Официально

ЗАЦЯГНУЦЬ ПАЯСЫ…

хутчэй за ўсё давядзецца многім, калі ў бліжэйшы час спраўдзяцца чуткі аб магчымым павышэнні тарыфаў на камунальныя паслугі.
Пацвердзіць іх пакуль не ўдалося. Між тым, павелічэнне пенсій, дапамог на дзяцей і тарыфнай стаўкі першага разраду сведчыць аб тым, што ўсе падставы для змянення жыровак ёсць. Многія скажуць: ды куды ж яшчэ падымаць, і так значная доля заробку ідзе на аплату камунальных плацяжоў? Пакуль насельніцтва пакрывае толькі 30 працэнтаў ад сабекошту паслуг, сёлета запланавана гэтую лічбу давесці да 35. Цяжка давядзецца, калі гэта адбудзецца зімой.
Як паведамілі ў Лунінецкай ЖКГ, у снежні (улічваючы, што паўмесяца было адносна цёплае надвор’е) жыхарам аднапакаёвай кватэры па вуліцы Чырвоная, 163 давялося заплаціць 72 тысячы рублёў (з іх 35400 рублёў – за ацяпленне). За 2-пакаёвую ў доме №106 па той жа вуліцы жыроўкі ўзраслі да 101 тысячы (58000 рублёў – за ацяпленне), 3-пакаёвую – да 124 тысяч (73000 рублёў).
У залежнасці ад таго, колькі расходуецца гігакалорый на ацяпленне памяшкання, мяняецца і сума аплаты за 1 квадратны метр. Па горадзе гэты паказчык вагаецца ад 800 да 1100 рублёў. Што датычыць падагрэву вады, дык тут у выйгрышы тыя, у каго ўстаноўлены лічыльнікі. За адзін кубічны метр бярэцца 2690 рублёў. У каго прыборы ўліку не ўстаноўлены, вымушаны за аднаго пражываючага плаціць 11 тысяч рублёў.
Гаворачы аб праблемах, камунальнікі называюць пратэрмінаваную запазычанасць па плацяжах. Яна на 1 студзеня 2010 года склала 636 мільёнаў рублёў. З неплацельшчыкамі зараз не жартуюць. Штомесяц каля 1000 заказных пісьмаў з папярэджаннямі дасылаюцца ўладальнікам кватэр. За мінулы год ад падачы вады, электраэнергіі і цяпла былі адключаны 390 кватэр (з іх 163 – у Мікашэвічах). Да таго ж, па рашэнню суда двое жыхароў Мікашэвіч пазбавіліся кватэр. Такая ж працэдура чакала і лунінчаніна, але ён паспеў да суда пагасіць запазычанасць. Жорсткія меры ў адносінах неплацельшчыкаў працягваюцца, і ўжо сёння пад пагрозай высялення знаходзяцца яшчэ двое жыхароў Лунінца.
А вы гатовы плаціць па разліках?
Алена ДАНІЛОВІЧ.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть