Официально

КОЖНЫ ЎЧАСТАК МАЕ СВОЙ КОШТ

У нядзелю прафесійнае свята адзначаць работнікі землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы краіны, а разам з імі – невялікі калектыў замлеўпарадчыкаў Лунінеччыны. 
Як і летась, напярэдадні гэтай даты работы ў службы вельмі шмат: тады ўступаў у сілу новы Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі. Сёлета ж ажыўленне выклікала змена ў падпарадкаванні: з 17 сакавіка з абласнога служба зноў пераходзіць у раённае. Ды толькі гэта, на думку яе кіраўніка Сяргея Чарненкі ніякім чынам не адаб’ецца на прынцыпах работы.
– Усяго ў службе – 10 чалавек. Сем з іх маюць вышэйшую адукацыю. Спалучэнне практычнага вопыту, сучасных ведаў і маладосці дае неблагі плён і адначасова спрыяе стабільнасці ў рабоце. Сучасныя тэхнічныя сродкі дазваляюць не толькі паскорыць працэс падрыхтоўкі дакументацыі, але і мець пастаянна абноўленую базу дадзеных па зямельных надзелах. Нашы спецыялісты рэгулярна бываюць у вёсках, за кожным з іх замацавана па 2 сельсаветы.
У год роднай зямлі пэўную ўвагу надавалі навядзенню парадку: выяўлялі стыхійныя сметнікі, несанкцыянаваныя кар’еры, кантралявалі стан фермаў і мехдвароў у сельгасарганізацыях раёна, уводзілі ў севазвароты раней закінутыя ўрадлівыя землі. Было складзена 70 актаў аб рознага віду парушэннях зямельнага заканадаўства, яшчэ 45 прадпісанняў атрымалі забудоўшчыкі за нясвоечасовае асваенне ўчасткаў. Дарэчы, зараз прыпынена дзеянне Прэзідэнцкага Указа №87, згодна з якім жылы будынак на выдзеленым участку павінен быць здадзены ў эксплуатацыю не пазней трох год. Цяпер ад гаспадара патрабуецца толькі абавязковая рэгістрацыя ўчастка на працягу 2 месяцаў з моманту яго выдзялення і ў першы год прыступіць да асваення. Жадаючых палепшыць свае жыллёвыя ўмовы не меншае. Толькі ў горадзе на чарзе стаяць больш як 2 тысячы чалавек. Многія з іх не супраць будаваць індывідуальнае жыллё. Свабодных участкаў у раёне ёсць толькі 256. Падрыхтавана і зацверджана тэхнічная дакументацыя пад жыллёвае будаўніцтва ў раёнах “Паўднёвы-Захад” – 48 гектараў і “Пнішча” – 8,5 гектара. У стадыі распрацоўкі знаходзіцца дакументацыя на – “Баханова” і “Смаленскую”. 
У 2009-ым жыхары Лунінеччыны ўсвядомілі неабходнасць мець праваўстанаўліваючыя дакументы на зямельныя ўчасткі, якія знаходзяцца пры жылых памяшканнях. Зваротаў за імі было шмат. А вось дачнікі па-ранейшаму не спяшаюцца ўзаконіць свае садаводчыя таварыствы. На пачатак года адпаведныя дакументы атрымалі толькі 16 з 53-ох раней існаваўшых фарміраванняў. Калі грамадзянам можна афармляць дачныя ўчасткі да 2012 года, то тэрмін рэгістрацыі таварыстваў закончыўся летась. Між тым, многія грамадзяне паспелі замацаваць за сабой зямельныя надзелы па спрошчанай форме ў неіснуючых пакуль садаводчых таварыствах і перажываюць, ці не дарэмнымі былі іх старанні. Хачу запэўніць, як бы ні склалася становішча, участкі не прападуць. Хутчэй за ўсё іх далучаць да тых таварыстваў, што ёсць побач, а магчыма – будуць створаны новыя фарміраванні. 
Сёлета ўступілі ў дзеянне змяненні ў падатковае заканадаўства, згодна з якімі ўсе падаткі на зямлю будуць брацца, зыходзячы з яе кадастравага кошту. У кароткі тэрмін адпаведныя дакументы падрыхтавалі для ўсіх прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і жыхароў Лунінеччыны.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть