дамоў, выварочваў дрэвы, абрываў лініі электраперадачы… Ад катаклізму пацярпелі больш як 100 збудаванняў. Урон склаў амаль 100 мільёнаў рублёў.

На дапамогу пацярпелым адразу прыйшлі выратавальнікі. Яны дапамагалі разбіраць завалы, ліквідавалі невялікія пашкоджанні. Амаль адразу да работы прыступілі электрыкі. Падача электрычнасці была адноўлена ў рэкордна кароткі тэрмін.

Што датычыць кампенсацыі ўрону, то да 2007 года камісія па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме заўсёды хадайнічала перад аблвыканкамам аб выдзяленні сродкаў на яго пакрыццё ў выпадку, калі страты складалі для фізічных асоб больш як 50 базавых велічынь, для юрыдычных – больш як 500 “мінімалак”. Аднак цяпер гэты парадак зменены. Зараз урон пакрываецца толькі за кошт страхавых выплат, за выключэннем аб’ектаў незавершанага будаўніцтва. Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17.05.2008 г. №699 “Аб выдзяленні сродкаў з рэспубліканскага бюджэту на фінансаванне расходаў, звязаных са стыхійнымі бедствамі, аварыямі і катастрофамі”, грошы даюцца толькі на правядзенне аварыйна-выратавальных і іншых неадкладных работ. Грамадзяне, а таксама юрыдычныя асобы, якія маюць права на абавязковае і добраахвотнае страхаванне (за выключэннем аб’ектаў незавершанага будаўніцтва), фінансавую дапамогу з рэспубліканскага бюджэту ці абласных фондаў не атрымліваюць.

На што могуць разлічваць грамадзяне, якія пацярпелі ад наступстваў стыхіі, папрасілі расказаць дырэктара прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Лунінецкім раёне Паўла НАСКОВІЧА:

– Для таго, каб засцерагчы сябе і ўласныя маёмасныя інтарэсы ад непажаданых наступстваў стыхіі, Белдзяржстрах прапаноўвае заключыць дагавор добраахвотнага страхавання. Застрахаваць можна жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы, дачныя домікі, гаражы, кватэры, падсобныя памяшканні, дамашнюю маёмасць. Узносы невялікія (у сярэднім ад 20 да 60 тысяч рублёў у год) і залежаць ад памеру страхавой сумы, якая вызначаецца па ўзгадненню бакоў, але не перабольшвае сапраўдны кошт прымаемай на страхаванне маёмасці. Прычым суму можна выплаціць як адразу, так і ў растэрміноўку. Дагавор страхавання можна заключыць у любым паштовым аддзяленні, на міжгародніх перагаворных пунктах ці ў аддзяленнях АСБ “Беларусбанк”. 

Многія грамадзяне лічаць, што дастаткова застрахаваць маёмасць у абавязковым парадку, і гэтага будзе дастаткова. Так думаць памылкова. Страхавая сума ў гэтым выпадку складзе толькі 50 працэнтаў ад агульнага кошту пабудовы. А значыць, у выпадку стыхійнага бедства будзе вернута толькі палова ўрону. Асобныя пабудовы, накшталт хлявоў, калодзежаў, склепаў, агароджы, увогуле не бяруцца пад увагу. Страты пры іх разбурэнні ці пашкоджанні не кампенсуюцца. Выйсце адно – застрахаваць маёмасць у добраахвотным парадку. 

У Цне ад наступстваў смерчу пацярпелі 12 прыватных гаспадарак. Урон кампенсаваны 10-ці. Але толькі пяцёра гаспадароў, якія паклапаціліся аб добраахвотнай страхоўцы, могуць разлічваць на поўную кампенсацыю ўрону. Варта сказаць, што ў цэлым па гэтай вёсцы страты выліліся ў 34,6 мільёна рублёў. Кампенсацыя склала 27,5 мільёна. З іх гаспадары адной з сядзіб, дзе поўнасцю ў добраахвотным парадку была застрахавана маёмасць атрымалі 19, 3 мільёна рублёў.

Дастаткова красамоўны і выпадак у Бастыні, дзе ад урагану сёлета пацярпелі 28 гаспадарак. Восем домаўладальнікаў увогуле не атрымаюць ні капейкі, бо не мелі ні абавязковага, ні добраахвотнага дагавора аб страхаванні. Кожны з нас управе выбіраць, як паклапаціцца аб бяспецы ў выпадку стыхіі. Белдзяржстрах дапаможа вам не застацца сам-на-сам з бядой.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть